Новы праект студыі можна разглядаць як лагічны працяг яе ранейшай глабальнай ініцыятывы — цыкла “100 імён Беларусі”. У яго рамках кінематаграфісты нярэдка замахваліся не толькі на дакументальныя драмы, але нават на суцэльна ігравыя фільмы, імкнучыся кампенсаваць нізкі бюджэт сваёй стараннасцю і вынаходлівасцю. І ў іх атрымалася засведчыць, што галоўнае ў кіно не бюджэты, а менавіта чалавечы, творчы фактар: паўтара дзясяткі фільмаў цыкла дазволілі праявіць сябе многім рэжысёрам і акцёрам.
Аднак праз брак фінансавання праект буксуе — за мінулы год, здаецца, быў выпушчаны ўсяго адзін фільм. Пэўна, адсюль і зварот да “малых формаў” (6-9 хвілін) і таго фармату, які патрабуе зусім ужо мізэрных выдаткаў. Ніякіх пастановак, мінімум арыгінальных здымкаў… Амаль спрэс хранікальныя кадры і неверагодна вынаходлівая камп’ютарная графіка.
Хаця, мабыць, фінансы — гэта толькі адна з прычын. У наш век надвор’е робіць Інтэрнэт, дзе пазнаваўчы кантэнт зазвычай нізкабюджэтны, але пры гэтым запатрабаваны. Няўжо вы ніколі не глядзелі ролікі кшталту “Гісторыя Старажытнай Грэцыі за 10 хвілін” — пры гэтым даведаўшыся шмат новага? Таму проста грэх гэтыя трэнды ігнараваць. Нават калі ў цябе доўгі паслужны спіс і напрацаваная рэпутацыя.
Балазе фільмы “Імёны Беларусі” зусім не выглядаюць таннымі. І гэта таксама прыкмета нашага веку, калі эфектны візуал можна зрабіць без выдаткаў на акцёраў, дэкарацыі і адмысловую тэхніку для здымак. Сучасныя камп’ютарныя праграмы дазваляюць кожнаму стварыць Галівуд у сябе дома.
Пра каманду праекта варта сказаць асобна. Сцэнарыстам выступіў патрыярх айчыннага тэлебачання Барыс Герстэн, а рэжысёркай — нядаўняя выпускніца Акадэміі мастацтваў Арына Бокун. Узроставая розніца паміж імі — прыкладна два пакаленні. Здавалася б, яна надта вялікая, каб у выніку магло атрымацца нешта добрае. Але ж не: як выяўляецца, апісаная класікамі праблема заўсёднага ідэйна-эстэтычнага канфлікту генерацый — добрае паліва для творчасці.
Да ўсяго ёсць агульная рыса, якая яднае абаіх аўтараў, — абвостранае пачуццё гумару. Хаця, вядома, кожны выражае яго па-свойму: старэйшы калега — праз алюзіі на класіку, а маладзейшая — дзякуючы сучасным “прогам”, якія прымушаюць старыя фота пасміхацца.
Выбар герояў — зусім не відавочны. У гэтым студыя вытрымлівае сваё крэда: распавядаць пра самыя розныя старонкі Беларусі. І хаця гэтыя асобы наўрад ці сустракаліся пры жыцці, часам паміж сабою іх лёсы перасякаюцца. Прыкладам, вынаходца суперпрагрэсіўнага на свой час камбайна Андрэй Уласенка і празаік ды навукоўца Максім Гарэцкі маюць супольную alma mater — Горацкую акадэмію. Як кажуць, свет цесны.
Распавесці пра камбайны і ўвогуле сельгастэхналогіі так, каб гэта ўспрыняў сучасны гарадскі маладзён, — задача звышскладаная. Але, думаецца, кожны хіпстар паглядзіць ролік пра Уласенку з задавальненнем.
Масавы глядач (а менавіта на яго прадукт і разлічаны) не толькі даведаецца, што Айзек Азімаў родам з мястэчка Пятровічы былога Мсціслаўскага ваяводства, але і пачуе нечаканую, хаця і даволі верагодную версію, чаму знакаміты фантаст родныя мясціны так ніколі і не наведаў. Нават у часы перабудовы, калі ўсе падлеткі СССР зачытваліся ягонымі творамі. Рэч у тым, што вольна перасоўваліся паміж галактыкамі толькі яго героі — сам жа мэтр страшна не любіў пакідаць свой працоўны стол, а самалётаў дык і наогул пабойваўся. Вось таму і напісаў за свой век болей за паўтысячы кніг.
Не сумняюся, што самаіранічны Азімаў дакладна ўпадабаў бы зняты пра сябе фільм з усімі яго візуальнымі выкрунтасамі. Пра астатніх трох герояў першай абоймы праекта не ведаю. Але ў аўтараў ёсць добрае алібі. На дварэ ўжо ХХІ стагоддзе. І датаванне фільмаў (2022) зусім не чыстая фармальнасць: яны менавіта адсюль, а не “заблукалыя ў часе прывіды”, якія нічога не ведаюць пра рытм нашага часу.
Магчыма, яшчэ не так даўно асобныя візуальныя рашэнні падаліся б камусьці занадта эпатажнымі, а некаторыя досціпы — дужа фрывольнымі. І нехта абавязкова б усхапіўся: што вы сябе дазваляеце, нельга так з класікамі! Бо нават іх імёны трэба вымаўляць адмыслова, з прыдыханнем — як некалі дзеля смеху вучыў мяне знакаміты рэжысёр Уладзімір Арлоў.
Але культурнае грамадства (ці, прынамсі, абсалютная яго большасць) даўно ўмацавалася ў думцы, што зашпілены на ўсе гузікі класік нагадвае хіба свой надмагільны помнік. А калі мы ставім задачу падкрэсліць, што для нас гэтая постаць жывая — у сваіх справах, крэда і “лайфхаках”, — дык і творча ўвасабляць яе трэба адпаведным чынам.
Як адзначыў аўтар задумы і прадзюсар праекта Уладзімір Бокун, такія кароткія фільмы вельмі пасуюць для таго, каб круціць іх перад кінасеансамі, разлічанымі на школьнікаў сярэдняга і старэйшага веку. І хронаметраж, і сам фармат маладыя глузды не напружаць, але пры гэтым сёе-тое карыснае ў іх ды адкладзецца.
Па словах прадзюсара, такія захады ўжо робяцца, зацікаўленасць пракатчыкаў ёсць. Але пакуль што трэба ўтрэсці розныя юрыдычна-фінансавыя фармальнасці.
Усё ж той час, калі глядач нейкага блакбастара атрымліваў у даважак і “кіначасопіс”, даўно прамінуў. Хаця наўрад ці варта лічыць гэтую практыку заганнай. “Нагрузка” давала пракатнае жыццё кароткаму метру. Прычым круцілі ж не толькі нейкае нудоцце, але часам і “Ералаш” ці “Фитиль”.
Здаецца, стваральнікі новага праекта імкнуліся выклікаць у публікі нейкую падобную рэакцыю. Каб пазнаваўчыя фільмы хацелася глядзець не перасільваючы сябе, а ў ахвоту. Але пры гэтым ім удалося захаваць у лайт-фармаце належную змястоўнасць.
Аліса СТРОГАНАВА