Майстар і Марына

№ 49 (866) 06.12.2008 - 12.12.2008 г

Знаёмства гэтае адбылося напрыканцы кастрычніка. Вёска Данілавічы, што ў Веткаўскім раёне, рыхтавалася стаць аграгарадком. Клопатамі быў напоўнены дзень і ў дырэктара сельскага Дома культуры Марыны Цецеравай. Як паведаміла “К” спецыяліст аддзела культуры Веткаўскага райвыканкама Наталя Лісная, на капітальны рамонт установы асвоена было на той момант 244 мільёны рублёў. Кіраўніца СДК сачыла за работай будаўнічай брыгады, займалася добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі. Дапамагаў ёй ва ўсім бібліятэкар Уладзімір Раманцоў — муж Марыны…

Сёлета Уладзімір атрымаў падзяку райвыканкама “За плённую працу ў галіне культуры і значны асабісты ўклад у справу захавання традыцыйнай культуры”. Шанаванне цалкам заслужанае, бо работнік сапраўды выключны. Бібліятэка знаходзіцца ў памяшканні СДК, на час ягонага рамонту чытачоў прыняць не можа, але вяскоўцы “абяскніжанымі” сябе ніяк не адчуваюць: кожнага з 300 чытачоў абслугоўвае бібліятэкар на асабістым легкавіку. Кніжны фонд — больш за 7 тысяч экземпляраў — захоўваецца, у асноўным, у сельсавеце. Прыкладна тысяча выданняў заўжды “на руках”.

А чытацкую картатэку і 300 — 400 кніг Раманцоў трымае дома. За год у пэўных вяскоўцаў разоў па 20 паспявае пабываць, таму для большай мабільнасці і ператварыў хатнюю майстэрню ў філіял кнігасховішча…

Але гаворка — не толькі пра любоў да кнігі і чытача. Уладзімір Раманцоў — яшчэ і разбяр па дрэве адмысловы. А пачалося ўсё... з бяды: чатыры гады таму ў выніку надзвычайнага здарэння на чыгунцы бібліятэкар згубіў нагу. Пакутаваў страшэнна. Не столькі ад фізічнага болю і неабходнасці прызвычайвацца да пратэза, колькі ад перажыванняў маральнага кшталту: маўляў, стаў непаўнацэнным. Пагадзіцеся, такая выснова магла б многіх зацягнуць у працяглую дэпрэсію. І невядома, як бы ўсё скончылася, калі б Раманцоў не паехаў у Мінск, у Цэнтр рэабілітацыі, і не ўбачыў там таварышаў па няшчасці, якія, праходзячы лячэнне, падтрымлівалі ўласны дух творчасцю: займаліся разьбой па дрэве. Гэтым жа, не маючы, здавалася б, асаблівых талентаў, заняўся і Уладзімір. Атрымалася. Яшчэ адно маральнае выратаванне, яшчэ адзін доказ, што любы чалавек — творца...

Цяпер драўлянымі скульптурамі Раманцова аздоблены вуліцы не толькі Данілавічаў, але і навакольных вёсак. А разныя шкатулкі і мініяцюры высока ацэнены прызнанымі спецыялістамі. Так бібліятэкар стаў яшчэ і кіраўніком дзіцячага гуртка разьбы па дрэве.

— Майстрам сябе не лічу, за прафесійнымі мастакамі не ганюся, проста, раблю тое, што падабаецца, — тлумачыць творчую пазіцыю Уладзімір Раманцоў. — У выніку больш светлым раблю не толькі ўласнае жыццё, але, як падаецца, і жыццё землякоў-вяскоўцаў.

Напэўна, у гэтым і ёсць сутнасць захавання традыцыйнай культуры раёна, які спаконвек славіўся народным мастацтвам, што не дае ачарсцвець душы...

Марына і Уладзімір— дзве палавінкі аднаго цэлага. Разам выхоўваюць трох дзяцей, разам працуюць на культуру Веткаўшчыны. Хоць і не дзейнічае пакуль СДК, але тэатр эстрадных мініяцюр, вакальны ансамбль выступаюць на збожжатоку, жывёлагадоўчых фермах, у школе.

— А ў перспектыве мяркуем зрабіць прылеглую да СДК тэрыторыю маляўнічай зонай адпачынку, — паведамляе Марына. — Вулічныя скульптуры Валодзя ўжо зрабіў, а ўвесну ля старадаўняй копанкі з’явяцца і лаўкі, і клумбы.

Яўген РАГІН