Якія жанры падабаюцца нашым наведвальнікам? Траціна абрала гістарычны раман і сучасны баявік. Потым ідуць дэтэктывы, любоўныя раманы, сучасная расійская літаратура, замежная класіка, сучасныя беларускія творы, руская класіка і паэзія. Немалая частка чытачоў (часцей маладых) любяць фэнтэзі, прыгоды і містыку.
СЕНСАЦЫЯ ГОДА
На выбар чытання, безумоўна, уплывае кінематограф. Не стаў выключэннем і мінулы год. Новая экранізацыя рамана Вячаслава Шышкова “Угрум-рака” (рэжысёр Юрый Мароз) выклікала сапраўдны ажыятаж на кніжнай паліцы з гэтым творам. І гэта, скажу без перабольшання, стала сенсацыяй. Раней, шчыра кажучы, мала хто пытаўся пра кніжку, але пасля тэлепрэм’еры яна стала лідарам чытацкага попыту.
Раман Рыгора Ражскага “Калонія нясумнага рэжыму”, паводле якога рэжысёр Алека Цабадзэ зняў серыял, ад лідара адстаў не намнога.
На трэцім месцы раманы Аляксея Іванова “Табол”, Гузель Яхінай “Зулейха расплюшчвае вочы”. І ў гэтым выпадку папулярнасці кніжкам дадаў кінаэкран.
АДКРЫЦЦЁ…
Летась нашых чытачоў узяў у палон шведскі пісьменнік Фрэдрык Бакман з яго кнігай “Другое жыццё Увэ”. Не буду пераказваць змест, але ён не пакіне абыякавым любога добрага чалавека. Тут няма страляніны, няма вялікай інтрыгі і неверагодных прыгод. Ёсць лёс старога чалавека, які разумее, што адзінота — не прычына для смерці. Да слова, шведскі рэжысёр Ханес Хольм зняў паводле кнігі фільм. Але ён не такі папулярны, як згаданыя вышэй.
Дык вось, адкрыццём для нашых чытачоў стаў Фрэдрык Бакман. З гэтай прычыны цяпер не затрымліваюцца на паліцах і дзве іншыя ягоныя кнігі: “Трывожныя людзі” і “Што мой сын павінен ведаць пра ўладкаванне гэтага свету”.
ЗАГАДКА…
Загадкай года можна прызнаць Стывена Кінга, які даўно трымае пальму першынства сярод замежных пісьменнікаў. Кароль жахаў вельмі пладавіты. А чытаюць яго сталыя і маладыя. Баюся памыліцца, але твораў на рахунку майстра — некалькі сотняў. І экранізацый ягоных твораў — безліч. Ну ці не загадка, якую нашы чытачы пастаянна хочуць адгадаць?
НЕЧАКАНАСЦЬ…
Варта пагаварыць аб біяграфічных раманах пра літаратараў. Вельмі важная пісьменніцкая стратэгія. Гэтыя творы запатрабаваныя з той прычыны, што ў біяграфіях вядомых творцаў можна знайсці адказы на шматлікія пытанні сённяшняга дня. Тым не менш нечаканасцю стаў чытацкі інтарэс да зборнікаў апавяданняў сучасных пісьменнікаў пра сваё дзяцінства.
З радасцю згадваю зборнік “Вераснёвыя ночы” з 25 апавяданнямі беларускіх аўтараў — своеасаблівую анталогію тэмы кахання ў беларускай прозе за апошняе стагоддзе. Вялікі інтарэс да згаданага зборніка стаў, прама скажам, нечаканасцю. Але вельмі прыемнай.
Варта тут дадаць, што Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Андрэй Федарэнка, Людміла Рублеўская, Уладзімір Саламаха і многія іншыя склалі шэраг чытацкіх прыхільнасцяў у айчыннай літаратуры.
УЦЁКІ АД СУМУ
Літаратура дапамагае схавацца ад сумнай рэальнасці. Гэта своеасаблівы эскапізм як спроба ўцячы ад суму ў больш камфортны кніжны свет, дзе дабро заўжды перамагае зло. “Хочацца адключыцца ад клопатаў”, — кажуць чытачы і занураюцца ў свет фэнтэзі. А яшчэ ёсць Паліна Дашкова, Дар’я Данцова, Вольга Валадарская і іншыя жанчыны, якія камфортна атабарыліся ў дэтэктыўнай прасторы і займелі свайго сталага чытача. Сярод мужчын лідары жанру ў нас Уладзімір Колычаў, Барыс Акунін, Фрыдрых Нязнанскі, Аляксандр Тамонікаў, Андрэй Таманцаў і Андрэй Варонін.
У авангардзе беларускага дэтэктыва — раманы Мікалая Чаргінца, Ягора Крымава, Уладзіміра Жарко, Мікалая Сердзюкова, Анатоля Разановіча.
І СЛОВА ПРА КАХАННЕ
70 працэнтаў чытачоў абанемента мастацкай літаратуры складаюць жанчыны. Так што не абысціся пры камплектаванні фондаў без раманаў пра каханне. На першым месцы сярод нашых чытачак — Марыя Мятліцкая, Кацярына Вільмонт, Аліна Знаменская, Ганна Берсенева, Наталля Рошчына. Сярод пісьменніц з замежнымі прозвішчамі папулярнасцю карыстаюцца Лора Бекіт, Даніэла Сціл, Джудзіт Макнот. А сярод беларускіх — Наталля Батракова (істотную ролю адыграла сустрэча з ёю ў бібліятэцы), Галіна Пярун, Ганна Клімава, Тамара Лісіцкая, Раіса Баравікова.
КНІЖНЫ СЕРЫЯЛ
Адной з характэрных рыс літаратуры XXI стагоддзя можна назваць яе серыйнасць. Сярод кніг замежных аўтараў не магу не назваць падборку кніг пра Гары Потэра Джаан Роўлінг. Гэтую серыю нашы чытачы пытаюцца часцей за ўсё. На пяткі наступаюць раманы пра ведзьмара аўтарства Анджэя Сапкоўскага. Ну і, натуральна, “Песня лёду і полымя” Джорджа Р. Р. Марціна, што абумоўлена з’яўленнем кінасерыяла “Гульня тронаў”.
ЗАМЕСТ ЗАКАНЧЭННЯ
Пры выбары кніг многія чытачы кіруюцца перш за ўсё асабістым густам, рэальным і інтэрактыўным грамадскім меркаваннем. Аднак 55 працэнтаў прыслухоўваюцца да бібліятэчных рэкамендацый. Выпадковым выбарам кіруюцца толькі 5 працэнтаў наведвальнікаў. Бібліятэка сёння — адзіны сацыяльны інстытут, даступны ўсім слаям насельніцтва. І наш асноўны абавязак — далучэнне насельніцтва да найлепшых узораў нацыянальнай і сусветнай літаратуры.
Ірына ХІЛЮЦІЧ, супрацоўнік цэнтральнай гарадской бібліятэкі Жодзіна
Фота з архіва Жодзінскай цэнтральнай гарадской бібліятэкі