Я згадаў леташнія падзеі, бо днямі наведаў выставу памяці Леаніда Шчамялёва пад назваю “Прысвячэнне” ў памянёнай мемарыяльнай галерэі. Я глядзеў на партрэты, краявіды, сюжэтныя карціны і думаў пра тое, што талент ягоны мае працяг у сямейнай традыцыі, якую ён запачаткаваў; у дзецях, якія абралі мастацтва як прафесію. Ягоны творчы досвед сёння дапамагае іншым вынаходзіць уласны стыль і лад.
Шчамялёў ужо належыць гісторыі, але застаецца сучасным мастаком, бо ягоныя творчасць і жыццёвая філасофія сёння па-ранейшаму запатрабаваныя. Больш таго, яны, магчыма, лепш зразумелыя сённяшнім гледачам, чым пакаленню, да якога належыць сам мастак. Бо сёння, у адрозненне ад савецкіх часоў, індывідуалізм (калі ён, зразумела, карэктны) лічыцца з’явай нармальнай.
Маючы пэўныя ўяўленні пра дагматыку сацыялістычнага рэалізму і пра калектывізм як стрыжань савецкай ідэалогіі, дзівішся, як гэты мастак здолеў абмінуць у творчасці ідэалагічныя каноны — так карабель абмінае рыфы і мелі, — здолеў сцвердзіць сваё асабістае, прыватнае як самадастатковую каштоўнасць. Маляваў самога сябе, адзінага і любімага, і сваё блізкае кола — сям’ю, сяброў, калег, якім сімпатызаваў. Ды і перавагу мастак аддаваў сюжэтам побытавым, з немудрагелістым, сутнасна прыватным, а ў выніку атрымаўся аповед-сага цікавы іншым, абсалютна староннім. Хутчэй за ўсё, так здарылася таму, што ва ўсіх людзей каштоўнасці збольшага аднолькавыя, і зводзяцца яны да ўладкаванага жыцця, душэўнага спакою і псіхалагічнага камфорту. Менавіта гэта глядач знаходзіў і знаходзіць у творах Шчамялёва.
Паводле творчага менталітэту Леанід Шчамялёў быў імпрэсіяністам. Не ў сэнсе стылістыкі, якой яе распрацавалі творцы кшталту Клода Манэ і Агюста Рэнуара. Ягоная палітра і манера належаць іншаму часу, грунтуюцца на пазнейшай эстэтыцы. А вось такія чыннікі імпрэсіянізму, як свабода самавыяўлення мастака, засяроджанасць на станоўчых эмоцыях, якія час ад часу дарыць лёс, увогуле стаўленне да жыцця як да свята і ўсведамленне непаўторнасці, а праз гэта — каштоўнасці кожнага імгнення ў ягонай творчасці выразна прысутнічаюць. Нагадаю, што ў гады маладосці Шчамялёва, у брутальныя 40-я-50-я ды і напачатку 60-х, у Савецкім Саюзе афіцыйнае стаўленне да імпрэсіянізму было рэзка адмоўным. Гэты напрамак трактаваўся як антыэстэтычны і рэакцыйны.
Выстава, пра якую ідзе гаворка, успрымаецца лагічным працягам пастаяннай экспазіцыі. Выстава складаецца з твораў мастака, якія летась дапоўнілі фонды Музея гісторыі горада Мінска (да ягонай структуры належыць галерэя Шчамялёва). Гэта палотны розных гадоў, графічныя аркушы, падрыхтоўчы матэрыял да карцін.
Ведаючы, да якой тэматыкі і стылістыкі мастак прыйшоў пад заканчэнне жыцця, цікава пабачыць, з чаго ён пачынаў. Шырокі, “мастыхінавы” мазок Леанід Шчамялёў вынаходзіць недзе ў 70-х, а да гэтага мадэляваў форму пэндзлем у манеры, блізкай да звыклага рэалістычнага жывапісу. Пры гэтым ўсё далей ад яе адыходзячы. Здабытак — заўжды страта, бо, абраўшы адзін варыянт, вымушана адмаўляешся ад іншага, можа ў чымсьці не менш перспектыўнага і плённага. Мне вельмі даспадобы тое, што мастак рабіў у 40-х і 50-х гадах. У тых работах шмат прывабнай канкрэтыкі, складана выбудаванай гамы, ад якіх Шчамялёў адмовіцца, калі пяройдзе да форм абагульненых і колеру лакальнага. Але своеасабліва трактаваны псіхалагізм прысутнічае як у ягоных творах, блізкіх да традыцыйнага рэалізму, так і ў тых, дзе эмацыйнасць выяўляецца праз дэкаратывізм.
А вось гістарычная і так званая сацыяльная тэматыка давалася мастаку цяжка. Адзінае выключэнне — карціны-ўспаміны пра службу ў кавалерыі ў часе Вялікай Айчыннай вайны. Успаміны тыя ў значнай ступені рамантызаваныя. Калі ж з нейкіх прычын мастаку даводзілася маляваць нешта выразна ідэалагічнае, палітызаванае, ён адчуваў сябе як прынцыповы пацыфіст, якога рэкрутавалі ў войска і заслалі ў акопы — нібыта трэба ваяваць, падпарадкоўваючыся абставінам, тым больш што нібыта за Радзіму, але гвалт і раздрай інтэлігентная натура ўсё адно не прымае. Мне дык гэта зразумела: нармальны чалавек мусіць любіць жанчыну, а не вінтоўку, шырэй — радасць, а не пакуты. А калі глабальна — жыццё, а не смерць. Па некаторых сюжэтных работах выставы бачна, як даваліся мастаку не ягоная тэматыка, не ягоны сюжэтны лад. Цяжка.
Леанід Шчамялёў плённа працаваў усё жыццё, але іконай стылю ён быў у 60-я гады, калі ў Беларусі сцвярджаўся “суворы стыль” як супрацьвага забранзавеламу артадаксальнаму сацрэалізму. Прытым варта адзначыць, што нічога “суворага” ў натуры мастака і, адпаведна, у творчасці ягонай не было. Такой жа “іконай стылю” ў 80-я быў Мікалай Селяшчук — чалавек падобнага да Шчамялёва псіхалагічнага складу. Ды і сёння многія ідуць дарогаю, праторанай мэтрам, не задумваючыся пра тое, хто тут быў першапраходцам.
З моманту, як мастак пакінуў гэты свет, прайшло занадта мала часу, каб глыбока асэнсаваць ролю і месца Леаніда Шчамялёва ў нашай гісторыі і рэчаіснасці. Вялікае бачыцца на адлегласці. Відаць, гэта зробіць пакаленне, якое зусім нядаўна не задумвалася пра свой узрост — бо жывымі былі бацькі, а сёння ўжо ім, паслядоўнікам і спадкаемцам, наканавана браць на сябе правы і абавязкі “старэйшага ў родзе”.