Дыпламатычная натура карэннага гамяльчаніна

№ 6 (874) 07.02.2009 - 13.02.2009 г

Начальнік аддзела культуры Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый ЧУМАКОЎ — чалавек у галіне новы. Калісьці ён любіў пашпацыраваць у знакамітым парку Паскевічаў-Румянцавых сабе ў задавальненне, цяпер жа мусіць сузіраць яго суцішлівае хараство поглядам дбайнага гаспадара: палацава-паркавы комплекс прыналежыць да ягонай “епархіі”. Менавіта пад час такога дзелавога праменаду па заснежаных алеях парку Дзмітрый Аляксеевіч адказаў на пытанні карэспандэнта “К”.

 /i/content/pi/cult/195/2171/Subsustrechy.jpg
— Я — карэнны гамяльчанін, — гэта былі першыя словы яго аўтабіяграфічнай даведкі. — Тут нарадзіўся, тут вучыўся ва універсітэце, тут і працаваць пачаў — настаўнікам геаграфіі ў роднай школе...

Але імпэту маладога настаўніка відавочна хапала на большае. Арганізатарскія здольнасці актывіста Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі сталі запатрабаваны ў абласной адміністрацыі. Папярэдняя яго пасада — першы намеснік начальніка ідэалагічнага ўпраўлення.

— Метады кіравання ва ўсіх сферах дзейнасці аднолькавыя, — лічыць Дзмітрый Чумакоў. — Але ж у спецыфіку цяперашняй працы мне яшчэ належыць унікаць — ва ўсіх яе дэталях.

Адна з гэтых спецыфічных адметнасцей — падначаленыя. Неаднаразова даводзілася чуць, што ў культуры працуюць людзі асаблівыя, творчыя, што паразумецца з імі не заўсёды лёгка — трэба ўмець “знайсці падыход”, а не кіравацца выключна “адміністратыўным метадам”.

— Па натуры я чалавек дыпламатычны, — кажа Дзмітрый Аляксеевіч. — Для мяне прасцей пераканаць чалавека, чым прымусіць яго. Лічу, што без гвалту можна абыходзіцца ў любых сітуацыях. Галоўнае — умець падмацоўваць свае словы важкімі аргументамі, якім пры ўсім жаданні не знойдзеш, што запярэчыць.

Якім будзе гімн Гомельшчыны?

Першыя сто дзён яго працы на новай пасадзе выпалі акурат на канец года — самы “спякотны” (нягледзячы на надвор’е) перыяд, калі падводзяцца вынікі і фарміруюцца планы на будучыню. Сваім “баявым хрышчэннем” Дзмітрый Чумакоў лічыць справаздачны канцэрт Гомельскай вобласці на самай прэстыжнай сцэне краіны.

— Мяркуючы па водгуках — як калег-прафесіяналаў, так і простых гледачоў,— мы не толькі не апусцілі высокую планку гэтых імпрэз, але нават здолелі яе ўзняць, — з гонарам кажа ён. — Таму традыцыю справаздачных канцэртаў будзем працягваць — ужо на рэгіянальным узроўні. Лепшыя творчыя сілы вобласці пакажуць сябе на раённых пляцоўках, а раёны, у сваю чаргу, пакажуць “смятанку” свайго культурнага жыцця ў Гомелі. Гэта і публіцы цікава, і артыстаў стымулюе.

...Па-над купалам шыкоўнага палаца горда лунае валошкавы сцяг вобласці. Суразмоўца нагадвае, што, апрача агульнабеларускага свята вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Гомельшчына сёлета адзначыць і ўласны юбілей — 90-годдзе ўтварэння Гомельскай вобласці.

— Свой сцяг і герб мы ўжо маем, — зазначыў з гэтай нагоды Дзмітрый Чумакоў. — А да мая, калі пройдуць асноўныя ўрачыстасці, займеем і свой гімн. Конкурс на яго ўжо абвешчаны. Карыстаючыся нагодай, запрашаю ўзяць у ім удзел і чытачоў “Культуры” — дасылаць свае прапановы пакуль яшчэ не позна.

Перапынак паміж абласнымі ўрачыстасцямі і чарговым вялікім святам будзе зусім кароткім. Сёлета Беларусь з’яўляецца прымаючым бокам традыцыйнай чэрвеньскай сустрэчы ля Кургана Сяброўства, дзе мяжуюць тры ўсходнеславянскія дзяржавы. І пра тое, чым можна здзівіць шматтысячную аўдыторыю фестывалю, у Гомелі думаюць ужо цяпер.

— Тэматыку сваёй імпрэзы мы вызначаем самі, — распавёў начальнік упраўлення культуры. — Заканамерна, што наш выбар адразу спыніўся на 65-годдзі вызвалення Беларусі. Ёсць ідэя паказаць маштабную рэканструкцыю аднаго з баёў на Гомельшчыне, удзел у якой возьмуць і клубы краін-суседак — усяго пад 400 чалавек.

Зрэшты, юбілей вызвалення Беларусі прадугледжвае не толькі святочныя ўрачыстасці, але і вялікі аб’ём паўсядзённай работы. Адзін з яго аспектаў — прывядзенне ў добры стан помнікаў, прысвечаных ваеннай тэматыцы. Неўзабаве ва ўсіх кутках Гомельшчыны павінна прайсці грунтоўнае даследаванне цяперашняга іх стану. Праца паводле сваіх маштабаў — каласальная: такіх помнікаў у вобласці больш за 1300, і амаль 300 з іх маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

— На вялікі жаль, сёння далёка не ўсе яны знаходзяцца ў ідэальным стане, — кажа начальнік упраўлення культуры. — Бывае так, што помнік, які прастаяў болей за палову стагоддзя, зруйнаваны ўжо больш як на 70%.

Магчыма, не заўсёды трэба аднаўляць іх у першапачатковым выглядзе: часам і з практычнага, і з эстэтычнага пункту гледжання мэтазгодней паставіць новы. Але кожны такі выпадак патрабуе ўзгаднення са спецыялістамі ў галіне архітэктуры.

Інвентарызацыя вавёрак

Здавалася б, у плане адраджэння велічы колішніх уладанняў Паскевічаў апошнім часам ужо столькі было зроблена, што можна было б спыніцца на дасягнутым. Балазе, вынікамі і сёння можна ганарыцца. Але ж работам па добраўпарадкаванні парку супыну няма па-ранейшаму. На гэтыя мэты з абласнога бюджэту штогод выдаткоўваецца каля 10 мільярдаў рублёў!

— У адным з куткоў парку хацелася б аднавіць той дух, які быў тут паўтара стагоддзя таму. Ліхтары, альтанкі, лаўкі — усё павінна адпавядаць адзінай рэтрастылістыцы, — дзеліцца планамі мой суразмоўца. — А вось у гэтым месцы, дарэчы, плануем зрабіць сюрпрыз — гэта я па сакрэце кажу. Называецца “фантан-жарт”: вы наступаеце на плітку, і перад вашымі вачыма з’яўляецца струмень вады.

Дакладнае месца я не запомніў, таму і сакрэт раскрыць не баюся. Тым болей, акурат у гэты момант дарогу нам перабегла вавёрка — людзей яны тут не баяцца.

— Дарэчы, а вы ведаеце, што ўсе гэтыя звяркі знаходзяцца “на балансе” ўпраўлення культуры? — з усмешкай запытаў мой суразмоўца. — Жарты жартамі, але штогод мы праводзім іх “інвентарызацыю”, а грошы на арэшкі, якімі яны харчуюцца, выдаткоўваюцца з нашага рахунку.

Ці лёгка гэта — трымаць на сваім балансе такі складаны арганізм? Тым болей, калі ён з’яўляецца паўнапраўным сімвалам краю?

— Вядома, складана, — адказаў начальнік аддзела культуры. — Але ж і ганарова. Не магу сказаць, што палацава-паркавы комплекс з’яўляецца для нас крыніцай праблем. Спраўляемся…

За мінулы год комплекс павялічыў аб’ём сваіх платных паслуг ажно ў чатыры разы — сказваецца яго папулярнасць, якая ўсё расце. І можна спадзявацца, што гэты рост працягнецца — разам са з’яўленнем новых адметнасцей. Паказаўшы ўваход у колішнюю лядоўню, дзе Паскевічы захоўвалі свае прыпасы, Дзмітрый Чумакоў распавёў пра задуму стварыць тут музей, аналагаў якому на Беларусі пакуль няма, — гастранамічны.

Зрэшты, гэта не адзіная арыгінальная задума ў музейнай сферы: у бліжэйшыя гады ў Гомелі павінны паўстаць музеі крыміналістыкі і археалогіі. На думку Дзмітрыя Аляксеевіча, адной з галоўных прычын поспеху ў выкананні плана платных паслуг з’яўляецца няспыннае пашырэнне іх спектра. У тым ліку і за кошт адкрыцця новых экспазіцый.

— Вядома, далёка не кожны ахвотны можа наведаць тую ці іншую выстаўку непасрэдна ў зале палаца, — дадае ён. — Таму плануем ладзіць свайго кшталту «гастролі» па вобласці. Ёсць спадзяванні, што гэтая ініцыятыва добра адаб’ецца на нашых эканамічных паказчыках.

Інавацый патрабуе сам час

Год роднай зямлі павінен стаць асаблівым этапам выканання Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла. У 2005 годзе на яе “культурны” аспект у Гомельскай вобласці было выдаткавана меней за два мільярды рублёў. Летась — ужо 28! Сёлета інвестыцыі плануюцца не менш унушальныя. Таму ёсць добрая магчымасць завершыць тыя справы, якія былі недароблены ў мінулыя гады, значна скараціўшы спіс “пераходных аб’ектаў” — агулам больш як на 50.

Для даведкі: будаўніцтва і капітальны рамонт у вобласці сёння вядуцца больш як на 230 аб’ектах культуры!

— Літаральна днямі давялося пабываць у “Холмічах” — аграгарадку ў Рэчыцкім раёне, дзе нядаўна быў адкрыты Дом народнай творчасці, — распавядае Дзмітрый Чумакоў. — Думаю, яму наканавана стаць адной з “разынак” нашага краю.

Наватарскія падыходы да працы ўстаноў культуры на Гомельшчыне — ужо бадай традыцыя. Некаторыя з такіх устаноў спалучаюць некалькі профіляў: скажам, пасля наведвання глядзельнай залы кожны ахвотны можа скіравацца ў залу спартыўную. Запытаўся ў Дзмітрыя Аляксеевіча, наколькі апраўданы такія інавацыі і ці істотна ўстановы культуры новага тыпу па сваёй сутнасці адрозніваюцца ад традыцыйных клубаў.

— Узнікнення ўстаноў культуры новага тыпу вымагае сам час, — лічыць ён, — бо патрэбы насельніцтва таксама не стаяць на месцы. Адпаведна, асартымент паслуг, якіх ад нас чакаюць людзі, павінен увесь час пашырацца. Да таго ж, гэта і зручна, і эканамічна мэтазгодна: утрымліваць адну ўстанову з аптымізаваным штатам танней, чым дзве.

На думку начальніка ўпраўлення культуры, гэтыя ўстановы пакліканы знівеліраваць тую розніцу ў культурным абслугоўванні, якая існуе паміж горадам і вёскай. Для Гомельшчыны яна, мабыць, асабліва актуальная: у вобласці ёсць як немалыя паводле свайго памеру прамысловыя цэнтры, так і невялічкія вёсачкі.

Але Дзмітрый Аляксеевіч лічыць, што паводле ўзроўню паслуг вёскі і гарады ўжо, бадай, зраўняліся. Хіба што ў буйных гарадах работнікам культуры прывабіць публіку трохі цяжэй — сказваецца канкурэнцыя.

З кадрамі — усё наадварот. Лішне нават казаць, што асабліва востра гэтая праблема паўстае ў так званых “чарнобыльскіх” раёнах.

— Толькі ў першы год пасля аварыі на ЧАЭС вобласць пакінулі каля 500 работнікаў культуры, — кажа Дзмітрый Чумакоў. — Іх нястача адчуваецца і па сёння. Да таго ж, моладзь баіцца ехаць сюды і цяпер. Лічу, што баіцца дарэмна: гэтая радыяфобія не мае пад сабою належных падстаў. Пабываўшы ў тых “чарнобыльскіх” раёнах, не магу сказаць, што жыццё там моцна адрозніваецца ад іншых куткоў Беларусі.

* * *

Увагу наведвальнікаў парку міжволі прыцягваюць шматлікія скульптуры. Дзмітрый Аляксеевіч распавёў, што з’явіліся яны па ініцыятыве губернатара Аляксандра Якабсона: яшчэ будучы мэрам горада, ён выступіў ініцыятарам правядзення ў парку скульптурнага пленэру.

Цяпер у плане скульптур ды іншых “малых форм архітэктуры” Гомельшчына папраўдзе лідзіруе. Таму, падарожнічаючы па ёй, ёсць сэнс узірацца ў акно: неспадзяванкі могуць чакаць на кожным кроку.

Дзмітрый Чумакоў не адкрыў нечаканага, адзначыўшы, што стаўленне да культуры з боку мясцовых улад становіцца вызначальным фактарам развіцця галіны.

Але на Гомельшчыне гэтая заканамернасць набывае адмысловыя формы — не толькі малыя і архітэктурныя. І ДК, якія будуюцца або рамантуюцца ў аддаленых ад усіх цэнтраў вёсках, — такая самая яе прыкмета, як і шыкоўны палац, адноўлены шмат у чым дзякуючы імпэту губернатара.

— Днямі патэлефанаваў Уладзімір Фёдаравіч Матвейчук: пацікавіўся, як мне працуецца на новай пасадзе, — распавёў Дзмітрый Чумакоў. — Адказаў шчыра: “Пакуль цяжкавата”. Нічога, кажа ён, праз які год будзеш пачувацца, бы рыба ў вадзе. Галоўнае — самаадданасць. Лічу, міністр культуры абсалютна меў рацыю: калі ты будзеш аддаваць працы ўсяго сябе, плён не прымусіць чакаць.

Ілля СВІРЫН,
наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Гомель — Мінск