Творчая механіка рэстаўрацыі

№ 49 (866) 06.12.2008 - 12.12.2008 г

Будынак Рэспубліканскага тэатра юнага гледача, які быў узведзены ў 1956 годзе на вуліцы Энгельса, чакае капітальны рамонт. Нягледзячы на такую поўную клопатаў акалічнасць, любімы дзецьмі тэатр працягне дзейнічаць і пад час будаўнічых работ. Як мяркуецца арганізаваць бесперапынны творчы працэс і паказы спектакляў? За кошт чаго глядзельная зала ТЮГа “паменшыцца”, а самі памяшканні тэатра — павялічацца? Карэспандэнт “К” наведаў установу напярэдадні рэстаўрацыі.

Рэпетыцыя — у “Электроне”, спектакль — у Палацы

Самае галоўнае для трупы ТЮГа — не парушыць творчы працэс. У снежні калектыў павінен пакінуць будынак. “Нам прапанавана пераехаць у памяшканне кінатэатра “Электрон”, — распавядае дырэктар тэатра Павел ПАЛЯКОЎ. — Там размесцяцца на перыяд рамонту адміністрацыя і вытворчыя ўчасткі, артысты змогуць праводзіць рэпетыцыі. А вось спектаклі мяркуецца даваць, паводле дамоўленасці з адміністрацыяй Палаца прафсаюзаў, на яго сцэне.

 /i/content/pi/cult/186/1964/TUG1.jpg

Так будзе выглядаць ТЮГ пасля рэстаўрацыі.

Мяркуецца правесці не толькі ўласна рамонт і рэканструкцыю, але і частковую рэстаўрацыю, паколькі будынак з’яўляецца помнікам архітэктуры 1950-х гадоў.

Кардынальныя змены чакаюць цяперашнія вытворчыя памяшканні. На іх месцы вырасце новы чатырохпавярховы будынак, узведзены ў адным стылі з галоўным фасадам тэатра ў выглядзе літары “Г”. Новы гмах працягнецца да жылога дома, што стаіць побач. У чатырохпавярховіку размесцяцца адміністрацыя тэатра, вытворчыя памяшканні.

У адноўленым будынку мяркуецца адкрыць невялікую экспазіцыю, дзе будуць прадстаўлены рэчы, створаныя майстрамі з пашывачнага цэху, бутафорскага і сталярнага ўчасткаў. “Спектаклі сыходзяць, але ж застаюцца рэчы ад іх, многія з якіх — проста шэдэўры. Спісаць іх, выкінуць — рука не падымецца”,— апавядае дырэктар ТЮГа.

“Нашай публіцы падавай эфекты!”

Адказным участкам рамонтных работ стане распрацоўка і прымяненне найноўшых тэатральных тэхналогій. Новую механіку сцэны будзе магчыма ўсталяваць толькі пасля рэканструкцыі ўсяго будынка. Як адзначае дырэктар тэатра, самую вялікую ўвагу пад час рамонту мяркуецца надаваць якраз сцэне. “Хоць Тэатр юнага гледача — драматычны, ён мае і спецыфічныя асаблівасці. Калі ў “дарослым” драматычным тэатры ўвагу гледачоў можна прыцягнуць ігрой акцёраў, дык юнага гледача толькі гэтым не прывабіш. Наша публіка вельмі патрабавальная, — падкрэслівае Павел Палякоў. — Ёй падавай візуальныя, механізаваныя, светлавыя, гукавыя эфекты, і таму яны абавязкова павінны прысутнічаць”.

Дырэктар калектыву распавядае, што ўвесну наведаў шэраг еўрапейскіх тэатраў, дзе пазнаёміўся з тэхнічным абсталяваннем,тэатральнымі ноў-хаў:
 /i/content/pi/cult/186/1964/TUG2.jpg

— Наогул, дзіцячых тэатраў — адзінкі. Я пабываў у тэатрах Варшавы, Кракава, Вены. Пазнаёміўся з усім — ад сутарэнняў да вытворчых памяшканняў. У тэхнічным плане замежныя калегі імкнуцца крочыць у нагу з часам. Ды і нам не патрэбна вынаходзіць веласіпед — дастаткова ўзяць апрабаваныя тэхналогіі на “ўзбраенне”. Спадзяюся, нам удасца абсталяваць тэатр на сапраўды еўрапейскім узроўні, што зробіць нашу сцэну пляцоўкай высокага тэхнічнага класа.

Лепш менш — ды ўтульней

“Сэрца” тэатра — глядзельная зала — у цэлым захавае першапачатковае аблічча. Ды й яе не абмінуць рамонтныя работы: у першую чаргу адновяцца гасцявыя ложы.

“Не трэба забывацца, — падкрэслівае Павел Палякоў,— што памяшканне не праектавалася пад тэатр: гмах, дзе знаходзіцца ТЮГ,— частка колішняга Дома піянераў. Цяперашняя зала тэатра была яго актавай залай. Яна не адпавядае шэрагу сучасных патрабаванняў, у першую чаргу — супрацьпажарных”.

Колькасць месцаў у зале зменшыцца да 380, але яна стане больш утульнай, будуць павялічаны праходы. Зрэшты, колеравая гама залы, інтэр’ер да найдрабнейшых дэталей павінны адпавядаць першапачатковай ідэі — таму, якімі іх бачыў архітэктар будынка. Усё гэта ўлічваецца спецыялістамі “Белрэстаўрацыі”.

Як вядома, тэатр у розныя часы перабудоваўся. Напрыклад, былое фае прыстасавалі пад кабінет дырэктара. “Наша зала для правядзення святочных імпрэз і адначасова Малая сцэна — былое фае. Дадзеныя памяшканні будуць адрэстаўраваны. Буфет таксама зменіць сваё аблічча: новы, вялікі і прыгожы пункт харчавання з’явіцца на другім паверсе”, — распавядае пра “інфраструктурныя” планы рамонту дырэктар ТЮГа.

У гастрольным рэжыме

Дадае дырэктар і пра ўласна творчыя планы калектыву, якія, аднак, цесна пераплецены з рамонтнымі:

 /i/content/pi/cult/186/1964/TUG3.jpg
— Мы як працавалі, так і працуем у рэжыме, якога прытрымліваемся шмат гадоў, — зазначае Павел Палякоў. — Што да планаў, дык іх багата. Хацелі б наладзіць свой, ТЮГаўскі, міжнародны фестываль. Пакуль ідуць перамовы з тэатрамі іншых краін. У прыватнасці, мы шчыльна супрацоўнічаем з расійскімі, украінскімі і азербайджанскімі калегамі. Дарэчы, вясной збіраемся ў Азербайджан, дзе ў Баку заканчваецца рэканструкцыя мясцовага ТЮГа: нас запрашаюць на адкрыццё тэатра.

Думаецца, рэканструкцыя не перашкодзіць плённай працы трупы (што, як зазначае Павел Палякоў, па сваім складзе не змянілася за апошнія два гады), але, вядома ж, прынясе пэўныя нязручнасці.

Любы рамонт — гэта часовы дыскамфорт для гаспадароў. Трупа разумее, якія чакаюць складанасці, але яна накіравана працаваць так, як працавала. У рэшце рэшт, будынак тэатра станецца адрамантаваным, зручным, яшчэ больш прыгожым і ўтульным. Рамонт з “перасяленнем” стане яшчэ і экзаменам “на стабільнасць” для ТЮГа.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА