Я неяк запытаўся ў Івана Якімавіча, якую сваю работу ён лічыць галоўнай. “Усе работы, — адказаў мэтр. — А самая галоўная з першых — тая, за якую мы атрымалі Дзяржаўную прэмію СССР. Помнік у Жодзіна Марыі Купрыянавай — маці, што згубіла на вайне ўсіх сваіх сыноў. А зараз я працую над кампазіцыяй, якая мусіць вобразна ўвасобіць цяжкі шлях у Космас. Я прысвячаю яе канкрэтнаму касманаўту, але сам вобраз абагульнены, а сімволіка не мае нацыянальнай прывязкі. У космасе няма межаў. Асваенне ж гэтага бязмежжа патрабуе высілкаў усяго чалавецтва”.
Як вядома, касмічная тэма стала для творчасці Івана Міско стрыжнявой. Фактычна ён стварыў мастацкі летапіс касмічных палётаў у форме партрэтнай галерэі. Ён свой чалавек у Зорным гарадку. У тых, каго рыхтуюць да палётаў, ёсць нават прыкмета: з двух прэтэндэнтаў, асноўнага і дублёра, у космас паляціць той, чый партрэт узяўся вылепіць Іван Міско.
У свой час для мяне было загадкаю, чаму людзям, для якіх касмічныя праекты — прафесійная дзейнасць і рабочая завядзёнка, падабаюцца творы менавіта рэаліста-традыцыяналіста Міско, напрыклад, а не з творцаў “авангарднага” напрамку. Вядома, што ў зорнае неба ўзіраўся Камізір Малевіч, неабыякавымі да гэтай тэмы былі вялікія сюррэалісты. Што датычыць абстрактнай стылістыкі, дык яна нібыта спецыяльна створана, каб распавядаць пра рэчы, патлумачыць якія на побытавым узроўні даволі складана. Пра космас у тым ліку. Было загадкаю, пакуль не прачытаў у вядомага тэарэтыка архітэктуры пра тое, што знаёмыя яму людзі інжынернага саслоўя, стваральнікі фантастычнай тэхнікі, у побыце аддаюць перавагу жытлу кшталту старасвецкай сядзібы, а не футурыстычным хайтэкаўскім пабудовам. Чалавеку — чалавечае. А тым больш калі космас — у пэўным сэнсе звычайная, хоць і патрабуючая ўнікальных ведаў і кваліфікацыі работа, дык і прафесіяналы да яе ставяцца спакойна, без пафасу. І ім падабаецца, што на партрэтах Івана Міско яны проста людзі. Так, кожны з іх са сваім характарам, амбіцыямі, але нічога “звыш” і “супер”. Працуюць з небам, але стаяць на зямлі.
Трактоўка касмічнай тэмы Івана Міско таму актуальная, запатрабаваная, бо адпавядае не толькі вузкаспецыялізаванаму, а грамадска шырокаму разуменню космасу як месца працы, а ў перспектыве — экспансіі. “Зямля — калыска чалавецтва, але нельга правесці ў калысцы ўсё жыццё”, — казаў напярэдадні касмічнай эры Цыялкоўскі, і абсалютна меў рацыю.
Дарэчы, Іван Акімавіч гранічна ўпэўнены, што Зямля — гэта не адзіны аазіс у Сусвеце, не адзіная планета, прыдатная для жыцця, і аднойчы адбудзецца наша сустрэча з іншапланецянамі. Прычым, магчыма, яна будзе ўспрымацца чалавецтвам, псіхалагічна падрыхтаваным да гэтай падзеі, так жа будзённа, як сёння — рэгулярныя палёты ў космас на працу.
Я калісьці чуў такое выслоўе: “Людзі імкнуцца да зорак, забыўшы, што Зямля — таксама зорка”. Дык вось нязгаснай зоркай для скульптара Івана Міско з’яўляецца Беларусь. Усім, хто цікавіцца нашым нацыянальным мастацтвам, каму падабаецца вандраваць па Беларусі, вядомыя ягоныя манументальныя творы ў розных мясцінах нашага краю. З апошніх, як мне падаецца — найбольш значных твораў, я згадаю помнік Льву Сапегу ў Слоніме. Ён быў адкрыты, калі горад стаў сталіцай чарговага Дня пісьменства.
Людзі заўжды глядзелі ў неба. Стагоддзямі разуменні “Бог” і “Абсалют” былі ў свядомасці людзей тоеснымі, і меркавалася, што іх месцазнаходжанне там, куды не сягае наша вока. У космасе, сказалі б мы сёння. Завоблачныя думкі — гэта, зрэшты, натуральна, але нехта мусіць дбаць пра ўладкаванасць жыцця на зямлі, на глебе. Такой асобаю быў вялікі канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега. Стваральнік Статута — адной з самых дасканалых заканадаўчых сістэм у гісторыі чалавецтва. Дарэчы, гэты геній шчыра верыў у Бога, у Абсалют і па маладых гадах ледзь не стаў святаром.
Я гэта ўсё да таго, што нашага слыннага скульптара заўжды вабілі вобразы асоб незвычайнага лёсу і таленту. Людзей, якіх лёс і асабістыя якасці, а сярод іх высокая маральнасць, узнялі над будзённасцю. Але пры гэтым яны засталіся глыбока ўкаранёнымі ў родную глебу. Гэта і дзяржаўны дзеяч, што даў краіне дасканалыя законы. І маці, чые дзеці не вярнуліся з вайны, дзе вырашаўся лёс краіны. І той, хто здолеў у літаральным сэнсе ўзняцца над Зямлёю дзеля агульначалавечай справы і ўбачыць сваю краіну як неад’емны чыннік планеты.