Дзвесце песень — дваццаць строяў

№ 7 (875) 14.02.2009 - 20.02.2009 г

У 1984 годзе пры Прудкоўскім сельскім Доме культуры быў створаны фальклорны самадзейны калектыў “Валошкі”, якому ў 1995-ым прысвоена званне “народны аматарскі калектыў”. Калі вам давядзецца наведаць палескую вёску Прудок Мазырскага раёна, абавязкова зазірніце ў мясцовую ўстанову культуры, сустрэньцеся з “Валошкамі”, адчуйце жыццядайнасць нашай фальклорнай традыцыі.

 /i/content/pi/cult/194/2160/200 pesen.jpg
Душа гурта — дырэктар СДК Наталля Прус. Яна здолела згуртаваць і зацікавіць аматараў мясцовага фальклору. Адноўлены гістарычны летапіс паселішча, а таксама жаночы народны касцюм вёсак Мерабель і Прудок: 20 рэканструяваных жаночых мазырска-тураўскіх строяў выстаўлены ў СДК.

Склад калектыву змяняўся, але яго нязменнымі ўдзельнікамі засталіся Раіса Яшчыкоўская, Тамара Бачарова, Жанна Пашкоўская, Генадзь Птушанёнак... Як кажа Наталя Прус, гэта надзейныя, адказныя, добразычлівыя людзі, аб’яднаныя не толькі творчасцю, але і сваяцтвам. За гады творчай дзейнасці “Валошак” выраслі тры пакаленні ўдзельнікаў ансамбля, яны навучыліся ад старэйшых майстэрству вышыўкі, саломкапляцення, традыцыйным спевам, танцам...

У рэпертуары калектыву — песні каляндарнага і сямейна-абрадавага цыклаў, пазаабрадавыя ўзоры позняй традыцыі. Рэканструяваны старажытны звычай “Прысвячэнне” і рытуальныя дзеянні, звязаныя з ім (хлопчыкаў і дзяўчынак у шасцігадовым узросце “прысвячалі” да новай вопраткі).

Каля 13 гадоў кіруе “Валошкамі” Міхаіл Грынеўскі. Разам з удзельнікамі калектыву ён запісаў каля 200 мясцовых песень, танцаў, жартаў, легенд, паданняў, звычаяў і абрадаў. Большасць з іх набываюць сцэнічнае ўвасабленне.

Ірына КАМАРЫСТАВА,
метадыст па этнаграфіі і фальклоры
Гомельскага
абласнога цэнтра народнай творчасці