“З варагаў у грэкі”-ХХІ

№ 49 (866) 06.12.2008 - 12.12.2008 г

Старажытны гандлёвы шлях “з варагаў у грэкі” ў ХХІ стагоддзі можа стаць… турыстычным маршрутам. Галоўнае — грунтоўна даследаваць і ўпісаць старажытнасць у сучасны гісторыка-культурны кантэкст ды здолець зрабіць яе прывабнай прапановай на турыстычным рынку. Так мяркуюць супрацоўнікі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якія заняты ў распрацоўцы міжнароднага трансгранічнага праекта па вывучэнні старадаўняга шляху. Наведаўшы ўстанову, карэспандэнт “К” даведаўся пра тое, што было і… што з’явіцца на шляху “з варагаў у грэкі” ў ХХІ стагоддзі.

 /i/content/pi/cult/186/1966/Histaryegraf1.jpg
Пачалося зноў-такі з… Рыма

З археалагічных даследаванняў вядома, што тэрыторыя нашай краіны яшчэ да з’яўлення хрысціянства была цэнтрам гандлёвых шляхоў, дзякуючы чаму распаўсюджванне мелі замежныя каштоўныя побытавыя прадметы, упрыгожанні, зброя, грошы. У прыватнасці, рымскія сярэбраныя манеты, знойдзеныя супрацоўнікамі Інстытута гісторыі НАНБ, сведчаць: ужо ў II стагоддзі н.э. сюды прыязджалі іншаземныя купцы, якія, карыстаючыся разгалінаванай сістэмай паўнаводных рэк, вандравалі са сваім таварам з княства ў княства. Але сярод мноства гандлёвых маршрутаў найбольшую вядомасць атрымаў шлях “з варагаў у грэкі”, які, дзякуючы вікінгам, каго ўжо ў VIII — IX стагоддзях добра ведалі народы Еўропы, паклаў пачатак шырокаму рачному руху з Балтыйскага ў Чорнае мора.

Тая частка славутага шляху, што праходзіла праз тэрыторыю сучаснай Беларусі, ахоплівала значны аб’ём басейна мясцовай рачной сістэмы. Акрамя галоўных водных шляхоў па Заходняй Дзвіне і Дняпру, а таксама прытоках апошняга — Бярэзіне і Прыпяці, адыходзілі адгалінаванні на захад — да Нёмана і Буга, а таксама на ўсход — да Акі і Волгі.

Як кажа намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі, кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч, тагачасныя водныя гандлёвыя шляхі ў месцах водападзелаў былі злучаны волакамі. Гэтыя “камунікацыі” пазней паклалі пачатак станаўленню і развіццю сухапутных гандлёвых шляхоў. Усяго на тэрыторыі нашай краіны, сведчаць даследаванні, існавала каля 20 волакаў, што звязвалі басейн Дняпра з басейнамі Заходняй Дзвіны, Нёмана, Буга.

Не дзіва, што існаванне водных гандлёвых шляхоў садзейнічала ператварэнню княстваў на тэрыторыі Беларусі ў транзітны цэнтр. Гэта ў значнай ступені забяспечвала станаўленне і ўмацаванне эканамічных сувязей са Скандынавіяй, Прыбалтыкай, Ноўгарадам, Кіевам, Візантыяй, Арабскім халіфатам. Названыя шляхі выконвалі надзвычай важную ролю ў эканамічным развіцці нашай зямлі. Прыкладам, насельніцтва волакаў зарабляла перавозкай грузаў і іх абслугоўваннем. Валачане мелі інвентар для перавозкі рачных суднаў па зямлі, чаго не было ў купцоў: каткі для выцягвання суднаў на бераг, канаты, валакушы, колы для перавозкі невялікіх суднаў і тавараў, цяглавую жывёлу. Сярод рамеснікаў, якія абслугоўвалі рачныя судны і волакі, вылучаліся “прафесіі” грузчыкаў і рулявых.

Артэфакты, зарыентаваныя на турыстаў

Сёння шлях “з варагаў у грэкі” таксама можа прыносіць прыбытак, калі яго выкарыстоўваць для прыцягнення ў краіну замежных турыстаў. Як зазначаюць навукоўцы, у гэтым накірунку намецілася плённае супрацоўніцтва Міністэрства спорту і турызму краіны з Інстытутам гісторыі НАНБ. Абодва бакі зацікаўлены ў тым, каб турыстычныя маршруты былі навукова абгрунтаванымі і праз тое яшчэ больш прыцягальнымі.

Прынамсі, для гэтага ўжо назапашаны багаты досвед у даследаванні археалагічных артэфактаў, непасрэдна звязаных з гандлёвым шляхам. Аднак, падкрэсліваюць гісторыкі, раней шлях не вывучалі комплексна: рабіліся толькі фрагментарныя лакальныя раскопкі. Як зазначае навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі перыяду Сярэднявечча акадэмічнага інстытута, аўтар кнігі “Старажытнасці вікінгаў на тэрыторыі Беларусі” Сяргей Дзярновіч, сёння дакладна вядома, што найбольшы росквіт шляху “з варагаў у грэкі” прыходзіцца на другую палову Х — першую палову ХІ стст. Добра адлюстроўваюць гэты перыяд
 /i/content/pi/cult/186/1966/Histaryegraf2.jpg
дакументальныя крыніцы і знаходкі раскопак, якія, у асноўным, праводзіліся на месцы старадаўніх паселішчаў: мячы, наканечнікі дзід з адметным упрыгожаннем утулак, сякеры нарманаў, а таксама рэчы, зробленыя мясцовымі майстрамі пад уплывам скандынаваў.

Для рэалізацыі буйнога трансгранічнага праекта, па словах Вячаслава Даніловіча, неабходна разглядаць маршрут у комплексе гістарычных помнікаў, размешчаных уздоўж Заходняй Дзвіны і Дняпра. Задача навукоўцаў — правесці аналіз помнікаў і вызначыць гісторыка-культурныя зоны, што будуць перспектыўнымі для прыцягнення турыстаў.

Крок наперад у гэтым накірунку зрабіла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя па пытаннях рэалізацыі турыстычнага праекту “Шлях з варагаў у грэкі” з удзелам вучоных з Германіі, Швецыі, Расіі і Украіны, што адбылася сёлета ў Полацку. У прыватнасці, з гісторыкамі Чарнігаўскага універсітэта заключаны дамоўленасці аб узаемаабменах беларускіх і ўкраінскіх археолагаў, а таксама студэнтаў гістарычных факультэтаў для ўдзелу ў раскопках і даследаваннях стаянак варагаў на тэрыторыях дзвюх краін.

Экскурсія следам за вікінгамі

Аднак навуковы праект — справа не аднаго года. Гісторыкі павінны паслядоўна поруч з маркетолагамі ў турыстычнай сферы, этнографамі, культуролагамі, архітэктарамі і іншымі спецыялістамі займацца распрацоўкай маршруту. Па меркаванні Вячаслава Даніловіча, неабходна, каб чалавек, які будзе падарожнічаць па шляху, змог убачыць, да прыкладу, прадметы матэрыяльнай культуры Беларусі таго часу: “Патрэбна паказаць як рэчы, што характарызуюць айчынныя паселішчы, звязаныя з прысутнасцю варагаў, так і ўмовы жыцця продкаў. Варта адлюстраваць, з якімі групамі насельнікаў нашай зямлі непасрэдна кантактавалі вікінгі”. Асобны тур будзе прадугледжваць воднае падарожжа — калі турыст праплыве ў стылізаванай пад даўніну лодцы. Мяркуюцца таксама пешы ці аўтамабільны маршрут — з наведваннем створаных абапал рэк музейных экспазіцый, гістарычных помнікаў.

На сённяшні дзень, па словах Вячаслава Віктаравіча, больш мэтазгодна ствараць невялікія маршруты з адпаведнай інфраструктурай.

Зрэшты, для паспяховай рэалізацыі праекта “Шлях з варагаў у грэкі”, як адзначае Вячаслаў Даніловіч, маюцца і аб’ектыўныя перадумовы: унікальныя прыродныя экасістэмы, што не падвяргаліся значнаму тэхнагеннаму ўздзеянню, гісторыка-культурныя помнікі, элементы турыстычнай інфраструктуры, звязаныя, у асноўным, з гарадскімі турыстычнымі цэнтрамі, дзяржаўнымі запаведнікамі і заказнікамі. Усё гэта можна паспяхова выкарыстаць і праз стварэнне гісторыка-культурных прыродных паркаў-запаведнікаў уздоўж водных шляхоў трансгранічнага маршруту.

Канстанцін АНТАНОВІЧ

На здымках: карта, на якой
чырвоным пазначаны шлях
“з варагаў у грэкі”;
бранзалет, знойдзены пад час
даследаванняў шляху.

Фота Сяргея ДЗЯРНОВІЧА