Маршрут пралягаў праз дзве вёскі Пятрэвіцкага сельскага савета — Каменка і Навіны. Паселішчы гэтыя знаходзяцца не далёка ад Навагрудка, так што выезд зацягнуўся амаль што на ўвесь дзень. Абслугоўваючы чытачоў, мы зрабілі 7 прыпынкаў.
ЧЫМ БАГАТЫЯ СКРЫНКІ?
Пачатак рабочага дня бібліятэкара бібліобуса пачаўся з падрыхтоўкі рабочага месца, на што было патрачана 40 хвілін. Найперш яна рассартавала кнігі і часопісы, размеркавала іх па 10 скрынках. Там літаратура размеркавана па відах і жанрах выданняў: кнігі і часопісы, некалькі свежых нумароў газет; жаночыя раманы і дэтэктывы; дзіцячая літаратура і г.д. Абавязкова ідзе падзел на беларускую, рускую (расійскую) і замежную літаратуру. Літаратура па папярэдніх заяўках чытачоў таксама змяшчаецца ў асобную скрынку, гэта аблягчае пошук бібліятэкару і садзейнічае
больш аператыўнаму абслугоўванню чытачоў. Каб не было блытаніны, маецца спецыяльная скрынка для літаратуры, якую вяртаюць чытачы падчас выезду, яе бібліятэкар назвала “каранцінам”, звычайна там кнігі адстойваюцца, а потым трапляюць у “свае” скрынкі.
Дарэчы, касцяк фонду, які лічыцца за бібліобусам, пастаянна дапаўняецца літаратурай з абанемента і чытальнай залы Навагрудскай раённай бібліятэкі, у асноўным яна па заяўках чытачоў бібліобуса. Потым гэтыя кнігі і часопісы вяртаюцца на кніжныя паліцы бібліятэкі.
Што тычыцца перыёдыкі, яна тут на 80 працэнтаў з фонду чытальнай залы, пры гэтым выкарыстоўваюцца як новыя, так і часопісы мінулых гадоў. Да месца сказаць, сярод іх ёсць часопісы, якія не паступаюць у чытальную залу бібліятэкі, а выпісваюцца спецыяльна для бібліобуса. А вось газеты карыстаюцца невялікім попытам, і гэта зразумела: з дня ў дзень губляецца іх актуальнасць, таму чытачамі яны заказваюцца рэдка, хіба толькі “Навагрудскія епархіяльныя ведамасці”.
ЧАС МЯНЯЦЬ ГАЗЕЛЬ!
Умовы для абслугоўвання чытачоў у бібліобусе не зусім прыдатныя. Мікрааўтобус Газель — 2007 года — за 15 гадоў, выпрацаваў свой рэсурс, тут холадна і цесна. 21 лютага, калі мы выязджалі, было дрэннае надвор’е, ішоў дождж, і тыя, хто падыходзілі да бібліобуса, не мелі магчымасці там схавацца, таму людзі стаялі і моклі на вуліцы. Той чытач, да каго падыходзіла чарга абслугоўвацца, садзіўся на лаўку прама на ўваходзе, насупраць бібліятэкара. Менавіта вось тут і адбываўся яго запіс, а таксама запіс выбраных ім кніг. Гэта працэдура адбываецца на прыстасаваным століку, які адпавядае вышыні звычайнага пісьмовага стала, а каб было прыгажэй і ўтульней, ён пакрыты самаробным настольнікам, але не толькі ў прыгажосці справа: на настольніку і рукі не так мерзнуць.
У КАМЕНЦЫ НАС ЧАКАЛІ
У першай вёсцы, а гэта была Каменка, людзі ўжо чакалі бібліобус. Парадавала, што чытачы бібліобуса увогуле цікавяцца жыццём бібліятэк Навагрудчыны: напрыклад, у бібліятэкары, які выехаў у той дзень іх абслугоўваць, яны пазналі лаўрэата абласной прэміі Аляксандра Дубко за 2021 год. Гэта была загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Навагрудскай раённай бібліятэкі Святлана Чубрык.
Дык вось, у Каменку бібліобус прыехаў каля 11 гадзін раніцы. Едучы па вёсцы, вадзіцель прасігналіў, пасля чаго зрабіў прыпынак у месцы, якое вызначылася гадамі практыкі курсіравання аўтабібліятэкі. Адразу да нас падышлі людзі, усяго 5 чалавек. Яны спяшаліся атрымаць кнігі, бо з хвіліны на хвіліну сюды павінна была прыехаць яшчэ і аўтакрама, месца стаянкі якой у іншым месцы, каля былога магазіна, што ў 200 метрах адсюль, і вяскоўцам яшчэ трэба было туды дайсці. Бібліятэкар жа для стаянкі бібліобуса месца абрала не фармальна, яна думала пра чытачоў: амаль усе яны пражываюць непадалёк. Менавіта так зручней ім, чытачам, а не бібліятэкару. Трэба заўважыць, што, са слоў гэтых людзей, цяпер у вёсцы ўсяго толькі 5 хат, дзе зімуюць людзі.
ЦЭНТР КАМУНІКАЦЫІ
За амаль што гадзіну, якую бібліобус знаходзіўся ў Каменцы, быў не толькі здзейснены абмен літаратуры (з новых чытачоў з’явіўся толькі адзін, астатнія прайшлі перарэгістрацыю яшчэ ў студзені), але і праведзена віншаванка “Свята роднай мовы”, раздадзены тэматычныя закладкі. Хтосьці пагадзіўся сфатаграфавацца каля аўтабібліятэкі.
Увесь час паміж людзьмі вяліся размовы, і гутарка была не толькі пра кнігі і па прадыктаванай бібліятэкарам тэме роднай мовы, людзі самі ўздымалі цікавыя ім пытанні. Так было не толькі тут, у Каменцы, але і далей па маршруце, у вёсцы Навіны. Чытачам вельмі хацелася абмеркаваць з аднавяскоўцамі, дый з намі, пачутае па тэлевізары і радыё. А ў вёсцы Навіны тыя, хто маладзейшы, з камандай бібліобуса дзяліліся сваімі надзённымі справамі, некаторыя нават расказвалі пра хатнюю гаспадарку, мужоў, з вадзіцелем раіліся па пытаннях пабудовы печак (аказваецца, наш Аляксандравіч у гэтым — спецыяліст), замаўлялі кнігі па гэтай тэме. Я ведала пра такое, ведала, што так адбываецца, але тут убачыла сваімі вачыма, і гэта пацвердзіла маю думку, што бібліобус патрэбны не толькі як цэнтр чытання, але і як цэнтр камунікацыі. Для вяскоўцаў мы праменьчык святла.
ПРЫПЫНЯЛІСЯ ЛЯ КОЖНАЙ ХАТЫ
У вёску Навіны мы дабраліся апоўдні. Мы пад’язджалі амаль што да кожнага дома, дзе жывуць чытачы, і добра, што вадзіцель помніць усіх іх, але, да слова, жылых дамоў у вёсцы таксама мала, ну, вядома, не так крытычна, як у Каменцы, але, са слоў чытачоў, добра, калі ў агульнай колькасці ў вёсцы зімой пражывае 40 чалавек.
Да тых, хто не рэагаваў на сігнал машыны, бібліятэкар заходзіла ў хату і асабіста запрашала наведаць бібліобус. Усе ішлі з задавальненнем, выбіралі сабе па гусце літаратуру, у гэты дзень асаблівай папулярнасцю карыстаўся аўтар дэтэктываў Фрыдрых Нязнанскі, былі ўзяты і кнігі беларускага пісьменніка Івана Шамякіна, асабліва прыемна гэта было ў Дзень роднай мовы. Былі добрыя эмоцыі, але было і нешта, што выклікала хваляванні за людзей, якія жывуць удалечыні ад раённага цэнтра.
Нягледзячы на ўсё гэта, бібліобусу і кнігам у вёсках былі рады, і гэта ўсяляла аптымізм, было відавочна, што праца бібліятэкара вельмі запатрабавана. А калі бачыш вынік, хочацца яшчэ руплівей працаваць і старацца. Але, заўважу, работа гэта даволі цяжкая, у азначаных вышэй складаных умовах бібліятэкару толькі паспявай круціцца, пры гэтым чытачы, на жаль, не вельмі турбуюцца пра яго здароўе: у сённяшні такі небяспечны перыяд пандэміі каранавірусу амаль ніхто з чытачоў не надзеў маску, нават была жанчына, якая літаральна цяпер хварэла, і яна напрамую казала пра гэта, але маскі на твары не мела. Для такіх выпадкаў, напэўна, трэба ў бібліобусе мець запасныя маскі, каб засцерагчы бібліятэкара, каб ён раздаваў гэтыя маскі хаця хворым чытачам.
У вёсцы Навіны абслужылі 10 чытачоў, 4 з іх запісаліся ў гэты дзень. Усе бралі вялікую колькасць кніг і часопісаў — у сярэднім па 9,3 экзэмпляры. А адна чытачка, якая нідзе не працуе, увогуле узяла 22 кнігі. Вядома, гэта перавышае колькасць кнігавыдач на аднаго чытача паводле Тыпавых правілаў карыстання бібліятэкамі, зразумела, што 5 дазволеных кніг для чытання на працягу месяца (згодна з графікам выездаў, бібліобус выязджае па маршруце 1 раз на месяц) для вольнага ад працы чалавека зусім мала. На маё пытанне, адрасаванае чытачцы з 22 кнігамі, ці паспее яна прачытаць такую колькасць кніг да наступнага прыезду бібліобуса, яна адказала, што, наадварот, гэтых кніг ёй нават не хопіць для чытання на працягу месяца.
ПЭЎНЫЯ ВЫСНОВЫ
Падводзячы вынікі выезду і аналізуючы склад чытачоў бібліобуса маршрута “Каменка — Навіны” па ўзроставай катэгорыі, прыходзіш да высновы, што 69% — гэта пажылыя людзі, 62,5% — жанчыны, тут яны, зрэшты, як заўсёды і ўсюды, больш актыўныя, але 37,5% мужчын — таксама няблага. І вось тут для бібліятэкараў у мяне наспела добрая навіна: кнігі ўсім гэтым людзям сапраўды вельмі патрэбныя, нас, бібліятэкараў, у вёсках чакаюць і нам там сапраўды рады, не менш, чым аўтакраме. Сюды, у глыбінку, гэтую радасць можа даставіць толькі бібліобус, які ў Навагрудку патрабуе неадкладнай замены на новы, больш сучасны і абсталяваны транспартны сродак.
Паглядзеўшы на гэта ўсё, я зрабіла выснову, што зусім не абавязкова, каб у тым бібліобусе былі сродкі аўтаматызацыі, галоўнае, каб чалавеку там было зручна, прасторна, цёпла і каб бібліятэкар там быў абаронены ад магчымасці захварэць — ці то ад холаду, ці то ад вірусу.
“ФАТАГРАФІЯ” БЕЗ ПРЫКРАС
Вось такая “фатаграфія” рабочага дня бібліобуса ў мяне атрымалася. Гэта не карціна, дзе аўтар можа штосьці падмаляваць, я гэтага не рабіла, бо стан маёй душы патрабуе праўды. Дапускаю, што гэтая праўда на іншых маршрутах ды раёнах Беларусі іншая. Таму хацелася б на старонках “Культуры” пачытаць яшчэ чые-небудзь меркаванні па тэме, але толькі без пафасу, каб пісалі, як ёсць. Думаю, не толькі мне, а ўсім бібліятэкарам цікава параўнаць, наколькі кнігі і чытанне запатрабаваны ў іншых мясцовасцях. А яшчэ мне асабіста хацелася расказаць усім, ад каго залежыць будучыня нашых устаноў, што насамрэч бібліятэкі і кнігі патрэбныя грамадству, і вельмі балюча сёння адчуваць недаацэнку бібліятэчнай справы — любімай справы майго жыцця.
Фаіна МАЛЮЖЭНЕЦ, метадыст Навагрудскай раённай бібліятэкі
Фотаздымкі з архіва Навагрудскай раённай бібліятэкі.