ВЯСЕЛЛЮ БЫЦЬ!

№ 9 (877) 28.02.2009 - 06.03.2009 г

20 лютага на сцэне Купалаўскага тэатра адбылася прэм’ера спектакля “Вяселле” А.Чэхава. Гэта — сумесны беларуска-расійскі праект, ажыццёўлены Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы, Міжнароднай канфедэрацыяй тэатральных саюзаў, Міжнародным тэатральным фестывалем імя А.Чэхава пры падтрымцы Урада Расійскай Федэрацыі, Міністэрства культуры Рэспублікі Белар сь, Урада Масквы. Прымеркаваная да 150-годдзя з дня нараджэння расійскага класіка, якое будзе адзначацца ў 2010 годзе, гэтая пастаноўка ўжо ўключана ў праграму Чэхаўскага фестывалю. З беларускімі акцёрамі-купалаўцамі працавала маскоўская пастановачная група. У яе склад увайшлі мастак Максім Абрэзкаў, харэограф Алена Багдановіч, мастакі па касцюмах Наталля Жолабава і Сяргей Агафонаў, а таксама рэжысёр Уладзімір Панкоў. Яны прапанавалі айчыннаму гледачу тэатральнае дзейства пад назвай soundrama, дзе аўтарскі тэкст разглядаецца як нагода для ўласных постмадэрнісцкіх музычна-імправізацыйных вышукаў. Пра гэта і не толькі разважаюць тэатральны крытык Таццяна КОМАНАВА і музыказнаўца Надзея БУНЦЭВІЧ.

Т.К.: — “Вяселле” — наглядны ўзор пастаноўкі, створанай у стылістыцы постмадэрнізму. Пра гэты накірунак сучаснага мастацтва можна гаварыць шмат, але ж відавочнай з першага позірку ягонай адрознасцю ад іншых творчых плыняў, больш “стройных” з жанравага пункта гледжання і больш традыцыйных, прынамсі, для беларускага тэатра, з’яўляецца арыентацыя на разбурэнне ўстойлівых форм і свабодную кампіляцыю самых розных элементаў сцэнічнага дзейства. Маўляў, любы, нават “класічна-акадэмічны” твор не мусіць песціцца ў самакаштоўнасці, а павінен станавіцца рабочым матэрыялам для новых і новых пошукаў. Вось толькі ў падыходзе рэжысёра да “Вяселля” як да канструктара-трансформера мне асабіста было надзвычай шкада сакавітага і трапнага аўтарскага слова, той пругкасці тэксту, ігнараванне чаго разбурыла і саму чэхаўскую атмасферу (па якой з пэўнай доляй з’едлівасці бедавалі персанажы спектакля). На змену ёй прыйшлі абстрактна-уніфікаваныя “пазлы”: сталы і зэдлікі, што сталі ўжо неад’емнай прыкметай-штампам ці не любога тэатральнага “авангарда”. Побач — растыражаванае “памнажэнне” герояў, гульня ў майстэрства музычнай імправізацыі на тэму Чэхава… Так хацелася ўбачыць на сцэне задэклараванае прэс-рэлізам “спалучэнне асаблівасцей дзвюх нацыянальных і тэатральных традыцый”, але ж пастаноўка не выйшла за межы шараговага постмадэрнісцкага маніпулявання пэўнымі сацыяльна-культурнымі нацыянальнымі штампамі і стэрэатыпамі, і “гульня ў форму і формай” для мяне асабіста здолела вычленіць у спектаклі адно толькі чэхаўскае: “Чалавека забыліся”.
 /i/content/pi/cult/197/2208/Vyaselle1.jpg

Нявеста — Зінаіда Зубкова, Жаніх — Ігар Дзянісаў.

Зрэшты, для айчыннага тэатра гэтае захапленне не новае: пік захаплення сцэнічным авангардам беларуская сцэна перажыла на мяжы 80-х — 90-х гадоў мінулага стагоддзя, у часы бурнага росквіту студыйнага руху. Іншая справа, што гэтым разам з дапамогай маскоўскага рэжысёра Уладзіміра Панкова нам было прапанавана далучыцца да новага тэатральнага накірунку пад назвай SounDrama.

Н.Б.: — Наконт навізны тэатральнага кірунку і ягонай назвы можна і паспрачацца. Асабіста для мяне галоўным аказваецца не “саунд”, не “драма”, а, так бы мовіць, “спынены час”. Усё астатняе, у тым ліку гукарэалістычная аура спектакля, — толькі наступствы. Але гуку ў новым праекце папраўдзе надаецца вялікае значэнне. І гэта не толькі “памнажэнне” асобных вымаўленых фраз, што паўтараюцца з рознымі інтанацыямі, нагадваючы дзіцячую гульню ў сапсаваны тэлефон. Героі маюць і музычных двайнікоў. “Чорны клон” той жа нявесты — віяланчэлістка, якая, паводле трывалых рамантычных традыцый, раскрывае праніклівымі музычнымі фразамі збалелую душу гераіні. Музыкі ў спектаклі папраўдзе шмат: ёсць і іранічна пераінструментаваныя фрагменты з “Вяселейка” І.Стравінскага, і вядомая па рэпертуары “Сяброў” песня “Алеся” расійскага кампазітара Алега Іванова, і “варыяцыі” на тэму матроскага “Яблычка” — няма толькі абяцаных у прэс-рэлізах беларускіх абрадавых спеваў і фальклору. Большасць музычнага фону падаецца як “імправізацыя” інструменталістаў (музыкантаў-купалаўцаў і прадстаўнікоў маскоўскай студыі “SounDrama”), але за ёй хаваецца добра вывучаны на памяць прапанаваны ім нотны тэкст. Не дарма напярэдадні тэатр ажно на два тыдні адмовіўся ад вячэрніх спектакляў: рэпетыцыі ішлі з ранку да ночы, і ўсё было адшліфавана да аўтаматызму. Звярну ўвагу і на абрысы менавіта музычнай драматургіі: фінал спектакля ўяўляе з сябе не толькі рэпрызу, але і так званае “збіранне тэм”, калі разам гучаць асноўныя размоўныя лейтматывы розных герояў, пры гэтым фразы адных перадаюцца другім. Ды ўсё ж сутнасць постмадэрнісцкіх “гульняў” у музыцы далёка не вычарпана. Чаму б не прадоўжыць тыя тэндэнцыі, толькі ў іншых спектаклях? Не прэтэндуючы ні на новы напрамак, ні на яго запатэнтаваную назву, можна было б яшчэ больш актыўна ўключаць музыкантаў у падобныя праекты, заснаваныя на сінтэзе мастацтваў. Пакуль што нашы артысты лепей распрацоўвалі пластычныя варыянты (у тым ліку прачытання Чэхава). А можна ўзгадваць таксама традыцыі добра развітага на Захадзе “інструментальнага тэатра”, распрацаваны ледзь не стагоддзе таму прынцып алеаторыкі, калі музыкантам прапануюцца тэмы для іх далейшага “абмеркавання” — вядома, на музычнай мове. А самае галоўнае — паспрабаваць на новым гістарычным вітку вярнуцца да колішніх традыцый “абрадаў на сцэне”, што закладаліся яшчэ трупай Ігната Буйніцкага і паспяхова працягваліся ў БДТ-1 і БДТ-2. Дый само спалучэнне блізкіх, ды ўсё ж рознанацыянальных абрадавых традыцый, на што быццам быў зроблены намёк у цяперашнім прачытанні “Вяселля”, пакуль чакае свайго ўвасаблення.

Т.К.: — Думаецца, што пастаноўка “Вяселля” ў канцэпцыі Панкова сама па сабе стала рэміксам чэхаўскай гісторыі: гэта безумоўна выгодны для беларускага тэатра “шлюб” паміж модным маскоўскім жаніхом-рэжысёрам і “нявестай” — Купалаўскім тэатрам. Але на фоне ўсяго гэтага адглянцавана-вымуштраванага постмадэрнізму мне нашмат цікавей было назіраць не за той сцэнічнай мітуснёй, каскадам сто разоў бачаных у іншых падобных навамодна-прагрэсіўных пастаноўках поз, мізансцэн, харэаграфічных
 /i/content/pi/cult/197/2208/Vyaselle2.jpg

Сцэна са спектакля. Генерал — Генадзь Аўсяннікаў.

прыдумак, просталінейных параўнанняў гучання фраз па-беларуску і па-руску, а за вычляненнем і ўнутраным пражываннем акцёрамі — выканаўцамі галоўных роляў тых пачуццяў, што перажываюць іх героі на фоне ўсяго гэтага вясельнага вэрхалу.

Н.Б.: — Асабіста для мяне ўласна спектакль пачаўся са з’яўлення на сцэне Генадзя Аўсяннікава. Усё ранейшае, паводле музычных законаў, успрымалася надта зацягнутай уверцюрай. А чаго каштуе “дуэт” Аўсяннікава з Міхаілам Зуем! Гэтыя артысты ўдала знайшлі сваё прачытанне чэхаўскіх вобразаў, што ўспрымалася як паказ, нарэшце, выразнай, запамінальнай, асэнсаванай тэмы пасля доўгіх тэмбравагукавых блуканняў па лабірынтах музычна-тэатральнай падсвядомасці. Можа, у гэтым і ёсць асаблівасць нашага нацыянальнага “постмадэрна” — не ў іранічным адмаўленні лепшых акадэмічных традыцый псіхалагізму, а ва ўменні спалучыць іх з якімі заўгодна найноўшымі тэндэнцыямі?
 /i/content/pi/cult/197/2208/Vyaselle3.jpg

Дымба — Мікалай Кірычэнка, Бацька нявесты — Генадзь Гарбук.


Т.К.: — Так, нельга не заўважыць таго безумоўна станоўчага плёну, які праца з маскоўскай пастановачнай групай прынесла самому Купалаўскаму. Чэхаўскае патрабаванне “новых форм” на фоне творча-вытворчых перамен у трупе стала для нашых акцёраў своеасаблівым тэстам “на адчувальнасць да тэатра”, спосабам праверкі не толькі прафесійных навыкаў (гэтага купалаўцы ніколі не растрачвалі), але і душэўнага запалу, акцёрскай прагіда ўнутранага развіцця і самаўдасканальвання. Урэшце, — нагодай для падняцця ўласнай прафесійнай самаацэнкі: беларускія акцёры аказаліся здольныя “ператравіць” і гэткую тэатральную эстэтыку, якую прапанаваў Уладзімір Панкоў са сваёй пастановачнай групай. Але не менш важна, як мне падаецца, і тое, што глядацкая аўдыторыя, пераважную большасць якой на прэм’ерных паказах склала публіка тэатральная, не проста “праглынула” прапанаваны ім тэатральны кактэйль, а ўсё ж паспрабавала разабрацца ў тым, з чаго ён складаецца і наколькі прыдатны для штодзённага ўжытку. І той дыяпазон меркаванняў ад безумоўных адэптаў, што скупілі квіткі на ўсе прэм’ерныя спектаклі, да тых, хто катэгарычна адмаўляў падобнай тэатральнай стылістыцы ў праве існавання на беларускай сцэне, пацвердзіў галоўнае: беларускі тэатр актыўнымі тэмпамі выходзіць са стану абыякавасці да самога сябе. Ці ж гэтага мала?

Фота Юрыя ІВАНОВА