— Зразумела, абранне горада культурнай сталіцай служыць не толькі адзнакай ранейшых дасягненняў, але і штуршком для здабыцця нечага новага. Якія магчымасці адкрывае ганаровы статус?
— Самае галоўнае, на маю думку, што мы атрымалі яшчэ адну выдатную магчымасць паказаць усё багацце аршанскай зямлі, вынікі працы культурнай галіны горада і раёна. Для гэтага запланавана мноства мерапрыемстваў розных напрамкаў — ад невялікіх выстаў і мясцовых фестываляў да буйных рэспубліканскіх праектаў. Статус культурнай сталіцы — гэта таксама нагода даць старт новым ідэям. Напрыклад, нашы сельскія ўстановы культуры ўпершыню на працягу года будуць адзначаць усе галоўныя даты народнага календара. Канешне, раней у розных пунктах ладзілі Купалле, Спас і іншыя традыцыйныя святы, але іх поўнае кола бяромся ўзнавіць упершыню.
— Чым яшчэ напоўніце афішу?
— На чэрвень запланаваны рэспубліканскі фестываль “Орша — калыска беларускага льну”, прымеркаваны да Дня работнікаў лёгкай прамысловасці. Думаю, выбар месца для такога свята відавочны: у нас працуе буйны камбінат па вытворчасці льняной тканіны, дзейнічае інстытут ільну Нацыянальнай акадэміі навук. У рамках фестывалю адбудуцца выставы, дэфіле і іншыя імпрэзы. Горад па традыцыі прыме рэспубліканскі фестываль-конкурс патрыятычнай песні “Сердцем причастны” і абласны конкурс патрыятычнай песні. Гэта мерапрыемствы, асабліва важныя для грамадзянскага выхавання моладзі, бо там гучаць творы пра мужнасць, доўг, любоў да радзімы. Рыхтуемся таксама да міжнароднага пленэру дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Копысі, куды запрошаны творцы з блізкага замежжа. Падзея штогод расце і прыцягвае новых мастакоў, якія прыязджаюць да нас не толькі папрацаваць у маляўнічым месцы, але і абмяняцца вопытам з калегамі. Яшчэ адзін міжнародны творчы форум зладзіць наш музейны комплекс. Зусім хутка ў гарадской мастацкай галерэі Віктара Грамыкі адбудзецца адкрыццё біенале “Калегіум”.
— Ведаю, што поспехі ёсць не толькі ў творчым плане. Як сёлета ўзбагаціцца матэрыяльна-тэхнічная база?
— У нас ідуць працы на двух буйных аб’ектах. Гэта ўзвядзенне новага музея Канстанціна Заслонава і капітальны рамонт Палаца культуры ў Барані. У апошнім замянілі дах, вокны, дзверы, абнавілі фасад і памяшканні. У палацы цяпер створаны ўсе ўмовы для заняткаў харэаграфічных, вакальных і тэатральных калектываў. Зроблена малая канцэртная зала і праведзена мадэрнізацыя вялікай залы. Там усталявалі гукапаглынальныя панэлі, плануецца мантаж светлавога і гукавога абсталявання, святлодыёднага экрана. Спадзяёмся, што да Дня Перамогі абноўлены палац адчыніць дзверы для наведвальнікаў.
— Асаблівы статус, верагодна, дапаможа прыцягнуць увагу турыстаў да вашага краю. Можна разлічваць на цікавую вандроўку?
— Сапраўды, у Оршы і ваколіцах ёсць на што падзівіцца гасцям. Напрыклад, візітоўкай горада лічыцца былы калегіум езуітаў. На эмблеме сёлетняй культурнай сталіцы, вядома, вырашылі размясціць выяву гэтага помніка. Пасля маштабнай рэканструкцыі ў гістарычным будынку размясціліся дзіцячая гарадская бібліятэка імя Уладзіміра Караткевіча, гарадская мастацкая галерэя Віктара Грамыкі, аддзел культуры райвыканкама. Увогуле на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны праводзяцца работы, якія дазваляюць падтрымліваць іх у належным стане. Нельга даводзіць помнікі да крытычнага стану, таму мы нацэльваем уласнікаў двойчы на год праводзіць агляды і адразу выдаткоўваць сродкі на неабходныя меры.
Думаю, турыстам будзе цікава наведаць і наш этнаграфічны музей “Млын”, дзе можна трапіць на начную інтэрактыўную “Містычную экскурсію”. Увогуле госці лёгка знойдуць падказкі ў Інтэрнэце, бо мы працуем з турыстычнымі анлайн-пляцоўкамі, размяшчаем там інфармацыю — гатовы маршрут па цэнтры горада. Пазнаёміцца з Оршай дапамогуць таксама QR-коды, якія мы плануем размясціць на гістарычных будынках. Так наведвальнікам будзе прасцей дакрануцца да мінуўшчыны і даведацца пра значэнне аб’ектаў.
Данііл ШЭЙКА