Фрагмент спектакля. Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ.
Сярод шэдэўральных увасабленняў п’есы — аднайменны балет швецкага харэографа і рэжысёра Матса Эка, пабудаваны на супрацьстаўленні музыкі І.С.Баха з яе агульначалавечымі філасофскімі глыбінямі, гітарнага фламенка, адказнага за іспанскі тэмперамент, і... аглушальнай цішыні кульмінацый. Тэма фізічнага і маральнага прыгнёту вырашалася праз мужчынскую пластыку — не Пепе Рымляніна, у якога закаханы ўсе пяцёра дачок, а іх жорсткай, безапеляцыйнай маці: роля Бернарды была аддадзена танцоўшчыку. У Мінску ў канцы 1990-х Раду Паклітару — выхаванец прафесара Валянціна Елізар’ева, а цяпер сусветна знакаміты балетмайстар — паставіў “Дом Бернарды Альбы” на беларускіх гімнастак, спраецыраваўшы тэму ўціску і жорсткага суперніцтва ў галіну спартыўных трэніровак і дасягненняў.
У цяперашняй прэм’еры, увасобленай маладой рэжысёркай Лізай Машковіч, ёсць і пластыка, і музыка, нават спевы, але спектакль скіраваны ў іншы бок — гендэрны. Бернарда Наталлі Капітонавай — зусім не яе Кабаніха ў ранейшым спектаклі “Калі б ведаць...” мастацкага кіраўніка тэатра Сяргея Кулікоўскага паводле “Навальніцы” А.Астроўскага. Залежная ад састарэлых традыцый і суседскіх плётак, глухая да перасцярог прыслужніцы і, па сутнасці, адзінай сяброўкі Понсіі (Таццяна Жданава), яна становіцца самай, бадай, трагічнай фігурай аповеду. У цэнтры аказваецца паядынак не маці з дачкамі, не дачок паміж сабой, а Бернарды і Понсіі — іншымі словамі, супрацьстаўленне сляпых забабонаў, што ў доме, маўляў, усё спакойна, — і цвярозага розуму, які прадбачыць эмацыйны выбух, ды не мае паўнамоцтваў яго супыніць.
Узмацняючы гендэрную праблематыку, рэжысёр пашырае ролю бабулі Марыі Хасэфы (Людміла Баталава), аддаючы ёй рэплікі і сцэны іншых персанажаў і тым самым робячы яе не проста звяр’яцелай старой, а гэтакай сімвалічнай фігурай юродзівай вяшчункі — кімсьці накшталт блазна пры каралі ў драматургічнай класіцы. Дуэт Жданавай — Баталавай становіцца рухавіком спектакля, а Понсія ў такім выкананні — сапраўдным духоўным стрыжнем усёй сям’і і ўласна спектакля.
Ксенія Харашкевіч у ролі Адэлы. Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ.
Артысткам, якія іграюць дачок, пакуль не хапае ўнутранай напоўненасці роляў, і гэта не спрыяе іх індывідуальнасці. Магчыма, такі агульны партрэт хіба з мінімальнымі ўласнымі рысамі быў прадугледжаны рэжысёрскай канцэпцыяй, дзе вылучаецца толькі малодшая Адэла (Ксенія Харашкевіч), дый тое праз зялёную сукенку замест чорнай. Але, пагадзіцеся, больш яркі канфлікт між адметнасцю кожнай сястры і іх неабходнасцю быць, “як усе”, толькі ўзмацніў бы зададзеную праблематыку.
Мужчынскіх роляў у п’есе няма: Пепе ўвесь час толькі згадваецца, але так і не з’яўляецца. Але гэты прыём драматурга не столькі прадказвае больш пазнейшага “недачаканага Гадо” С. Бэкета, колькі дазваляе кожнай глядачцы намаляваць свой жаданы ідэал. У цяперашнім спектаклі Пепе (Валянцін Уласень) раз-пораз мільгае-выплывае ў прыцемках на адлегласці. Разгледзець яго напоўніцу можна хіба на паклоне. І дадаткова пераканацца, што ў дачыненні любой з дачок гэта зусім не доўгачаканы прынц на белым кані. Каб падкрэсліць гэта, Л.Машковіч крыху змяняе фінал: Пепе не ратуецца ад кулі Бернарды — ён папросту збягае, калі Адэла просіць яго пацвердзіць іх каханне. Адпаведна, прычынай самагубства малодшай дачкі становіцца не ўяўная фізічная страта каханага, без якога жыццё страчвае сэнс, а страта самой веры ў каханне і хоць якой магчымасці пакінуць нялюбы дом. Такая характарыстыка героя канчаткова робіць цэнтральнымі актуальныя сёння гендэрныя пытанні, а менавіта — супрацьстаянне моцных жанчын і слабога духам, ніякаватага мужчыны, адзінай перавагай якога можна лічыць іншую палавую прыналежнасць.
Працяг тэмы — у газеце "Культура" №16 за 16 красавіка.