Аргенцінская прынцэса з Беларусі

№ 51 (868) 20.12.2008 - 26.12.2008 г

Нядаўна вучаніца другога класа віцебскай гімназіі № 4 Лізавета Жолудзева сваімі перамогамі здолела прыцягнуць увагу не толькі да сябе, але і да творчасці ўдзельнікаў студыі выяўленчага мастацтва “Мурашнік” Цэнтра пазашкольнай работы Кастрычніцкага раёна Віцебска.

 /i/content/pi/cult/188/2012/Pryncesa.jpg
Кіраўнік студыі Ірына Мурашка добра вядомая ў асяроддзі творчай інтэлігенцыі абласнога цэнтра, а яе юныя выхаванцы — актыўныя ўдзельнікі выставак мясцовага, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Малюнкі выхаванцаў Ірыны Мікалаеўны вызначаюцца непасрэднасцю ўспрымання рэчаіснасці, верай у абавязковую перамогу дабрыні.
Вось і Лізавета дорыць гледачу свае мары пра казку, замілаванне роднай прыродай і пяшчоту да ўсяго жывога.
Дзяўчо, якое яшчэ любіць гуляць з лялькамі, стала нядаўна пераможцам на ІІІ Экспазіцыйнай інтэрнацыянальнай выстаўцы дзяцей і падлеткаў у музеі Энрыке Уркола ў аргенцінскім горадзе Лінкольн. Гэтае дасягненне асабліва каштоўнае, бо на конкурс свае творы прадставілі некалькі тысяч удзельнікаў з многіх краін, але менавіта “Прынцэса” Лізы скарыла журы і ўвайшла ў каталог, выдадзены па выніках выстаўкі.
Грамата з Аргенціны, атрыманая Лізай, стала толькі пачаткам радасных падзей гэтай восені. А некалькі дзён таму дзяўчынка і яе педагог даведаліся яшчэ аб адной перамозе: на Міжнародным конкурсе дзіцячага малюнка “Краіна, у якой я жыву”, што праходзіў у Марока, яе работа “Зіма” заваявала Прыз глядацкіх сімпатый.
Святлана ПАЦЯНКОВА,
галоўны рэжысёр Віцебскага абласнога
метадычнага цэнтра народнай творчасці
Фота аўтара