Месца, дзе мала хто з нас бываў

№ 9 (877) 28.02.2009 - 06.03.2009 г

На афішы нашага Вялікага тэатра бачу назву балета “Вясна свяшчэнная” Ігара Стравінскага. Узгадваю таксама “Жар-птушку” — яшчэ адзін пастаўлены на беларускай сцэне балет І.Стравінскага, звязаны з іменем геніяльнага “прадзюсера” пачатку ХХ стагоддзя С.Дзягілева, які пайшоў з жыцця 80 гадоў таму, а дзень яго нараджэння выпадае на не так ужо і далёкае 31 сакавіка. На памяць прыходзіць і “Вяселейка”, нядаўна сцэнічна ўвасобленае ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. А следам — узгадаў Венецыю. Так, уражвалі там і пляц Сан-Марка, і Палац дожаў, і мост Рыальта. Але потым замест шныпарання па крамках з сувенірамі ці поўгадзіннага катання на гандоле за 20 еўра абраў іншую мэту…

Некалькі гадоў таму ў “К” быў змешчаны мой матэрыял пра “Канцэрт для голасу з саксафонам”. Гаворка ішла пра выступленне народнага артыста Расіі Міхаіла Казакова. Монаспектакль даўнішняга сябра цалкам складаўся з вершаў Іосіфа Бродскага і завяршаўся радкамі:
Ни страны, ни погоста
не хочу выбирать.
На Васильевский остров
я приду умирать…
І далей з надрукаванага: “Хаця абодва піцерцы, і такімі лічылі сябе, нават калі горад называўся Ленінградам, не лёс ім легчы там: Іосіф ужо спіць у Венецыі, побач з Дзягілевым і Стравінскім — тры вялікія расіяне-выгнаннікі”. Знаныя, паважаныя людзі, шмат пра тых творцаў ведаю: бачыў, слухаў, чытаў. Наведаць месца іх вечнага спакою стала мэтай.
У жніўні, пад час здымак фільма “Каралеўская раць” — трагедыі і таямніцы”, ужо
 /i/content/pi/cult/197/2221/Mesca1.jpg

Венецыя на заходзе сонца.

ведаючы, што ў верасні наведаю Венецыю, запытаўся ў Мішы, ці быў той на магіле свайго куміра Бродскага.
— Вядома ж, быў. Да выспы Сан-Мікеле кацярком хвілін пяцьдзесят.
— Могілкі вялікія — як жа знайсці гэтыя тры пахаванні?
— Там указальнікі паўсюль...

* * *
Кацярок быў перапоўнены турыстамі: нават стаялі шчыльна, “у прыцірку”, руку з біноклем не ўзняць. “Няўжо, думаю, усіх так вабяць унікальныя могілкі (“цэментарэ” па-італьянску; параўнайце з польскім “цментаж”)? Перад чыімі камянямі, цікава, яны хочуць схіліць галовы?”
Не, на прыстані Сан-Мікеле мы з жонкай выйшлі толькі ўдваіх: астатнія, аказалася, рушылі далей, да выспы Мурана — там майстэрні славутага венецыянскага шкла і, вядома ж, яго продаж па больш таннай цане.
Муры “цэментарэ” паўтараюць берагавую лінію выспы і сыходзяць проста ў ваду. За брамай — капліца, калумбарый. А далей — незлічоныя пахаванні, падзеленыя сценамі на “секцыі”. Людзі! Чаму на нашых могілках — спрэс, на сталічных і вясковых! — агароджы з металу, часцяком запушчаныя, нефарбаваныя, ужо ржавыя? Баімся, каб сусед не “адрэзаў” децыметр зямлі?
На Сан-Мікеле ўсё праглядваецца, аніякіх агароджаў, рупліва прыбрана, уладкавана, дагледжана, шмат раслін, дрэў, кветак — дзе-нідзе свежых. Не абавязкова выбірацца, прыязджаць, каб ускласці іх, — дастаткова рэгулярна аплачваць паслугу.
Пахрустваюць пад нагамі дробныя ракавінкі, якімі прысыпаны алеі і сцяжынкі. Ад спякоты і стомленасці ратуюць лавачкі ў цені міртаў, фантанчыкі з халоднай вадой. Вось тут пахаваны вайскоўцы, тут — лётчыкі марской авіяцыі, што загінулі ў Другую сусветную (ваявалі, канешне ж, на баку фашыстаў), тут — святары, тут — ганаровыя людзі горада. У багацеяў і старадаўніх родаў — радзінныя склепы з іконамі, статуямі, каштоўнымі вазамі і падсвечнікамі. Чысціня, цішыня, вечны спакой…
Паддаўшыся мінорнаму настрою, на ўказальнікі ўвагі не звярталі і трапілі ў самую аддаленую частку могілак — заблукалі. І спахапіліся: а дзе ж тыя пахаванні, дзеля якіх прыехалі?
Напаўаголеныя рабочыя аднаўлялі нейкую сцяну. Без усялякае надзеі запыталі іх на “чыстым італьянскім”:— Дзягілеў, Стравінскі?
Калі ўзгадаеце эпізод італьянскага фільма, калі некалькі чалавек адначасова нешта імкнуцца ўцяміць, дык так было й у нас. Рабацягі ахвотна кінулі пэцкаць сцяну цэментам, пачалі разам гаманіць, тлумачыць, адзін узяў мой блакнот і ўпэўнена намаляваў маршрут.

* * *
Паспешліва, амаль бегма — бо нельга было спазняцца з вяртаннем да тургрупы, — рушылі мы па ўказаных стрэлках.
Патрэбны нам сектар называўся “Greco”: месца супакаення праваслаўных. Крыжы, надмагіллі выгнаннікаў і эмігрантаў са знаёмымі расійскімі прозвішчамі: графы, князі, саноўнікі; генерал і ў тым жа радзе тайны дарадца — з беларускім прозвішчам Стасевіч — родзічы, пэўна. Род Стравінскіх, сцвярджаюць музыказнаўцы, таксама паходзіць з Беларусі.
 /i/content/pi/cult/197/2221/Mesca4.jpg
 Надмагіллe Ігара і Веры Стравінскіх
Справа ад асноўнай алеі, пад сцяной, — дзве сціплыя пліты — і лаканічна: “Ігар Стравінскі”, “Вера Стравінская”. Колькі пыхі на некаторых нашых пахаваннях: “заслужаны дзеяч”, “народны артыст”, “выдатны пісьменнік”, “знакаміты палітычны і грамадскі дзеяч”, “прафесар, доктар медыцынскіх навук”, “генерал-маёр”, “ганаровы грамадзянін горада”, “сябра Саюза”. А тут — адно імя і прозвішча, нават дат жыцця няма. Лампадкі, кветкі, каменьчыкі на плітах — як сведчанне паклону наведвальнікаў.
“Рускі кампазітар, які пастаянна пражывае ў ЗША” — так характарызавала яго яшчэ пры жыцці польская музычная энцыклапедыя. Сын опернага баса Марыінскага тэатра, ён вучыўся кампазіцыі ў М.Рымскага-Корсакава. Пасля праслухоўвання яго першага ж твора “Феерверкі” вялікі імпрэсарыо Дзягілеў заказаў яму балет “Жар-птушка”, аглушальны поспех якога зрабіў Стравінскага самым модным кампазітарам. Затым для славутых дзягілеўскіх “парыжскіх сезонаў” былі напісаны балеты “Пятрушка”, “Вясна свяшчэнная”.
У кастрычніку 1962-га, у “хрушчоўскую адлігу”, на 81-м годзе жыцця, Ігар Фёдаравіч урэшце прыехаў на радзіму.
Дзяржаўны сімфанічны аркестр СССР па ўзгадненні з кампазітарам падрыхтаваў вялікую праграму яго твораў. Балетнай музыкай “Вясна свяшчэнная” дырыжыраваў Роберт Краф, а балетамі “Арфей”, “Пятрушка”, элегічнай песняй “Ода” і “Феерверкамі” — сам аўтар.
Пэўна, сустрэча з радзімай дала немаладому кампазітару сілы “адмахаць палачкай” такую вялікую праграму. А напрыканцы, пасля кошыкаў кветак і бясконцых апладысментаў, ён ізноў стаў за дырыжорскі пульт і паказаў сваю апрацоўку рускай народнай песні “Эй, ухнем!”.
Пасля сцішыў апладысменты і сказаў:
— Вы не можаце сабе ўявіць, які я сёння шчаслівы!..
Цэнтральнае тэлебачанне СССР, на радасць, трансліравала той гістарычны маскоўскі канцэрт. Але не было тады яшчэ відэазапісу — і паказ гэты стаўся, на жаль, аднаразовым.
Аднак тэлегледачы вялікай краіны ўбачылі чалавека-легенду, які ў дзяцінстве стаяў ля труны Чайкоўскага, — вось яна, шэкспіраўская “повязь часоў”!

* * *
А па другі бок ад каплічкі, таксама ля сцяны, — вычварная пабудовачка: капліца — не капліца, званіца — не званіца. Золатам надпіс на лацінцы: “Сяргей Дзягілеў”. Кветкі, лампадкі і… балетныя пуанты. Каменьчыкамі прыціснутыя запіскі на аркушыках. На крайнюю міжволі падае позірк: “Ты адкрыў нам свет…” Але: не нам адрасавана — не нам і чытаць.У мемуарах скардзіўся на яго вялікі балетмайстар-паплечнік Міхаіл Фокін: маўляў, ён, Фокін, ставіў балеты, а ўсюды ў свеце гэта лічыцца пастаноўкамі Дзягілева.
 /i/content/pi/cult/197/2221/Mesca2.jpg

 Надмагіллe Сяргея Дзягілева


Што ж, гэта асабіста Сяргей Паўлавіч прыдумаў незвычайны сінтэз пластыкі, музыкі і сцэнаграфіі, і ўсё — найвышэйшай якасці! Менавіта ён стварыў мастацкае аб’яднанне “Свет мастацтва”, згуртаваў вакол сябе, як цяпер кажуць, “каманду” вялікіх талентаў-“мирискусников”, натхніў, даў ім свабоду творчасці, зрабіў сусветна вядомымі іх імёны. Гэта кампазітары І.Стравінскі, М.Равэль, Д.Мійё, С.Пракоф’еў, К.Дэбюсі; мастакі П.Пікаса, А.Маціс, А.Бенуа, балетмайстры і танцоры В.Ніжынскі, М.Фокін, Д.Баланчын, С.Ліфар, Л.Мясін, Т.Карсавіна. Гэта ён, Дзягілеў, стварыў расійскі балет, лепшы ў свеце, што наватарствам і экспрэсіяй літаральна ўзарваў Парыж, які, як кажуць, “усё бачыў”, аб чым нават па сканчэнні паўстагоддзя спявалі: “…а также в области балета мы впереди Европы всей”. Падмурак гэтаму заклаў Сяргей Дзягілеў.

* * *
Але сярод надмагілляў з рускімі, беларускімі і грэчаскімі прозвішчамі не было Бродскага.Рабочых паблізу не аказалася, і толькі цяпер дадумаліся мы па даведку звярнуцца ў адміністрацыю. Ужо амаль бегма кінуліся да офіса ля выхаду. І там ахвотна прапанавалі друкаваны план Сан-Мікелеўскіх могілак. На схеме азначаны ўсяго чатыры-пяць прозвішчаў паважаных італьянцаў: сярод іх на слыху было адно “Ферары”. Але затое прозвішчамі са стрэлкамі былі азначаны ўсе тры нашыя “фігуранты”, — якая павага! Значыць, толькі імі і цікавяцца наведвальнікі.Бродскі, аказалася, быў пахаваны літаральна за сцяной ад Дзягілева і Стравінскага, у сектары “Evangel”.Вертыкальная пліта, што нагадвае старыя габрэйскія пахаванні ў нашых Ракаве, Лагойску, Сапоцкіне; высечана адно імя-прозвішча, па-руску і лацінкаю, і даты жыцця. Аніякага “нобелеўскага лаўрэацтва” — такая сціпласць.
Шмат свежых кветак у гаршочках, металічная скрынка з вісячым замочкам: мо там старонкі Торы, мо ўсяго якія прылады для дагляду за магілай.Дзіўна: Стравінскі нарадзіўся ў Араніёнбауме, памёр у Нью-Йорку; Бродскі нарадзіўся ў Ленінградзе, памёр у Нью-Йорку; адзін Дзягілеў, які з’явіўся на свет у Ноўгарадскай губерні, памёр у Венецыі, — але апошні прытулак усе трое знайшлі на Сан-Мікеле. Чаму тут?
Запавет такі іхні быў, воля нашчадкаў ці выпадковасць?

* * *
Калі невялікаму гурту вёў я расповед пра наведванне Сан-Мікеле, нехта з нашых экскурсантаў запытаў:
— А хто такія Дзягілеў, Стравінскі, Бродскі?
“Калі не ведаеце гэтага, дык што вам тлумачыць!”, — кінула рэпліку адна дама.
Потым я ўсё ж для цікаўных расказаў пра гэтых трох. Мо хто з турыстаў у наступнае наведванне Венецыі не адразу кінецца за танным каляровым шклом на выспу Мурана, у гандолу, а то па крамках з сувенірнай драбязой, а найперш ажыццявіць мару, якая і для некага з іх, магчыма, станецца ўжо неадвязнай — і тым натоліць душу.

Уладзімір АРЛОЎ,
кінарэжысёр

Фота аўтара