Прома-тур “з ахвотай”, або “Адзіны ў свеце” патрабуе інфраструктуры

№ 50 (867) 13.12.2008 - 19.12.2008 г

“К” ужо неаднаразова пісала пра турыстычны патэнцыял Смілавічаў. Балазе, пра існаванне гэтага мястэчка ведаюць нават жыхары Парыжа: не так даўно на тамтэйшых вуліцах можна было бачыць афішы з надпісам “Шаленец са Смілавічаў”, якія запрашалі на вялікую выстаўку твораў Хаіма Суціна. А пасля таго, як на радзіме знакамітага мастака адкрыўся прысвечаны яму музей, гэты патэнцыял стаў набываць рэальныя абрысы.

Па матэрыялах вашай газеты і па ініцыятыве Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO мы прапанавалі айчынным турагенцтвам новы маршрут, які ўключае экспазіцыюПрастора Хаіма Суцінаі іншыя адметнасці Чэрвеньскага раёна, — распавяла карэспандэнту Кначальнік вучэбна-метадычнага аддзела Нацыянальнага агенцтва па турызме Марына Масташова.
Апрабацыя гэтага маршруту, распрацаванага спецыялістамі агенцтва сумесна з аддзелам фізкультуры, спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама, адбылася пад час чарговага выязнога семінара для дырэктараў і супрацоўнікаў турфірм. Вандроўка ўключала пяць абектаў і была разлічана на цэлы дзень, напрыканцы якога ніхто не шкадаваў абзмарнаваным упустуючасе.

Разам з тым, “абкатка” маршруту праілюстравала многія праблемы айчыннай туріндустрыі, якія без перабольшвання можна назваць тыповымі.

 /i/content/pi/cult/187/1984/Proma.jpg
Траціць грошы там, дзе “чапляе”

“Прастора Хаіма Суціна” — экспазіцыя, што размясцілася ў будынку Смілавіцкага дома дзіцячай творчасці, — сёння зусім невялікая, літаральна два памяшканні памерам са школьны клас. Ды і унікальнымі артэфактамі музей пахваліцца пакуль не можа: цэны на творы Суціна ў свеце няспынна растуць, дасягаючы ўжо дзесяткаў мільёнаў долараў.

Але, нягледзячы на гэтыя акалічнасці, музейная экспазіцыя сапраўды “чапляе” — сваім дызайнам, прадуманасцю, крэатыўнасцю, музычным суправаджэннем, — дазваляючы наведвальнікам акунуцца спярша ў атмасферу яўрэйскага мястэчка стогадовай даўніны, а потым і багемнага Парыжа. Фіранкі з графічнымі выявамі гарадскіх краявідаў ствараюць завершаную ілюзорную прастору, якую асвятляе глыбокае смілавіцкае неба.

Утульную атмасферу парыжскай кавярні пакідаць не хацелася, але... Вяртанне ў рэчаіснасць усё ж непазбежнае. Хаця б таму, што, апрача кавы, у музеі вас нічым не пачастуюць.

А тыя дзве ўстановы грамадскага харчавання, дзе турыст можа задаволіць свой апетыт не толькі да цікавостак, выклікалі сярод прысутных непрыхаваны скепсіс. Начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму Чэрвеньскага раёна Андрэй Гантарэнка пагадзіўся з тым, што інфраструктура Смілавічаў патрабуе значнага ўдасканалення, і нават падзяліўся сякімі-такімі планамі на гэты конт. Але тут жа адзначыў неабходную ўмову іх ажыццяўлення: павелічэнне колькасці турыстаў у гэтых краях.

І сапраўды, на сёння гасцей у раёне — вобмаль: той жа Суцінскі музей за месяц наведвае ўсяго каля сотні чалавек, прычым у сваёй большасці гэта мясцовыя жыхары. Натуральна, ніводзін прагматычны бізнесмен не адважыцца ўкладаць грошы выключна з любові да мастацтва Суціна.

І сапраўды, як развязаць гэты гордзіеў вузел? Турыстам бракуе аб’ектаў інфраструктуры, а інвестарам, якія маглі б яе стварыць, — турыстаў. Пытанне не з лёгкіх. Але відавочна адно: статус-кво парушыцца толькі тады, калі рух будзе адбывацца ў абодвух напрамках адначасова.

Старшыня Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO Уладзімір Шчасны, які ўзяў удзел у рабоце семінара, прапанаваў прысутным абмеркаваць адну праблему, якая некалі, магчыма, будзе актуальнай і ў выпадку са Смілавічамі. Беларуская практыка апошніх гадоў сведчыць, што нярэдка даходы ад турызму размяркоўваюцца не зусім справядліва: турфірмы атрымліваюць грошы за правядзенне экскурсій, а мясцовыя ўлады і непасрэдныя ўласнікі саміх адметнасцей — толькі... смецце, якое пакідаюць пасля сябе турысты.

Як адзначылі многія з прысутных, найбольш аптымальным спосабам вырашэння гэтай праблемы з’яўляецца не ўвядзенне новых плацяжоў для агенцтваў (а гэта павялічыць цэны на турпаслугі), а менавіта ўзнікненне якаснай інфраструктуры, скіраванай на тое, каб турыст, трапляючы ў адметныя мясціны, меў на што патраціць свае грошы і рабіў гэта з ахвотай. І парупіцца пра гэта павіны самі мясцовыя ўлады і ўласнікі тураб’ектаў. Плануецца, што першая праява смілавіцкай інфраструктуры пачне працаваць ужо ў наступным сезоне.

Каб глыбей адчуць дух мястэчка, які збольшага захаваўся яшчэ ад самых суцінскіх часоў, па яго вуліцах можна будзе няспешна праехацца на брычцы, арандаванай у мясцовай фермерскай гаспадарцы, якая мяркуе спецыялізавацца на гэтым відзе турызму.

Прома-тур засведчыў: эканамічныя выгоды папулярнага рэгіёна тояцца не толькі ў гатэлях, кавярнях, сувенірах і забавах. Неаспрэчна, што калі турысты ўсё ж даедуць да Смілавічаў, адзіная на Беларусі валюшна-лямцавая фабрыка, якая стала адным з пунктаў вандроўкі, можа істотна павялічыць продажы ўласнай прадукцыі. Бо нават такія не дужа схільныя да сентыментаў людзі, як дырэктары фірм і экскурсаводы, актыўна скуплялі стыльныя смілавіцкія валёнкі. Ды і фабрыка такім чынам магла б палепшыць умовы цяжкай і небяскрыўднай для здароўя шапавальскай працы.

Зберагчы арыгіналы, каб не будаваць муляжы

Згадаць яшчэ пра адну акалічнасць, якая пакуль што адыгрывае вызначальную ролю ў развіцці айчыннага турызму, былі вымушаны удзельнікі семінара. Яна тычыцца сённяшняга стану многіх гісторыка-культурных адметнасцей, здатных стаць кутнімі камянямі новых маршрутаў. Бо камяні гэтыя нярэдка аказваюцца надта хісткімі — у прамым сэнсе слова.

Лёс смілавіцкай сядзібы, чыя гісторыя звязана з такімі знакамітымі родамі, як Агінскія, Манюшкі і Ваньковічы, можна назваць тыповым. Стары палац, чые муры бачылі нямала VIP-персон мінуўшчыны, перажыў усе войны і пры савецкай уладзе спраўна выконваў свае сціплыя функцыі інтэрната сельскагаспадарчага вучылішча. Ажно пакуль гадоў трыццаць таму для гэтай мэты не збудавалі новы дом стандартнай планіроўкі. Іншага прызначэння для палаца тады не знайшлося. Таму неагатычны гмах, чые абрысы цалкам маглі б прэтэндаваць на ролю візуальнага сімвала і Смілавічаў, і нават усёй Чэрвеньшчыны, стаў пакрысе ператварацца ў друз. Пасля таго, як яго дах праваліўся, гэты працэс адбываецца ў фарсіраваным тэмпе.

Вядома, увага турыстаў да гэтай сядзібы здатная не толькі спыніць фатальны ход падзей, але і надаць яму адваротны напрамак. Але ж здарыцца гэта не заўтра і нават, мусіць, не праз адзін год. І пытанне, ці дачакаюцца сваіх лепшых часоў старыя муры, або калісьці іх давядзецца замяняць муляжамі па “гістарычных матывах”, абсалютна дарэчнае. Гарантаваць станоўчы на яго адказ маглі б работы па кансервацыі напаўзруйнаванага палаца — або хаця б самыя элементарныя захады па яго зберажэнні, якія не патрабуюць мільярдных уліванняў. Напрыклад, той жа “часовы” дах...

Лішне нават казаць, што праблема гэтая тычыцца не толькі палаца ў Смілавічах: падобных аб’ектаў, ратаваць якія сёння яшчэ не позна, на Беларусі нямала. Сярод іх — і палацава-паркавы комплекс у Раванічах, што мог бы стаць яшчэ адной перлінай Чэрвеньскага раёна. У гэты маршрут яго было вырашана не ўключаць: мусіць, з той прычыны, што аглядаць рамантычныя руіны маюць схільнасць далёка не ўсе турысты...

Музей прагне цяпла

Постаць Суціна — гэта не адзіная дамінанта новага турыстычнага маршруту. Праз лічаныя хвіліны па выездзе са Смілавічаў наш аўтобус ужо паркуецца ля будынка школы ў вёсцы Азёрны, у сценах якой месціцца адзіны ў свеце музей знакамітага Станіслава Манюшкі, што нарадзіўся зусім непадалёк адсюль, у фальварку Убель.

У музеі халаднавата нават у вопратцы. Яно і нядзіўна: памяшканне не ацяпляецца, як і ўвесь досыць вялікі будынак. Пакуль школа працавала, такой праблемы не было. Але цяпер, калі сёлета ўстанова была зачынена з прычыны неўкамплектаванасці вучнямі, гэтая праблема стала зусім не адзінай.

Справа ў тым, што будынак, частку якога займае музей, сёння знаходзіцца як бы ў падвешаным стане. Раённыя ўлады вырашаюць ягоны далейшы лёс: альбо стварыць тут уласную турыстычную базу, альбо знайсці новых уласнікаў. Таму застаецца спадзявацца разам з дырэктарам музея Аленай Серадой, што ўсе гэтыя пературбацыі будуць яму адно на карысць. І наведвальнікаў тут у выніку паболее.

А вось манахі Свята-Дабравешчанскага манастыра ў Малых Лядах, які стаў апошнім пунктам маршруту, не хацелі б бачыць у сваіх сценах вялікага наплыву турыстаў — іначай гэты куток, дзе некаторыя людзі пачынаюць новае жыццё, ужо не будзе зацішным і спакойным. І таму яны гатовы прымаць толькі тых людзей, якія кіруюцца не толькі цікаўнасцю.

* * *

Паколькі ўдзельнікі семінара задавалі нямала практычных пытанняў і цікавіліся кантактнымі тэлефонамі, можна было меркаваць, што інтарэс гэты маршрут для іх уяўляе.

Да таго ж, яшчэ адной яго прывабнай адметнасцю з’яўляецца таксама і блізкасць ад Мінска — усяго якія паўгадзіны па добрай дарозе. І таму можна чакаць, што неўзабаве пабываць на радзіме Суціна зможа кожны ахвотны, прычым не толькі ўласным ходам.

А для апошніх, дарэчы, прызначана карта-схема, на якой указаны ўсе адметнасці Смілавічаў і ваколіц.

Дырэктар выдавецтва “Чатыры чвэрці” Ліліяна Анцух узяла з сабой на выязны семінар яе макет, каб абмеркаваць распрацоўку з прафесіяналамі. А неўзабаве падобныя схемы плануюць усталяваць і ў Смілавічах.

Па словах Марыны Масташовай, патрэба ў новых турыстычных маршрутах сёння даволі актуальная: багата турыстаў ужо аб’ездзілі ўсе папулярныя аб’екты і прагнуць новых адкрыццяў. Таму і прома-кампаніі тых мясцін, дзе іх нага яшчэ, лічы, не ступала, маюць свой практычны сэнс. Не кажучы ўжо пра светапоглядны эфект усведамлення таго, наколькі багаты адметнасцямі ці не кожны куток беларускай зямлі.

Ілля СВІРЫН