Увазе чытачоў прадстаўлена звыш 200 экзэмпляраў кніг, якія ўтрымліваюць інфармацыю аб славутых мясцінах, грамадскіх дзеячах і важных падзеях гістарычнага мінулага Беларусі. Экспазіцыя дазваляе паглыбіць свае веды ў вобласці культуры і гісторыі нашай краіны, звярнуўшы ўвагу на займальныя і раней невядомыя факты. Шматвекавая гісторыя беларускага народа сведчыць аб тым, як высока мы цэнім мір і дабрабыт на роднай зямлі, як беражліва ставімся да спадчыны мінулых пакаленняў і ўпэўнена будуем сучаснасць і будучыню дзяржавы.
ДЫЯЛОГ СТАГОДДЗЯЎ
Выставачны праект складаецца з некалькіх раздзелаў. Першы з іх — “Беларусь у дыялогу стагоддзяў” — змяшчае энцыклапедычныя, даведачныя і юрыдычныя выданні аб грамадска-палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці, гісторыі і сучаснасці Рэспублікі Беларусь, аб асаблівасцях фарміравання і развіцця беларускай дзяржавы і дзяржаўнай улады Беларусі, яе сімвалах (гімне, сцягу, гербе суверэннай Беларусі), законах і новаўвядзеннях у іх і г.д. Кнігі дадзенага раздзела адлюстроўваюць пераемнасць традыцый беларускага народа ад мінулага да сучаснасці, паказваюць гісторыю станаўлення самых вядомых беларускіх машынабудаўнічых тэхнік новага пакалення і інавацыйных распрацовак сучасных беларускіх канструктараў і брэндаў нацыянальнай эканомікі: АМКАДОР, БЕЛАЗ, МАЗ, МТЗ, БЕЛКАМУНМАШ, МЗКТ (Volat), БЕЛДЖЫ (Geely) і інш.
На Год гістарычнай памяці даводзіцца шмат знакавых дат, якія асвятляюцца на паліцах выставачнага праекта: 1160-годдзе з дня заснавання Полацка, 955-годдзе з дня заснавання Мінска, 100-годдзе з дня заснавання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, 210-годдзе з часу пачатку і заканчэння Айчыннай вайны 1812 г. і інш.
Тэма Вялікай Айчыннай вайны — незабыўная і невычэрпная частка нашай гісторыі. Яна прымушае помніць, хвалявацца і думаць аб несмяротным подзвігу салдат і тых фактарах, якія аказаліся вырашальнымі для Вялікай Перамогі, якой сёлета спаўняецца 77 гадоў. Праз гістарычную, дакументальную, навукова-папулярную і мемуарную літаратуру, кнігі, фотадакументы, энцыклапедыі, даведнікі па ваеннай гісторыі і ілюстрацыі, прадстаўленыя на выставе, мы акцэнтуем увагу чытачоў на нашай гісторыі, незабыўных трагічных момантах суровага часу, калі на роднай зямлі палаў агонь вайны. На дакладных гістарычных фактах і матэрыялах асноўныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны разглядаюцца ў выданнях, якія дэманструюцца на выставе.
МЫ ПРАПАНУЕМ ВАМ МАРШРУТ
У раздзеле “Славутыя мясціны Беларусі” прадстаўлены навукова-папулярныя выданні, якія распавядаюць аб гісторыка-культурнай спадчыне Зямлі пад белымі крыламі: аб лепшых турыстычных маршрутах па знакамітых мясцінах, храмах, музеях, аб дойлідстве і прыродных з’явах нашай краіны, вартых наведвання і абмеркавання. Сярод іх: Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Каложская царква, Нясвіжскі і Мірскі замкі, Полацкі Сафійскі сабор, спартыўны комплекс “Мінск-Арэна”, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Брэсцкая крэпасць, “Лінія Сталіна”, Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Браслаўскія азёры, Белавежская пушча і інш.
На нашай зямлі ўсё дыхае гармоніяй: сярэднявечныя замкі, маленькія сельскія цэрквы, старажытныя язычніцкія капішчы, гарадзішчы, лясы, якія захавалі прыгажосць першароднай прыроды, празрыстыя азёры, выдатныя мясціны Беларусі з гістарычнай і архітэктурнай значымасцю: Полацк, Нясвіж, Мір, Тураў, Аўгустоўскі канал і інш.
Акрамя таго, у раздзеле прадстаўлены кнігі, прысвечаныя гарадам, якім у Год гістарычнай памяці па першай згадцы ў летапісе спаўняецца з дня засваення: 955 гадоў — Мінску — сталіцы і найбольшаму гораду Беларусі (першая згадка — у летапісе “Аповесць мінулых часоў” пад 1067 г.):, 1160 гадоў — Полацку — найстаражытнейшаму гораду Беларусі і Усходняй Еўропы, калысцы беларускай дзяржаўнасці, культуры і духоўнасці (першае пісьмовая згадка патрыярха беларускіх гарадоў адносіцца да 862 года (“Аповесць мінулых часоў”).
15 верасня 2022 года галоўная бібліятэка нашай краіны адзначыць юбілей з дня заснавання. 100-годдзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўнесена ў спіс памятных дат ЮНЕСКА па рашэнні 41-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА 2021 г. Уваходжанне ў каляндар ЮНЕСКА пацвярджае значны ўклад бібліятэкі ў развіццё сусветнай культуры і папулярызацыю дзейнасці арганізацыі. Такое супрацоўніцтва спрыяе інтэграцыі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў сусветную бібліятэчную супольнасць і дазваляе ўзбагаціць дзейнасць па захаванні і выкарыстанні нацыянальнага культурнага здабытку. Усяго ў каляндар мерапрыемстваў ЮНЕСКА на наступныя два гады ўвайшло 67 найбольш важных падзей з усяго свету.
І СЛОВА ПРА КУЛЬТУРУ
Раздзел “Каларыт беларускай культуры” дэманструе рознагаліновую літаратуру, прысвечаную нацыянальнай самабытнасці Рэспублікі Беларусь, яе багатай архітэктурнай і культурнай спадчыне, народным традыцыям, абрадам і рамёствам. Сярод найбольш каларытных сімвалаў нашай краіны можна згадаць беларускі арнамент, габелен, ручнік, нацыянальны касцюм, слуцкія паясы, беларускую кухню, бусла, зубра, лён, васілёк і знакамітую беларускую бульбу, інфармацыю аб якіх можна знайсці ў шматлікіх выданнях.
Для прыхільнікаў беларускага мастацтва на выставе падрыхтаваны кнігі пра выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, архітэктуру і скульптуру, музыку, дызайн, тэатр і кіно.
СУПРАЦА З ВЫДАВЕЦТВАМІ
Выставачны праект “Гістарычная памяць — светлая будучыня” змяшчае і літаратуру апошніх гадоў розных выдавецтваў, з якімі супрацоўнічае бібліятэка, — “БЕЛТА”, “Беларусь”, “Адукацыя і выхаванне”, “Беларуская навука”, “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, “Звязда”, “Вышэйшая школа”, “Харвест”, “Мастацкая літаратура”. У шэрагу кніг знаходзяцца комплексныя звесткі пра нашу краіну і яе дасягненні ў розных сферах дзейнасці.
ВЫБІТНЫЯ АСОБЫ
Апошні раздзел, “Знакавыя постаці Беларусі”, знаёміць чытачоў з таленавітымі і выбітнымі людзьмі, гістарычнымі дзеячамі і пісьменнікамі, мастакамі і кампазітарамі, касманаўтамі і выдатнымі спартсменамі, якія так ці інакш паўплывалі на станаўленне роднай краіны, мовы, літаратуры і культуры. Гэта Францыск Скарына, Максім Багдановіч, Яўхім Карскі, Пётр Машэраў, Міхаіл Савіцкі, Мікалай Яроменка, Ігар Лучанок, Алег Навіцкі, Пётр Клімук, Алена Бялова, Аляксандр Мядзведзь.
У яскрава аформленых кнігах сабраны ўспаміны, інтэрв’ю, біяграфічныя звесткі, дакументальна-паэтычныя мемуары, дакументальныя аповесці, нарысы, эсэ, артыкулы, замалёўкі і эцюды, з дапамогай якіх можна адсачыць дзіўны жыццёвы шлях таленавітых людзей, чарадзеяў сцэны, грамадзян-патрыётаў, актыўных грамадскіх дзеячаў і нястомных вандроўнікаў. Згаданая літаратура займае пачэснае месца побач з іншымі выданнямі папулярнай серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”.
Цэлая галерэя знаёмых вобразаў паўстае ў выданнях серый “Славутыя мастакі з Беларусі”, “100 выдатных дзеячаў беларускай культуры” пра Ефрасінню Полацкую, Кірылу Тураўскагса, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Івана Шамякіна, Янку Маўра, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Івана Мележа, Кузьму Чорнага, Міхаіла Фінберга, Леаніда Шчамялёва, Расціслава Янкоўскага, Міхаіла Высоцкага, Пятра Клімука і іншых.
Асобнае месца адведзена пісьменнікам-юбілярам 2022 года — Янку Купалу (140 гадоў), Якубу Коласу (140 гадоў) і Максіму Танку (110 гадоў).
ЗАМЕСТ ЗАКАНЧЭННЯ
Прадстаўленыя на выставачным праекце “Гістарычная памяць — светлая будучыня” кнігі пашыраюць далягляд і дазваляюць даведацца пра тое, пра што чытачы нават не здагадваліся. Такія кнігі трэба чытаць з вялікай увагай, са шчырымі пачуццямі і з верай, каб быць упэўненым у тым, што ў нашай старонкі не толькі гераічнае мінулае, але і перспектыўная будучыня.
Я наўмысна не называю ў тэксце канкрэтныя выданні (іх вельмі шмат!), а запрашаю ўсіх ахвотных азнаёміцца з імі ў экспазіцыйнай зале галоўнага корпуса найстарэйшай бібліятэкі Беларусі.
Валянціна МЕДЗЕР, вядучы бібліятэкар аддзела абанемента Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі