ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:
Масленіца
Вясна
Дзед і Баба
Зазывалы
Суседкі
Цешча і зяць
Удзельнікі ансамбля
Да пачатку свята па вёсцы на санях раз’язджаюць музыкі, зазывалы і клічуць ўсіх на свята.
Зазывала 1: Запрашаем усіх на свята!
Зазывала 2: Добрыя людзі, спяшайцеся за намі!
Зазывала 1: Будзем Масленку сустракаць!
Зазывала 2: Да дванаццаці гадзін, сабірайся, як адзін!
На тэрыторыі ля Дома культуры працуюць падворкі, гульнявая пляцоўка, гандлёвыя кропкі, гучыць беларуская народная музыка.
Гучаць пазыўныя свята. На сцэне з’яўляюцца зазывалы.
Зазывала 1:
Добры дзень, госцейкі дарагія,
Пажылыя і маладыя,
Румяныя і свежыя,
Тутэйшыя і прыезджыя!
Зазывала 2:
Хутчэй збірайцеся, людзі,
Сёння весела ў нас будзе.
Ад усіх дзвярэй, ад усіх варот
Збірайся, спяшайся, народ!
Зазывала 1:
Усіх на свята запрашаем
І вяселле абяцаем!
Тут сумоце будзе пуста,
А ўсмешкам, жартам — густа!
Зазывала 2:
Сёння свята Масленкі!
Будзем песні спяваці,
Будзем гульні граці,
Масленку сустракаці!
Пад гукі песні “Дзяцел” на пляцоўцы з’яўляецца народны ансамбль “Вязанка”. Адна палова ўдзельнікаў калектыву ідзе з левага боку пляцоўкі, другая з правага. Праходзячы па дыяганалі крыж на крыж, вышнуроўваюцца па абодва бакі пляцоўкі. Адзін з удзельнікаў трымае ў руках пудзіла Масленіцы. Ён выходзіць апошнім у цэнтр сцэны. Удзельнікі калектыву заводзяць карагод вакол пудзіла. Напрыканцы карагода ўдзельнік, які трымае пудзіла Масленкі, устанаўлівае яго пасярэдзіне пляцоўкі.
Гучыць урачыстая музыка, на фоне якой мы чуем словы.
Удзельнік ансамбля:
Наша Масленка гадавая
Сёння госцейка дарагая!
Яна пешаю к нам не ходзіць,
Усё на коніках раз’язджае.
Удзельнік ансамбля:
Сіні лёд дрыжыць,
Белы конь бяжыць
На санях Масленіца
Да нас спяшыць!
Пакуль едзе Масленіца, удзельнікі калектыву вітаюць яе.
Удзельнік ансамбля:
Ой! Ды Масленіца на двор заязджае,
Шырокая на двор заязджае.
А мы яе сустракаем.
Удзельнік ансамбля:
Ой, ды Масленіца, пагасцюй у нас!
Музыка ўзмацняецца. Да пляцоўкі на санях пад’язджае жанчына ў вобразе Масленіцы. Яна выходзіць. Музыка працягвае гучаць фонам.
Масленіца: О-го-го! Хто тут мяне кліча?
Удзельнік ансамбля: Вось і госцейка дарагая — Масленіца! Павітаем яе!
Удзельнікі ансамбля і гледачы вітаюць Масленіцу апладысментамі. Масленіца ідзе да сцэны праз жывы калідор гледачоў.
Масленіца падымаецца на сцэну, удзельнікі вітаюць яе нізкім паклонам.
Удзельнік ансамбля:
Шчыра вітаем цябе,
Масленіца гадавая,
Наша госцейка дарагая!
Масленіца: Добры дзень, людзі добрыя, шаноўныя! Даўненька мяне ніхто так не вітаў, так сардэчна не сустракаў.
Удзельнік ансамбля: А ці надоўга ты да нас прыйшла?
Масленіца: Усяго на сем дзён. А ведаеце, з якога дня тыдня я пачыналася?
Адказ: з панядзелка.
Масленіца: Сапраўды з панядзелка.
Удзельнік ансамбля: Чым багацей мы Масленіцу адсвяткуем — тым больш ураджайны і багаты год будзе.
Масленіца: Гуляйце, весяліцеся на здароўе!
Удзельнік ансамбля: Дык давайце ж святкаваць Масленіцу весела! З гульнямі, танцамі, песнямі.
Ансамбль “Вязанка” выконвае беларускія народныя песні: “За днём дзянёк”, “Ванюша”, “Ой, там на ганку”, “За музыку не пайду”.
Масленіца: Цудоўна, весела спявалі. А зараз, паважаныя гледачы, адкажыце, калі ласка, у які дзень хлопцы на масленічым тыдні выбіралі сабе нявест. \
Адказ: у аўторак.
Масленіца: Малайцы, хлопцы, добра ведаеце, калі трэба нявест выбіраць.
А вось як выбіраюць нявест пратасевіцкія хлопцы. Узяліся ўсе ў бокі і пашлі ў скокі.
На сцэну выходзіць народны ансамбль “Сузор’е” і выконвае танец “Вішанька”.
Удзельнік ансамбля: Да танцаў мы здатныя і да спеваў прыдатныя.
У выкананні калектыву “Сузор’е” гучаць беларускія народныя песні “Марыся”, ”Кум”, “Кацярына”, “А ў лесе”.
Масленіца: А зараз давайце ўспомнім, чым сустракала цешча зяця на трэці дзень Масленіцы? (Цешчынымі блінамі.) Так-так, цешчынымі блінамі. А вось і сама хвалёная цешча.
Гучыць музыка, на сцэне з’яўляюцца цешча і зяць. Цешча выносіць горку бліноў.
Цешча: Зяць, даражэнькі, дзе ж ты схаваўся, дзе прытаіўся? Прыходзь да мяне на бліны са смятанай.
Зяць: Іду, цешча дарагая. (Падыходзіць да цешчы, а тая яго частуе.)
Цешча: Еж, зяцюшка дарагі! Еж на год уперад!
Зяць (есць бліны): Ем, цешча, дарагая, блін не клін, у роце не застране.
Цешча: Еж добра, ды глядзі не лопні!
Зяць: Вой, жывот баліць! Не магу больш есці! (Бегае па сцэне.)
Цешча: Што ж ты, зяць, мой зяцёк! Скажы мне ўсю праўду. Хто на свеце усіх мілей: цесць, ці цешча, ці жонка маладая, ці матулечка родная?
Зяць: Цешча мілая — для прывета, жонка — для савета, а матулечка родная — мілей за усіх на свеце!
Цешча: Той з гледачоў, хто адкажа, колькі бліноў у мяне ў горцы, будзе лічыцца самай лепшай цешчай, калі адкажа дзяўчына, і самым лепшым зяцем, калі адкажа мужчына. (Адказы гледачоў.) Малайцы, сапраўды ў гэтай горцы сем бліноў, як сем дзянькоў масленічнага тыдня.
Цешча: Ведаеш, мой родны зяцёк, што больш за ўсё я люблю?
Зяць: Хіба хто не ведае, што вы любіце песні слухаць і спяваць іх.
А вось і сапраўдныя майстры песні ідуць да нас у госці. Іх сустракаем, з імі спяваем, а хто змёрз, патанчыць запрашаем.
Народны хор “Чыстыя крыніцы” Вязаўніцкага СДК выконвае песню “Эх-ма, хорошо!”.
Масленіца: Добра святкуеце Масленіцу. А хто ведае, у які дзень пачыналася сапраўдная Масленіца. (Чацвер-разгуляй.) Гэта быў чацвер-разгуляй.
Малайцы, добра ведаеце, хто правільна адказаў, падыдзіце, калі ласка, да мяне. Дзеўкі, хлопцы, на сцэну паднімайцеся, з блінамі хутка распраўляйцеся. Хто першым блін з’ядае, той прыз атрымае.
Праводзіцца конкурс “Хто хутчэй з’есць блін”. Пераможца ўзнагароджваецца прызам.
Масленіца: Добра мне з вамі гуляць, але ліпеньскім прыгажуням хочацца песні для вас праспяваць.
На сцэне з’яўляецца народны ансамбль народнай песні “Ліпеньскія зоркі”.
Удзельніца ансамбля: Ой, добры дзень, людцы даражэнькія, і сталыя, і маладзенькія! Шмат вас на свята сабралася. Рады мы вас усіх прывітаць ды з Масленіцай павіншаваць! Мы вас не толькі вітаем, але і вясёлыя песні для вас заспяваем.
Выступленне калектыву “Ліпеньскія зоркі” Ліпеньскага СДК.
Масленіца: Ой, колькі сёння ў нас гасцей, а на якім дні масленічнай нядзелі цешча хадзіла ў госці да зяця?
Сапраўды, гэта была пятніца, якая так і называлася “Цешчыны вячоркі”.
А як называлася субота на Масленіцу? (Залоўкіна субота.) У гэты дзень маладая залоўка запрашала ўсіх родных да сябе ў госці.
А вось хтосьці да нас спяшаецца ў госці…
1-я Суседка: Аладкі! Аладкі! Смачныя, румяныя! Каму аладкі свянцоныя, у царкве хрышчоныя?
2-я Суседка: Во, баба, брэша, як языком чэша! I не сорамна табе ў вялікае свята людзям хлусіць? Тым больш што вунь іх колькі сабралася!
1-я Суседка: Ну, што здарылася, крычыш, як певень зранку. Што за ліха стала ці ад круп, ці ад сала?
2-я Суседка: Не ад круп, не ад сала. Госцікаў у нас сёння шмат, а я голас выпрацоўваю, каб іх лепей сустракаць. Добры дзень, людзі добрыя! I табе, суседачка, прывітанне!
1-я Суседка: Прывітанне, суседачка! А што гэта за людзі нейкія незнаёмыя?!
2-я Суседка: Зараз я табе скажу. Сёння к нам завіталі госці з усяго раёна. I завіталі яны на нашу Масленку.
1-я Суседка: І сапраўды, суседачка, сёння ёсць дзе душы разгуляцца. Можна і папець, і паскакаць, і сябе прыгажуню паказаць. (Праходзіць танцавальнай паходкай і пачынае спяваць прыпеўкі.)
2-я Суседка: У мяне таксама ёсць прыпевачкі. Давайце праспяваем з вамі, дзевачкі.
Звяртаецца да гледачоў, адну прыпеўку спявае сама, затым праводзіцца конкурс з гледачамі.
1-я Суседка: Ой, як хораша спяваеце! Дзякуй вам за цудоўныя прыпеўкі.
Пад музыку на сцэну выходзяць удзельнікі народнага ансамбля “Вечарынка” ў вобразе Дзеда і Бабы, спаборнічаюць у выкананні прыпевак.
2-я Суседка: А прыпеўкі не канчаюцца, усё спяваюцца ды спяваюцца!
Баба: Ты мой дзед, ты мой дзед,
А я твая бабка,
Пачастуй мяне аладкай,
Каб была я гладкай!
Дзед:
Ой, ты, бабка мая,
Ты нядужанькая,
Напаю цябе гарбатай,
Будзеш дужанькая!
Пад прыпеўкі на сцэну выходзяць удзельнікі народнага ансамбля “Вечарынка”.
Баба:
Музыканцік малады,
Ў цябе чубчык залаты.
Ў цябе чубчык кучаю,
Я ж цябе замучаю…
Дзед:
Ой, музыка, рэж за двох,
Не шкадуй ты маіх ног,
Мае ногі не баляць,
Яны хочуць танцаваць.
Дзед з Бабай запрашаюць танцаваць гледачоў, у гэты час на сцэне ў выкананні народнага калектыву “Вечарынка” гучыць песня “Полька беларуска”, затым ансамбль выконвае песні “Полька беларуская”, «Кiрмаш», «Гуляйце, госцейкi», «Снег летит», «Ярмарка».
Зазывалы выходзяць на пляцоўку і становяцца па краях.
Зазывала 1: Каб ва ўсю павесяліцца,
Трэба добра падкрапіцца.
Зазывала 2: Па бліну, па бліну, па бліночку,
Разбягаюцца аж вочы.
Зазывала 1: Мы даўно бліноў не елі,
Мы бліночкаў захацелі.
Ой, бліны, бліны, бліны,
Вы бліночкі .
Гучыць святочная музыка. На сцэне з’яўляецца Масленіца ў акружэнні памочніц, якія на талерках выносяць бліны.
Масленіца: (на фоне музыкі)
Не хвалюйцеся, сябры,
Будзем есці мы бліны,
Вельмі смачныя яны.
Блін, як сонца, уздымаю (уздымае блін),
Шчасця, радасці жадаю.
Са сцэны спускаюцца памочнікі Масленіцы і частуюць гледачоў блінамі.
Масленіца: Частуйцеся самымі смачнымі, самымі салодкімі блінамі. Бо блін — гэта сімвал трох адзінстваў: Зямлі, Агню і Вады. Хто будзе есці бліны на Масленіцу, той будзе бадзёры, здаровы, прыгожы і закаханы. Частуйцеся, частуйцеся, калі ласка. А зараз адкажыце, з чым раней елі бліны?
Адказы гледачоў: смятана, масла, ікра, тварог, мёд і г.д.
Масленіца: Вось наступіў і апошні дзень масленічнага тыдня — прабачальны дзень. У гэты дзень прасілі прабачэння ў родных і знаёмых за нанесеныя крыўды. Добра вы мяне сустракалі, весела, цікава, але вось і надышла пара мне з вамі развітацца.
Зазывала 1: Годзе сняжынкам сыпацца з неба!
Цёплага сонца чакае ўжо глеба.
Хутка засвецяць веснавыя праменні,
Рэк, ручаёў мы пачуем бурленне.
Гучыць музыка, Масленіца бярэ пудзіла, якое знаходзіцца на заднім плане сцэны, перадае яго ўдзельніку ансамбля і гаворыць словы.
Масленіца: Да наступнага года! Да новых сустрэч.
Зазывала 1: Бывай, бывай, наша Масленіца!
Зазывала 2: Бывай, бывай, наша шырокая!
Зазывала 1: А мы пойдзем пудзіла паліць!
Фонам гучыць музыка. Зазывалы разам з калектывамі і ўдзельнікамі свята накіроўваюцца паліць пудзіла.
Зазывала 1:
А мы Масленку сустракалі,
Зіму-матухну замыкалі,
Весну-вестачку загукалі.
Зазывала 2: І мы давайце зараз паклічам Вясну.
Зазывала 1. Прыйдзі, вясна, да нас з радасцю, з вялікай да нас міласцю!
Удзельнікі калектываў падыходзяць да вогнішча, умацоўваюць на ім пудзіла.
Зазывала прызывае ўсіх удзельнікаў свята паўтарыць словы :
Зазывала 2. Прыйдзі, вясна, прыйдзі, красна!
Усе ўдзельнікі свята: Прыйдзі, вясна, прыйдзі, красна!
Гучанне музыкі ўзмацняецца. Да пляцоўкі, дзе знаходзіцца вогнішча, вярхом на кані пад’язджае Вясна.
Зазывала 1: Гэй, народ, дарогу дай, расступіся, не зявай. Вясну сустракай!
Вясна спускаецца з каня на зямлю.
Вясна:
Дзень добры, любыя мае! Вы, відаць, мяне зачакаліся, і я вельмі без вас засумавала.
Я прыйшла да вас з радасцю,
З вялікай міласцю,
З жытам зярністым,
З пшаніцай залацістай,
З аўсом вусатым,
З травою сакавітаю
Ды з кветкамі духмянымі.
Вясна абсыпае ўсіх удзельнікаў свята зернем.
Каб сонца свяціла, жытам поле каласіла!
Каб здаровымі былі і ў радасці жылі!
Зазывала падносіць і аддае Вясне факел. Вясна з факелам абыходзіць вакол вогнішча і падпальвае яго.
Вясна:
Гары, агонь, ды ясна,
Каб сонца не пагасла,
Каб трава зазелянела
І каб жыта хутка спела.
А мы зараз будзем спяваць,
Музыкай нашу душу саграваць.
Гучыць фонавая музыка. Калектывы мастацкай самадзейнасці разам з удзельнікамі свята водзяць вакол вогнішча карагоды і спяваюць песні.
Вясна: Весяліцеся, сябры дарагія! Весялосці вам і радасці!
Зазывала 1: На развітанне прыгадаем (разам)
Што вам шчыра пажадаем:
Зазывала 2: Будзьце вы ўсе моцнымі, як вада,
Зазывала 1: Багатымі, як зямля!
Зазывала 2: Працавітымі, як пчала,
Разам: Прыгожымі, як вясна!
Зазывала 1: Да пабачэння!
Разам: Да новых сустрэч!
Свята працягваецца. Працуюць гульнявая пляцоўка, атракцыёны, падворкі, гандлёвыя кропкі, у запісе гучаць беларускія народныя песні.
Сцэнарый склала Наталля ХАМЯНОК, начальнік аддзела народнай творчасці і культурна-асветнай работы цэнтралізаванай клубнай сістэмы Асіповіцкага раёна