Мара жанчыны – гэта…

№ 10 (878) 07.03.2009 - 13.03.2009 г

Нават на самай адказнай, цяжкай працы жанчыны не дазваляюць сабе забыцца на прыгажосць, чуласць, каханне. Гэтую думку пацвердзілі прадстаўніцы розных прафесій, якія сабраліся ў прэс-цэнтры Дома прэсы за “круглым сталом” “Мара жанчыны — быць жанчынай мары”.

Вёў сустрэчу першы намеснік старшыні Беларускага саюза журналістаў, паэт Рыгор Сакалоўскі. Дамам ён паднёс букеты вясновых кветак, а кожнае выступленне падсумоўваў адпаведным вершам.

Пад час “круглага стала” шмат гаварылася пра рысы сучаснай беларускі, якія дапамагаюць ёй і кар’еру зрабіць, і стаць сапраўднай ахоўніцай хатняга агменю.

Прыкладам, суддзя Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь Рыма Філіпчык распавяла аб неабходных для справядлівага правасуддзя… чуласці і дабрыні, — пачуццях, у большай ступені ўласцівых жанчыне. Старшыня пастаяннай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны па працы, сацыяльнай абароне, справах ветэранаў і інвалідаў Ганна Лаўрукевіч разважала аб вобразе сучаснай дзелавой жанчыны — рашучай, смелай, прыгожай, якая зможа стаць прыкладам і для мужчын.

— Я не згодная з выказваннем, што жанчына — слабы пол, — зазначыла мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага Заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі” Валянціна Гаявая. — Прынамсі, у харэаграфічным мастацтве мужчыне цяжэй даецца перамагчы боль, ды і самалюбства ў яго больш адчувальна закранаецца. Беручыся за новы нумар, я спачатку рэпецірую з мужчынскім саставам, паколькі ім некаторыя рэчы даюцца складаней. Але я ведаю, што на сцэне кожны з танцоўшчыкаў стане сапраўднай апорай для партнёркі і выратуе яе ў самых непрадказальных сітуацыях.

Рэжысёр-пастаноўшчык Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Маргарыта Касымава засяродзіла ўвагу прысутных на тым, што ў гэтай індустрыі шмат жаночых імёнаў. Святлана Дружыніна, Таццяна Ліознава, Ала Сурыкава, Ларыса Шапіцька дапамаглі савецкаму кінематографу зрабіць вялікі крок наперад. Рэжысёр згадала і імёны сваіх беларускіх калег, сярод якіх — выдатны аніматар і рэжысёр мастацкага кіно Алена Турава, прызёр шматлікіх міжнародных фестываляў, мультыплікатар Ірына Кадзюкова.

— Я паўстагоддзя ўкінематографе і магу з упэўненасцю сказаць: каб прадстаўніцы прыгожага полу даказаць у прафесіі сваю роўнасць з мужчынам, ад яе патрабуецца толькі адно — працаваць! — падсумавала выказанае на пасяджэнні Маргарыта Наімаўна. — Рашучая, упэўненая ў сабе прыгажуня можа любыя вяршыні скарыць. Толькі крый Божа забыцца на простую ісціну: жанчына без мужчыны, як і наадварот, існаваць не можа!

Н.П.