"КАБ ЛЮБІЦЬ БЕЛАРУСЬ НАШУ МІЛУЮ, ТРЭБА Ў РОЗНЫХ КРАЯХ ПАБЫВАЦЬ..."

№ 49 (866) 06.12.2008 - 12.12.2008 г

Снежаньскі Кіеў заўтра будзе па-сяброўску горача вітаць творчую дэлегацыю беларускіх артыстаў, у склад якой уваходзіць больш за сто чалавек. Грамадска-культурная акцыя "Мы — беларусы!", пад эгідай якой праходзіць гэты год на нашай Бацькаўшчыне, атрымала магутны рэзананс і ў іншых краінах свету. Гала-канцэрт "Мы — з Беларусі!" на сцэне Канцэртнай залы "Украіна" адкрыюць яркім нацыянальным акордам сённяшнія "Песняры"...

Грамадска-культурная акцыя “Мы — беларусы!”, якую на працягу года ладзіць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, даўно перасягнула межы краіны: яе канцэрты, як вядома, адбыліся ў Расіі, Польшчы, Літве, Латвіі... Заўтра нашы лепшыя артысты выступяць на адной з самых прэстыжных сцэнічных пляцовак Кіева — у Канцэртнай зале “Украіна”.

— Плануем правесці канцэрт, — распавяла рэжысёр канцэрта Ніна Осіпава, — з “жывым гукам”. Украінскі бок абяцаў забяспечыць для гэтага адпаведную гукаапаратуру, каб не толькі салісты, але і музыканты-інструменталісты мелі магчымасць настроіць пад сваё гучанне мікрафоны, збалансаваць агульную гукавую палітру кожнага нумара.

— Гэты канцэрт, вядома, адрозніваецца ад тых, што праводзіліся ў межах акцыі ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Рызе...

— Людзі ва ўсіх краінах умеюць цаніць не толькі прызнанае майстэрства, але і творчы эксперымент. Таму мы не абмежаваліся хітамі і знакамітымі артыстамі, а свядома ўключылі ў праграму таксама невядомыя на Украіне імёны, новыя адметныя нумары. Штосьці асаблівае падрыхтаваў практычна кожны ўдзельнік. “Сябры” на чале з народным артыстам краіны Анатолем Ярмоленкам будуць спяваць... па-ўкраінску. Анатоль Іванавіч — родам з Украіны, ён быў, можна сказаць, “прабацькам” гэтага канцэрта.

— Творчыя сувязі з Украінай у нас увогуле вельмі багатыя. У Кіеве апошнім часам працуе наш малады харэограф Раду Паклітару — выхаванец народнага артыста СССР Валянціна Елізар’ева. Шматгадовае супрацоўніцтва звязвае заслужаную артыстку Беларусі Ірыну Дарафееву з вядомым украінскім спеваком і кампазітарам Аляксандрам Панамаровым. У рэпертуары гэтай спявачкі — цэлы альбом яго песень, яна неаднаразова гастралявала на Украіне, у тым ліку выступала з ім дуэтам.

— Зараз Ірына прывязе ў Кіеў новую праграму — песні знакамітага расійскага кампазітара і прадзюсера Кіма Брэйтбурга. Канцэрт называецца “Мы — з Беларусі!”, у ім прасочваюцца і нацыянальная спадчына, і наша міжнародная дзейнасць — “у цэнтры Еўропы”, як спяваюць “Сябры”. Вядома, уключылі мы ў праграму і выступленні юных пераможцаў “Еўрабачання”. Сімвалізуючы еўрапейскі кірунак, па-англійску будзе спяваць гурт “Lite sound”.

У кожнага артыста і калектыву ёсць песні на беларускай мове, і яны заўсёды рады паказаць іх публіцы. Запрасілі мы і гурт “Палац”. Адкрывае ж праграму сапраўды знакавы для нашай рэспублікі брэнд — Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”. А лаўрэат міжнародных конкурсаў Пётр Ялфімаў будзе спяваць “Чырвоную ружу” Уладзіміра Мулявіна, імя якога назаўсёды застанецца сімвалам нашай культуры. Сярод нумароў, якія пакажа Дзяржаўны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, — “Таўкачыкі”, цікавыя і як зварот да земляробчага цыкла, і як адлюстраванне ў сучасным народным танцы старадаўніх абрадавых рухаў. Спадзяёмся, гэтая кампазіцыя, адметная сваёй арыгінальнай пастаноўкай, прыцягне ўвагу не толькі публікі, але і прафесійных харэографаў. Весці канцэрт будзе заслужаная артыстка рэспублікі Алена Спірыдовіч, якую, дзякуючы “Славянскаму базару ў Віцебску”, таксама ведаюць за межамі Беларусі.