Фрагмент спектакля. Фота Таццяны Матусевіч
Пра падрыхтоўку будучага спектакля калісьці распавядала “К” яго мастацкі кіраўнік — рэктар БДУКіМ, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Наталля Карчэўская (гл. № 19 за 2022 г.). Падзея выклікала вялікі рэзананс, што было зразумела яшчэ да пачатку створанага мюзікла: публіка збіралася вельмі актыўна, да будынка цэнтра, нядаўна адкрытага побач з вучэбным корпусам, спяшаліся суцэльнымі кампаніямі, там і тут мільгалі знаёмыя твары знаных дзеячаў эстрады — і не толькі тых, хто непасрэдна выкладае ў гэтай ВНУ.
Над мюзіклам працавала вялікая каманда прафесіяналаў. Стварыў лібрэта і здзейсніў пастаноўку вядомы рэжысёр Аляксандр Вавілаў. За музычнае начынне адказваў паспяховы прадзюсар і кампазітар Юрый Саваш: пісаў свае песні, перайначваў і рэдагаваў ранейшыя іншых аўтараў (Дзмітрыя Пенкрата, Тарыэла Майсурадзэ, Уладзіміра Сарокіна, што заўчасна пайшоў з жыцця), замаўляў нумары Дзмітрыю Парфёнаву, якому належаць усе інструментальныя кампазіцыі і шэраг песень. Мастаком выступіў Юрый Барысевіч. Каб удзельнікі-пачаткоўцы скарэктавалі свае густы і набылі адпаведны вопыт, быў нават спецыяліст па грыме і прычосках — Іна Цімафеева, якая шмат гадоў працуе са знанымі артыстамі і выкладала ў Школе прыгажосці. Дый на сцэне, акрамя студэнтаў розных спецыяльнасцей (тая ж Вікторыя Маркевіч у ролі сваёй цёзкі — увогуле будучы менеджар) і нават 9-класніцы Лізаветы Немудракінай у ролі дзяўчынкі-барыста, удзельнічалі яшчэ і выкладчыкі — на роўных, што стымулявала абодва бакі. Як цудоўна, што ў Год гістарычнай памяці былі згаданы традыцыі школьнага тэатра, якія развіваліся ў нас з часоў Рэнесансу: у тых вучэбных пастаноўках, што дэманстраваліся на публіку, таксама былі задзейнічаны навучэнцы і іх настаўнікі.
Разгорт сюжэтнай лініі шмат у чым успрымаецца своеасаблівым адказам нашаму Музычнаму тэатру з яго нядаўняй прэм’ерай рэвю “Нараджэнне зорак”, замоўленага расійскім аўтарам: і там і тут — кастынг-конкурс, прымадонна, стварэнне шоу, дзве закаханыя пары. Толькі ў БДУКіМ, як ні дзіўна, твор аказаўся на парадак лепшым — без збору ўсіх магчымых і немагчымых штампаў. Бо спектакль — пра сам БДУКіМ! Пра яго апантаных студэнтаў, якія мараць ажыццявіць свае мастацкія ідэі, пра магчымасці, што адкрываюцца перад творчай моладдзю, калі яна ўпэўнена крочыць да сваёй мэты, пра сяброўства і супрацоўніцтва прадстаўнікоў розных краін — пра магію музыкі і кахання.
Фрагмент спектакля. Фота Таццяны Матусевіч
Пры вялікай колькасці дзейных асоб, што заўжды было ўласціва школьнаму тэатру, кожны герой — запамінальны, яркі тыпаж, якога не зблытаеш. Бо артысты ўвасабляюць не толькі сваіх персанажаў, але і крыху сябе саміх. Ідэя кастынгу дае магчымасць зрабіць унутры спектакля невялічкую канцэртную праграму — разнастайную, рознастылёвую, разнажанравую. Згадаць маленькія фрагменты “Чаркі на пасашок” Аляксандра Балотніка на словы Аляксандра Лягчылава, расійскага “Юнацтва” братоў Засідкевічаў. Многія кампазіцыі, і не толькі ў рамках кастынгу, глядзяцца як завершаныя нумары з харэаграфіяй, тэатралізацыяй (ажно да выкарыстання марыянеткі) і відэакантэнтам, прычым апошні часам уяўляе сабой кліп на песню. Упрыгожвае спектакль і ўдзел аркестра на чале з дырыжорам Анатолем Кудзіным. Жывыя інструментальныя гучанні часам спалучаюцца з сінтэтычнымі, аркестранты звяртаюцца да прыёмаў інструментальнага тэатра, што пачынаюцца са сцэнічнага размяшчэння музыкантаў: струнныя і духавыя — паабапал подыуму, што выходзіць у залу, ударныя — у дзвюх спецыяльных вежах. Пачатак уверцюры нагадвае батл ударнікаў, дзе астатнія аркестранты — у якасці заўзятараў, што падтрымліваюць сваіх улюбёнцаў рухамі, узнятымі смычкамі, нават спевамі і прытанцоўваннем седзячы. Быццам каментарыем да гэтага становіцца выхад працоўнага сцэны са словамі Бялінскага: “Ці любіце вы тэатр”, — і толькі пасля гэтага адкрываецца завеса. Праўда, такое імкненне да як мага большай тэатральнасці часам прыводзіць да надта пафаснай манеры, тэатральнага “крыку”, якія пачынаюць зашкальваць, бо памнажаюцца на ўласцівае мюзіклу выкарыстанне гарнітуры для падгучкі.
“Магія” не першы крок БДУКіМ у абраным кірунку на шляху ад “я мару” да “мы зможам”. Некалькі гадоў таму сіламі студэнтаў быў здзейснены мюзікл “Дуброўскі” расійскага кампазітара Кіма Брэйтбурга, прадэманстраваны на камерцыйнай аснове на розных прэстыжных айчынных пляцоўках і тройчы — з аншлагам у Маскве. Цяперашнюю “Магію” таксама чакаюць далейшыя паказы для шырокай публікі. І не толькі ў Мінску: на чэрвень запланавана паездка ў Бабруйск. Падрыхтаваны некалькі складаў, у спектакль будуць улівацца будучыя першакурснікі — разам з якасцю праробленага, усё гэта стане гарантыяй паспяховага далейшага лёсу прэм’еры.
Спектакль завяршаецца не толькі сустрэчай закаханых, але і запрашэннем шоу ў Кітай. Хацелася б пажадаць, каб сюжэт аказаўся прарочым. А чаму б і не? У спектаклі ўдзельнічаюць Ван Мяйсян (Су Лі), Вань Цзый (Вэй Дун), частка дыялогаў і музычных нумароў гучаць па-кітайску, дый гісторыя — у тым ліку пра навучанне ў БДУКіМ кітайскіх студэнтаў, каханне кітаянкі і беларуса. Засталося хіба спонсараў ці бізнес-партнёраў знайсці — зноў-такі, акурат як у мюзікле.
І яшчэ. Цяперашняя ўдалая рэалізацыя гэтага, на афіцыйнай мове, студэнцкага “практыка-арыентаванага” праекта вымушае задумацца пра магчымасць такога ж больш ці менш рэгулярнага пракату найлепшых пастановак іншых творчых ВНУ. Тая ж Акадэмія музыкі штогод рыхтуе па некалькі оперных спектакляў, канцэптуальнасць і выкананне якіх можа спаборнічаць з прафесійнымі калектывамі. Але дэманструюцца тыя “маленькія шэдэўры” толькі аднойчы, бо — няма дзе.