Надзея і... вясна доктара Путырскага

№ 9 (877) 28.02.2009 - 06.03.2009 г

Імя галоўнага мамолага Міністэрства аховы здароўя, кіраўніка Рэспубліканскага мамалагічнага цэнтра Леаніда ПУТЫРСКАГА добра вядомае ў медыцынскім свеце. Член-карэспандэнт Акадэміі медыцынскіх навук Беларусі, акадэмік Беларускай інжынернай Акадэміі з’яўляецца аўтарам шматлікіх патэнтаў і навуковых распрацовак. Доктар медыцынскіх навук, прафесар правёў не адну сотню ўдалых аперацый, выратоўваючы жыцці жанчын Беларусі і замежжа. Пры такім высокім навуковым прафесійным тэмпе на сон застаецца, прызнаецца Леанід Аляксеевіч, усяго гадзін пяць.

 /i/content/pi/cult/197/2213/Subsustr.jpg
Але доктар усё ж знаходзіць хвіліны для заспакаення — і тады на паперу льюцца паэтычныя радкі. Свет пабачылі ўжо сем зборнікаў за яго аўтарствам! А ў лютым прыхільнікі паэта “ў белым халаце” наведалі канцэрт у Малой зале Белдзяржфілармоніі, дзе выконваліся песні і рамансы на вершы Леаніда Путыр
скага. 

Мастацтва
дапамагае
Леанід Аляксеевіч, напісанне вершаў стала для вас дадатковай прафесіяй ці ўсё ж душэўным адпачынкам пасля напружанага дня?

— Я не магу назваць вершаскладанне прафесійным заняткам, бо не зарабляю гэтым грошай. Для мяне паэзія складаецца з дзвюх раўназначных палавінак. З аднаго боку, лірыка дапамагае мне знайсці ўнутраную раўнавагу, каб мець сілу перажыць душэўны і цялесны боль пацыентаў. Нават прапрацаваўшы ўсё жыццё ў анкалогіі, становіцца вельмі цяжка, калі перад табой паўстае 25-гадовая прыгажуня, мама маленькіх дзетак… з недабраякаснай пухлінай малочнай залозы ў цяжкай стадыі. Ты глядзіш ёй у вочы, і патрэбна знайсці неабходныя словы, каб даць ёй надзею, паспрабаваць дапамагчы выйсці з небяспечнага становішча. Ці пад час бяссоннай ночы зноў пракручваеш у галаве апошнюю складаную аперацыю: ці ўсё зрабіў добра, ці пазбегнем цяжкіх наступстваў, ці атрымаецца перамагчы страшны дыягназ… Думкі не даюць адпачыць, і тады менавіта вершы дапамагаюць атрымаць пэўнае заспакаенне.

З другога боку, паэтычныя радкі часам дапамагаюць людзям выправіць складаную жыццёвую сітуацыю. Прыкладам, ёсць у мяне нізка, прысвечаная размовам з сынам. Адна жанчына дала яе пачытаць свайму сыну, які дагэтуль прападаў у Інтэрнеце і не звяртаў на яе ўвагі. Пасля гэтага ўпершыню за доўгія гады хлопец адкрыў маці сваю душу. Некаторыя прыходзілі падзякаваць за вернутую вясну ў адносінах з мужам.

Чытачы зазначаюць, што мае вершы сугучныя з іх думкамі. Так, Валерый Анісенка мне прызнаўся, што калі кампазітар Валянціна Сярых папрасіла яго прачытаць мае вершы на творчым вечары, ён з ветлівасці пагадзіўся, але, узяўшы зборнічак у рукі, непрыкметна для сабе зачытаўся, бо многія з твораў адпавядалі яго душэўнаму настрою.

Але больш за ўсё радуюся, калі паэзія дапамагае маім пацыенткам пераадолець анкалогію. Разумееце, удалая аперацыя — гэта толькі палова справы, далей жанчына павінна знайсці ў сабе сілы дапамагчы арганізму адолець захворванне. Заўважыў: калі пацыенткі паглыбляюцца ў мастацтва, у іх становіцца лягчэй на сэрцы, яны пераключаюцца на станоўчыя эмоцыі, забываюць на пэўны час аб хваробе. Тады арганізм міжволі ўключае свае ахоўныя механізмы і пачынае больш плённа змагацца.

Дарэчы, некаторыя былыя пацыенткі пасля маіх вершаў знаходзяць сваю паэтычную музу. Творчыя спробы адной з іх, апрацаваныя мною з яе дазволу, увайшлі ў мой зборнік. А адзін яе верш, аб’яднаны з маім, лёг у аснову песні “Шчасця толькі імгненне”.

— Зрэшты, якім чынам ваша паэзія ператварылася ў рамансы і песні?

— Шчыра кажучы, я ніколі не думаў нават друкаваць свае вершы, не ўяўляючы, што мае радкі могуць легчы на музыку. Таму вельмі здзівіўся тэлефоннаму званку Алега Елісеенкава. Да яго выпадкова патрапіў мой зборнічак, які натхніў на складанне музыкі. Потым жыццё звяло з Валянцінай Сярых, асобай вельмі дзейснай: яна не толькі сама напісала некалькі песень на мае вершы, але прапанавала зборнікі іншым кампазітарам. Сёння рамансы на мае вершы ў розных куточках краіны выконвае на сольных канцэртах Валерый Карэтнікаў, песні іншых кампазітараў часта гучаць на радыё і тэлебачанні, а кампазіцыя Алены Атрашкевіч “Я не буду...” нават заняла першае месца на Міжнародным конкурсе ў Турцыі, пасля чаго нам прапанавалі запісаць яе ў канцэртнай зале імя Чайкоўскага ў Маскве. Ганаруся, што некалькі песень закупіла Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і кампазіцыю для дзіцячага хору з аркестрам.

Паступова песень станавілася ўсё больш, і пазалетась з’явілася ідэя з’яднаць іх у творчым вечары. Першы прайшоў у зале Беларускага саюза кампазітараў у такой цёплай атмасферы, што мы вырашылі не спыняцца на дасягнутым і прадоўжыць падобныя музычныя сустрэчы. А напрыканцы мінулага года выйшаў зборнік пад рэдакцыяй дацэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Ларысы Мурашка, куды ўпершыню ўвайшлі клавіры беларускіх кампазітараў да маіх вершаў. Па сутнасці, лютаўская вечарына ў Белдзяржфілармоніі стала своеасаблівай прэзентацыяй гэтай кнігі.

А супрацоўніцтва з Алегам Елісеенкавым паступова перарасло ў сапраўднае сяброўства, якое доўжыцца і да гэтага часу. Разам мы правялі нямала творчых сустрэч па ўсёй краіне. Мне грэе сэрца, што на прафілактычныя лекторыі, падмацаваныя вершамі і песнямі, у палацыі дамы культуры райцэнтраў прыязджаюць людзі з усяго раёна.


Першы баян і танцы
— Калі вы заўважылі ў сабе Прагу да творчасці?

— У маім характары — усялякай справе аддавацца на поўную моц. Да прыкладу, у школе я быў, як кажуць, круглым выдатнікам. У кожным з відаў спорту, якімі займаўся ў дзяцінстве, ставіў перад сабой высокую планку і ўпарта ішоў да яе. Прыкладам, стаў чэмпіёнам рэспублікі па хакеі сярод школьнікаў. А дома мяне апанавала музыка: маці чароўна спявала (пад час вайны яе нават запрашалі ў Дзяржаўны ансамбль песні, каб выступаць на франтах), бацька граў на гармоніку. Тады я вырашыў абавязкова авалодаць бацькавым інструментам. На слых падбіраў ноты і за год самастойна вывучыўся граць. Бацька ацаніў мае старанні і ў якасці ўзнагароды набыў для мяне баян.

Першыя творчыя перамогі вельмі дапамаглі мне ў студэнцкія гады. Выпраўляючыся ў будатрад, абавязкова рыхтаваў нумары мастацкай самадзейнасці. Часам займаў амаль палову канцэрта: чытаў вершы, спяваў пад свой жа акампанемент, танчыў.

Зрэшты, з танцамі ў мяне выйшла дзіўная гісторыя. Я не ўмеў вальсіраваць, а без гэтага няма чаго было рабіць на танцавальных вечарынах. Запісаўся ў гурток, ды так мяне зацягнула, што хутка стаў саліраваць у народным ансамблі танца “Радуга” пад кіраўніцтвам Віктара і Дзіны Ямінскіх Палаца культуры прафсаюзаў. Ды з такім імпэтам займаўся харэаграфіяй, што пачаў выконваць такія па, якія ніхто не мог паўтарыць. За дваццаць гадоў з “Радугой” аб’ехаў увесь Савецкі Саюз, пабываў за мяжой, нават у такіх экзатычных краінах, як Нікарагуа. Быў дыпламантам рэспубліканскіх, усесаюзных конкурсаў, у складзе ансамбля стаў лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола Беларусі. Маё шчасце, што я навучыўся танчыць: менавіта ў “Радуге” я пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, з якой колькі дзесяцігоддзяў поплеч іду па жыцці.

— Наколькі патрэбна медыку такая напружаная творчая дзейнасць?

— Упэўнены: менавіта праз такую актыўную фізічную дзейнасць, як харэаграфія, можна скінуць напружанасць і негатыў складанай працы хірурга-практыка. Да таго ж, мастацкая самадзейнасць дапамагае не толькі развіць пачуцці, навыкі, здольнасці, але і са школьных гадоў вучыць па хвілінах планаваць свой дзень, дакладна размяркоўваць сілы. Гэтую залатую ісціну я імкнуўся перадаць маладым супрацоўнікам, студэнтам, пастараўся закласці яе разуменне ў душы сваіх дзяцей.


А яшчэ — кіно!
— У выніку дзеці абралі прафесіі, у якіх, па сутнасці, “прадоўжылі” абедзве вашыя іпастасі...

— Так. Сын Юрый прадоўжыў дынастыю медыкаў, стаўшы мамолагам. Зараз ён займаецца лячэбнай практыкай разам са мной у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.Аляксандрава. А дачка пайшла ў творчым накірунку. Спачатку яна абрала спецыяльнасць мовазнаўцы ў БДУ, але прага да спеваў расставіла ўсё на свае месцы: сёння Таццяна — даволі вядомая спявачка ў Шанхаі, дзе жыве разам з мужам. Дарэчы, яе яркія артыстычныя здольнасці прыкмецілі і кінавытворцы: Таня знялася ў эпізодзе амерыканскага блокбастэра “Мумія-3”, а нядаўна сыграла ролю другога плана ў фільме нямецкай кінастудыі. Калі ж дачка прыязджае на Беларусь, то з задавальненнем выступае на маіх прэзентацыях. Адна з яе англамоўных песень нават трапіла ў ратацыю айчынных FM-станцый.

— Вы і самі даўно займаецеся, так бы мовіць, кінатворчасцю...

— Шмат гадоў таму я ўпершыню прапанаваў зняць навукова-дакументальны фільм аб прафілактыцы раку малочнай залозы. З той стужкай нямала паездзіў па краіне. Потым у мяне ўзнікла ідэя стварыць яшчэ адну тэматычную карціну — ужо на аснове жыццёвых гісторый пра тое, да чаго можа прывесці абыякавасць да праблемы здароўя грудзей. Наталля Шаруба з Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” напісала сцэнарый. Так нарадзіўся фільм “Надзея”. Пад час яго прэзентацыі выступала актрыса Вера Палякова, гучалі песні на мае вершы і мая ж паэзія. Міністр аховы здароўя зазначыў, што меркаваў пабачыць звычайную медыцынскую лекцыю, а сутыкнуўся з унікальным спалучэннем культуры і медыцыны.

Атрымалася моцная па энергетыцы і рэзанансе акцыя. Спадзяюся, з падобнымі сустрэчамі ўдасца праехаць па райцэнтрах. Фільм і ўдакладняючая размова дапамагаюць жанчынам усвядоміць неабходнасць сачыць за сваім здароўем, каб своечасова заўважыць хваробу, якую, як вядома, на пачатковай стадыі больш шансаў вылечыць. А вершы і песні робяць так, каб нашы прыгажуні выходзілі з залы не падаўленыя страшным словам “рак”, а ўзнёслыя, ўпэўненыя ў сабе. Гэтае мастацтва, паўтаруся, дапамагае ўключыць ахоўныя механізмы цела.

Настасся ПАНКРАТАВА