Ігнат Дамейка — выдатны вучоны, вялікі асветнік, адзін з найбольш знакамітых сыноў беларускай зямлі. Хоць большая частка яго жыцця і прайшла ў Чылі, дзе пасля смерці ён быў прызнаны Нацыянальным героем, на радзіме, у Беларусі, яго памятаюць. І не проста памятаюць, а высока шануюць яго імя. І сведчанні таго — кнігі, дакументальныя і ігравыя фільмы, помнікі, музейныя экспазіцыі, міжнародныя навуковыя канферэнцыі. У межах святкавання 220-годдзя Ігната Дамейкі мы стварылі новы турыстычны маршрут, які з’яднаў у адно непарыўнае цэлае тры вобласці Беларусі — Гродзенскую, Брэсцкую і Мінскую.
ЗАСЛАЎЕ — ЦЕЛЯКАВА — УЗДА — ГАРАДЗЕЯ — СТУДЗЁНКІ (МІНСКАЯ ВОБЛАСЦЬ)
Калі б у часы ВКЛ прашчуры Ігната Дамейкі не патрапілі ў Заслаўскае графства Мінскага ваяводства, то яшчэ невядома, як бы склалася гісторыя Рэспублікі Чылі. Таксама можна быць пэўным, што і самы вядомы твор Дамейкавага сябра Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш” не шмат бы меў шанцаў дайсці да чытача. З той самай, “заслаўскай” прычыны. У Заслаўі прайшлі найлепшыя гады жыцця сям’і Ігнатавага дзеда Казіміра Дамейкі. Тут жа, у заслаўскім касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі, пабудаваным у 1779 годзе архітэктарам Паўлам Фантана, у родавых крыптах знайшлі апошні спачын прабабка Ігната, яго дзед Казімір з жонкай і братам. Касцёл захаваўся, адрэстаўраваны, дзейнічае. Але крыпты Дамейкаў там ужо няма.
Гаспадарчая пабудова ў Целякаве
У арандаваным у Радзівілаў фальварачку Целякаў на ўсход ад Узды сын Казіміра Іпаліт Дамейка прыйшоў да думкі, што час ажаніцца наспеў. З невядомай прычыны шукаць спадарожніцу жыцця ён вырашыў не ў родных Заслаўскай ці Уздзенскай парафіях былога Мінскага ваяводства, а ў Стваловіцкай (сёння Сталовічы) Наваградскага ваяводства. Абранніцай Іпаліта стала Караліна Анцута, прадстаўніца вельмі старога роду з Берасцейшчыны. У Целякаве прыйшлі на свет Марыя (1798) і Адам (1799). Спярша яны былі ахрышчаны святаром Целякаўскай уніяцкай царквы, а потым хрост быў дапоўнены ва Уздзенскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа (1798 года пабудовы). Гэты касцёл вядомы яшчэ і тым, што ў ім у ХІХ стагоддзі былі ахрышчаныя бацька кампазітара Міхала Грушвіцкага, дзед і бацька паэта Янкі Купалы. Марыю, якая неўзабаве памерла, пахавалі на уздзенскіх могілках. Магчыма, недзе блізу пірамідальнай капліцы роду Завішаў. Бо Завішы, уласнікі Узды, былі сябрамі Дамейкаў і хроснымі іх дзяцей.
Пасля таго як скончыўся тэрмін арэнды Целякава, Дамейкі пераязджаюць ў Мядзвядку (пра яе будзе далей). У Целякаве ад колішняй сядзібы захаваўся ставок і каменны гаспадарчы будыначак. Насупраць яго, на падмурках сядзібы, за савецкім часам пабудавалі сельскі клуб. Захаваўся і драўляны касцёл ва Уздзе. У савецкія часы ў ім быў клуб. Потым будынак доўгія гады стаяў закінуты. Сёння ён належыць мясцоваму прадпрымальніку, які выкупіў яго, каб выратаваць ад канчатковага заняпаду і знішчэння.
Развітаемся мы з Мінскай вобласцю ў Гарадзеі і Студзёнках. У 1884 годзе ўжо сусветна вядомы вучоны Ігнат Дамейка вырашыў пабываць на Бацькаўшчыне. Ехаў ён чыгункай, аб якой у час яго развітання з Радзімай у 1831 годзе не марылі нават пісьменнікі-фантасты. І на станцыі Гарадзея праз столькі гадоў нага Ігната Дамейкі нарэшце ступіла на бацькоўскую зямлю. І ўжо адсюль пачалася яго няспешная вандроўка конным экіпажам па родных, вядомых з дзяцінства мясцінах. У Гарадзеі завітаў ён да старых знаёмых Брахоцкіх, у якіх бываў хлапчуком разам з маці. Палац Брахоцкіх у вёсцы Новы двор захаваўся даволі няблага. Тэарэтычна мог пабываць Ігнат Дамейка і ў вёсцы Студзёнкі, ад якіх да Гарадзеі каля кіламетра. Бо яго дваюрадная сястра, славутая Марыля Верашчака, даводзілася сваячніцай Каліноўскім, якія ў ХІХ стагоддзі валодалі гэтым маёнтачкам.
КАЎПЕНІЦА — САЧЫЎКІ — БАРТНІКІ — ВОЛЬНА — ПАЛАНЕЧКА — ТУГАНАВІЧЫ — КАМЕНЬ ФІЛАМАТАЎ (КАРЧАВА) — ДАЛМАТАЎШЧЫНА — КРАШЫН (БРЭСЦКАЯ ВОБЛАСЦЬ)
Пасля знаёмства з родавым гняздом Дамейкаў на Міншчыне самы час наведацца ў родныя мясціны Анцутаў, з якіх паходзіла маці Ігната. Род гэты стары як свет, быў вядомы ў Берасцейскім ваяводстве за шмат год да Грунвальда. Не раз Анцуты перакрыжоўваліся сваяцтвам з Касцюшкамі, аб чым Дамейка даведаўся толькі ў 1884 годзе. Дзед Ігната, брэсцкі земскі суддзя Адам Анцута, перабраўся ў Наваградскае ваяводства ў сярэдзіне XVIII стагоддзя. Спярша жыў у Каўпеніцы, дзе ў яго нарадзілася большасць дзяцей, а потым за 110 тысяч злотых набыў Сачыўкі. Там у 1772 годзе нарадзілася Караліна, маці Ігната. Дарэчы, Каўпеніца слаўная яшчэ і тым, што ў 1779 годзе там бралі шлюб Антон Маджарскі і Тэафілія Алізаровіч, бацькі маці кампазітара Станіслава Манюшкі. У Сачыўках захаваліся стары флігель, руіны лядоўні і частка прысядзібнага парка.
У часы, калі Ігнат Дамейка вучыўся ў Віленскім ўніверсітэце, Бартнікі і Вольна (маёнтак роду Слізеняў) выкарыстоўваліся студэнтамі-філаматамі і філарэтамі як летняя штаб-кватэра. Тут пад кіраўніцтвам шкаляра Юзафа Сурэвіча (будучай зоркі віленскай сцэны) яны ставілі рознага кшталту тэатральныя дзеі. Чыталі першыя вершы і спявалі знакамітыя філамацкія песні. Тут пляліся і амурныя сеці. Часам паспяхова. У Бартніках захавалася драўляная сядзіба XVIII — XIX стагоддзя, якая бачыла Яна Чачота і Тамаша Зана, Ігната Дамейку і многіх іншых. На вясковых могілках захавалася ўнікальная капліца-пахавальня Слізеняў. А ў Вольнай — старая барочная царква 1768 года пабудовы. Спярша ўніяцкая, а ў наш час Свята-Троіцкая праваслаўная.
Палац у Паланечцы. Малюнак Напалеона Орды
Наступны пункт — Паланечка, якая можа стаць цэнтрам турыстычных маршрутаў. Прыкладам, “Шляхі Філаматаў і Філарэтаў”, бо ад радзівілаўскага палаца ва ўсе бакі, нібы промні сонца, разыходзяцца сцежкі да маёнткаў некаторых вядомых прадстаўнікоў гэтых таварыстваў — Дамейкі, Міцкевіча (Завоссе), Петрашкевіча (Буйневічы), Чачота (Малюшыцы і Новая Мыш), Слізеня. А Далматаўшчына Антона Вярбоўскага, які быў жанаты з Марыяй, сястрой Ігната Дамейкі? А Туганавічы, дзе жыла муза Адама Міцкевіча, згаданая вышэй Марыля Верашчака, маці якой была цёткай Ігната Дамейкі? А камень філарэтаў у Карчава? І гэта толькі тое, што ляжыць на самай паверхні. Які маёнтачак ні схапі, за кожным гісторыя і цікавыя радаводныя сувязі.
Перад тым як пакінуць Брэсцкую вобласць, завітаем у Крашын. Належаў ён, як і Паланечка, спярша князю Мацею Радзівілу (аўтару лібрэта да оперы “Агатка, або Прыезд пана”). Потым яго нашчадкам — Канстанціну і Антаніне, якія пасля смерці бацькі падзялілі спадчыну такім чынам: Канстанцін атрымаў Паланечку, а яго сястра — Крашын. Гэтыя Радзівілы выдатна ведалі і падтрымлівалі ў цяжкі час старую філамацкую гвардыю. Таму ў 1884 годзе Ігнат Дамейка і яго сябра Антон Адынец завіталі да гаспадароў Крашына і пасадзілі на памяць пра свой візіт два дубкі.
ВЯЛІКАЯ МЯДЗВЯДКА —МІР — ЖЫБАРТОЎШЧЫНА — ЗАПОЛЛЕ — ШЧУЧЫН (ГРОДЗЕНСКАЯ ВОБЛАСЦЬ)
Як мы ўжо памятаем, пасля Целякава Дамейкі пераязджаюць у Мядзвядку, набытую ў 1800 годзе ў Яблонскіх за 100 тысяч злотых. Сам Ігнат Дамейка лічыў, што ён нарадзіўся ў Мядзвядцы і быў ахрышчаны 31 ліпеня 1802 года ў парафіяльным касцёле ў Паланечцы. Але дагэтуль не знойдзена метрыка ягонага хросту, таму пацвердзіць гэтую інфармацыю не ўдаецца. У Мядзвядцы нарадзіліся брат і сёстры Ігната — Казімір (1803), Антонія (1805) і Марыя. Тут прайшлі іх дзіцячыя гады. Але маленства было азмрочана заўчаснай смерцю бацькі ў 1809 годзе. Пахавалі Іпаліта Дамейку з нейкай невядомай прычыны не ў Паланечцы, а ў Міры. Прычым каля ўніяцкай царквы з левага боку, аб чым згадвае ва ўспамінах Ігнат. Сёння ніякага следу ад надмагілля Іпаліта не засталося. А вось у Мядзвядцы ад сядзібы тое-сёе ўсё ж захавалася: падмуркі сядзібнага дома, руіны стайні, кароўніка і кузні, флігель. Флігель гэты, каб выратаваць ад знішчэння, пару год таму набыў краязнаўца Ігар Клімчанка. Цяпер будынак аднаўляецца, і ў будучым у там павінна з’явіцца музейная экспазіцыя. На вясковых могілках захавалася былая ўніяцкая, а цяпер праваслаўная царква Узнясення Гасподняга XVIII стагоддзя, у якой, паводле падання, блізу алтара пахаваны Казімір, малодшы брат Ігната Дамейкі.
Царква ў Мядзвядцы. Фота: radzima.org
Пасля смерці Іпаліта Дамейкі яго браты не пакінулі сям’ю памерлага брата на волю лёсу. Так Ігнат трапіў у Жыбартоўшчыну каля Дзятлава да свайго цёзкі Ігната. Той, маючы агранамічную адукацыю, змалку прывучыў Ігната да працы на зямлі і садаводства. Сядзібны дом Дамейкаў, якому пашанцавала перажыць два не самыя простыя ў гістарычным плане стагоддзі, прыйшоў у заняпад зусім нядаўна. Сёння будынак стаіць без даху і паступова руйнуецца. Жыбартоўшчына з’яўляецца ўласнасцю прадпрымальніка Канстанціна Шуляка. І гэта адзіная сядзіба Дамейкаў, якая яшчэ існуе і не пераўтварылася ў гару друзу або попелу.
З Жыбартоўшчыны едзем у Заполле каля Ліды, дзе жыў другі дзядзька Ігната Юзаф Дамейка, дыпламаваны горны інжынер. Юзаф змог прышчапіць Ігнату цікавасць да геалогіі, мінералогіі, прыродазнаўства і іншых навук. А каб цікавасць замацаваць, адправіў пляменніка ў славутую Шчучынскую піярскую школу. Сядзібы ў Заполлі даўно няма. Ёсць яміна, парослая кустоўем, рэшта прысадаў, памятны камень пры дарозе. І засталіся яшчэ мясцовыя жыхары, якія могуць распавесці турыстам пра тое, як яно было раней. Трэба толькі трапіць у Заполле ў добры час.
Калегіум і парафія Ордэна Піяраў у Шчучыне. Фота: pijary.info
І завершым мы наш маршрут на Шчучыншчыне. Там, як і ўвогуле на Гарадзеншчыне, Дамейкам вельмі ганарацца, шануюць яго памяць. Ёсць два школьныя музейчыкі ў Міры і Крупаве, памятныя камяні, помнік. Апантаныя асобай славутага земляка краязнаўцы сёлета пасадзілі дубкі ў яго гонар, рыхтуюцца годна адзначыць 220-годзе з дня нараджэння Ігната Дамейкі. У чым мы іх, безумоўна, падтрымаем!