“Мінскі джаз” для ўсёй рэспублікі

№ 9 (877) 28.02.2009 - 06.03.2009 г

ХХ Міжнародны музычны праект “Мінскі джаз-2009” выклікаў, як заўсёды, сапраўдны ажыятаж. Усе тры дні зала клуба імя Дзяржынскага была не проста паўнюткай — у ёй яблыку не было дзе ўпасці. Прычым у зале былі людзі самых розных узростаў: ад 60 — 70-гадовых “ветэранаў джаза”, якія пратоптвалі джазавыя сцяжынкі ў 1950 — 60-я, да дзятвы, што прыйшла з бацькамі.

 /i/content/pi/cult/197/2210/Jazz.jpg
Сярод наведвальнікаў канцэртаў былі і VIP-асобы, якія, пры ўсёй шчыльнасці свайго графіка, знайшлі час, каб разам з іншымі адзначыць 70-годдзе беларускага джаза.

Генадзь ДАВЫДЗЬКА, заслужаны артыст Беларусі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

— Сказаць, што я проста люблю джаз, будзе занадта мала. Мае словы прызнання — усім тым творцам, хто працягвае і развівае гэтае мастацтва на Беларусі. Так, я люблю творчасць і арганізацыйныя здольнасці маэстра Міхаіла Фінберга, які не стамляецца з зайздроснай перыядычнасцю ладзіць гэты фестываль, штораз знаходзячы для яго ўсё новыя “разыначкі”. Дзейнасць Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі, якім ён кіруе, — сапраўдны падарунак для нашай краіны. І кожны канцэрт калектыву — гэта, на мой погляд, ні з чым не параўнальная асалода.

Не абмежаваўшыся гэтым выказваннем, мы звярнуліся да выкладчыкаў, што прыходзілі на канцэрты разам са сваімі студэнтамі.

Уладзімір ФЕЛЬГІН, загадчык аддзялення эстрады Мінскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя М.І.Глінкі, старшы выкладчык Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў:

— На гэтым фестывалі пабывалі ўсе навучэнцы і студэнты аддзяленняў эстрады — і музычнага вучылішча, і Універсітэта культуры. Больш за тое, гэтыя канцэрты атрымліваюць у нашых класах працяг: мы абмяркоўваем іх, вучымся на прыкладзе нашых і замежных майстроў. Наведванне такога шыкоўнага музычнага праекта настройвае нашу моладзь на ўласную творчасць, садзейнічае далейшаму засваенню ведаў, самаўдасканаленню. Нарэшце, кожнае выступленне знакамітага фінбергаўскага аркестра прывівае любоў да мастацтва.

Такіх канцэртаў трэба наладжваць больш! Бо яны радуюць бліскучым выкананнем класічных джазавых твораў, цудоўным гучаннем аркестра, майстэрствам салістаў. Захапленне выклікае дырыжорская праца Міхаіла Фінберга, які ўзнімае такія складаныя партытуры! Адзначу таксама, наколькі на гэтых фестывалях заўсёды лагічна і цікава складзены праграмы. Сёлетняя канцэртная трыяда была прысвечана 70-годдзю беларускага джаза, і ўсіх прысутных кранула не толькі ўласна музыка,але і прамова Міхаіла Якаўлевіча, які з цеплынёй і ўдзячнасцю ўзгадаў тых, хто закладаў традыцыі гэтага мастацтва ў нас.

Ці многа вы ведаеце сталічных падзей, на якія з’язджаюцца зацікаўленыя творцы з усёй рэспублікі? А, між тым, для “Мінскага джаза” — гэта ўжо трывалая рэальнасць, а не выключэнне з правілаў.

Раіса ЛЕВІНА, дэкан факультэта мастацтваў Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, дацэнт, мастацкі кіраўнік эстраднага аркестра “Капрыз”:

— Студэнты-эстраднікі нашай установы прыязджаюць на канцэрты “Мінскага джаза” штогод. Таму мы можам канстатаваць, як узрастае ўзровень фестывалю, усё вышэй узнімаецца планка майстэрства музыкантаў Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі, дзе літаральна ўсе — салісты. Увогуле, гэта папраўдзе бліскучы калектыў!


Аляксей СВЕЦІЧ

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА