На пачатку гісторыі цывілізацыі чалавек быў амаль цалкам залежны ад прыроды. Цяпер у значнай ступені яна залежыць ад яго. Чалавек выціснуў з планеты іншыя формы і віды жыцця, падпарадкаваў рэсурсы, што не аднаўляюцца, сваім эгаістычным інтарэсам; стварыў тэхналогіі, здольныя знішчыць на Зямлі ўсё жывое, уключна сябе самога.
Развіццё тэхнікі ў спалучэнні з імклівай урбанізацыяй усё часцей выклікаюць не гордасць і эйфарыю, а трывогу за будучыню планеты і жыцця на ёй. Гаворка ідзе пра расцягнутую ў часе катастрофу, дзе мы адначасова ахвяры і арганізатары кашмару. Тая занепакоенасць выяўляецца сярод іншага і ў мастацкіх формах. Згаданы культурніцкі праект б’е гледача па нервах… прыгажосцю. Менавіта так, бо на выставе, якая займае ўсю прастору Палаца, экспануюцца фотаздымкі рэшткаў дадзенай нам Богам прыгажосці — і нават гэтыя лапікі боскай аўтэнтыкі мы рызыкуем згубіць назаўсёды, пахаваўшы пад асфальтам і бетонам. Кажуць жа, што вёска, якая жыве ў адноснай гармоніі з прыродай, — ад Бога, а горад — ад чалавека. Прычым зразумела, што ў вёску чалавецтва мо ўжо і не вернецца…
«Залатая чарапаха» мае 15-гадовую гісторыю і з’яўляецца бадай ці не адзіным расійскім праектам сусветнага ўзроўню ў галіне фотамастацтва. Прынамсі, пра іншыя, якія б мелі такі ж міжнародны рэзананс, былі б такімі ж прывабнымі для прафесіяналаў і аматараў фатаграфіі па-за межамі РФ, я не чуў. Тэма прыроды па вызначэнні неабсяжная, а на выставе яна падзелена на сегменты для зручнасці гледачоў. Гэта «Падводны свет», «Магія раслін», «Партрэт жывёлы», «Краявід», «Мікрасвет» і гэтак далей.
Ёсць на выставе кадры, што выклікаюць замілаванне, і кадры вельмі жорсткія. Бо ў жывой прыродзе, як і ў чалавечым соцыуме, мацнейшы выжывае за кошт слабейшага. Асабліва цікавым для прафесіяналаў будзе, мабыць, раздзел, дзе прадстаўлены фотаздымкі, зробленыя з дапамогаю новых тэхналогій — квадракоптараў, дронаў, адмысловых «фотапастак». Найперш гэты інструментарый скарыстоўваецца, каб зняць у натуральным асяроддзі жывёл, якія блізка не падпускаюць да сябе чалавека. Няважна, са стрэльбаю ён ці з камерай, паляўнічы ці эколаг.
Мне думаецца, што назваць выявы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, дзікай прыродай можна толькі з пэўнымі агаворкамі. Сутнасна дзікая прырода — гэта тая прастора, дзе яшчэ не ступала чалавечая нага, якую яшчэ не ахоплівала чалавечае вока. Бо што заўважыць вока, да таго з часам і рукі дойдуць. Дзікая мясціна, куды чалавек прыйшоў са сваёй камерай, паставіў намёт і антэну транскантынентальнай сувязі, ператвараецца ў плацдарм да цывілізацыйнай экспансіі.
Сёння прырода для чалавека як ваеннапалонны ў часе збройнага канфлікту. Пазбаўлены ўласнай волі, палонны залежыць ад ласкі пераможцы. Па сумленні мусіць быць так: узяў у палон — кармі, даглядай, падтрымлівай у жыццяздольным стане. Экалогія якраз і з’яўляцца матэрыялізаваным сумленнем ці, калі хочаце, праявай прагматычнага эгаізму. Каму якая версія больш даспадобы. Жадаеш, каб табе было добра, не сварыся з суседзямі. І з тымі, што дзверы ў дзверы на лесвічнай клетцы, і з суседзямі па планеце, якія, дарэчы, з’явіліся на ёй раней за нас.
Паглядзеўшы экспазіцыю, скажу: добрая выстава. Сумленная — і паводле прафесійных крытэрыяў, і паводле зместу і сутнасці.