Першае з двух мерапрыемстваў прайшло пад дэвізам “Сіла Асноўнага Закона” і сабрала вялікую студэнцкую аўдыторыю. Падчас жывой зацікаўленай гутаркі асабліва падкрэслівалася важнасць патрыятычнага выхавання, недапушчэнне скажэння гістарычнай праўды, датычнай подзвігу нашых продкаў у Вялікай Айчыннай вайне, удасканальванне палітыкі ў сферы сацыяльнай абароны і аховы здароўя. Як не раз адзначалася прамоўцамі, заканадаўчыя новаўвядзенні будуць толькі падкрэсліваць сацыяльную арыентацыю нашай дзяржавы.
Як адну з істотных канстытуцыйных змен студэнты адзначаюць і павышэнне ўвагі дзяржавы да маладзёжнай палітыкі. Дарэчы, пра гэта сведчыў і склад спікераў дыялогавай пляцоўкі. Разам з выкладчыкамі БДУКМ у прэзідыуме знаходзіліся і аднагодкі тых, хто быў у зале, — члены Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Ілона Іларыёнава і Анастасія Рэўцкая, а таксама сакратар універсітэцкай пярвічнай арганізацыі БРСМ Павел Вандзееў.
Як адзначыла Ілона Іларыёнава, Усебеларускі народны сход ужо пацвердзіў сваю эфектыўнасць як папраўдзе дэмакратычная форма кіравання:
— І гэта сведчанне таго, наколькі вялікая роля ў нас надаецца простаму чалавеку. Я, грамадзянка Рэспублікі Беларусь, якая не займае высокіх пасад, звычайная выпускніца БДУКМ, магла браць удзел у прыняцці вельмі важных для дзяржавы рашэнняў.
Другая дыялогавая пляцоўка была арыентаваная на педагагічны склад БДУКМ. Яе вядучая, рэктар універсітэта Наталля Карчэўская, адзначыла, што патрэба карэкціроўкі Асноўнага Закона абумоўлена самім часам: за апошнія чвэрць стагоддзя шмат што змянілася і ў грамадскім, і ў эканамічным плане. Таму практыка перагляду канстытуцыйных норм існуе ў многіх краінах свету.
Госцем гэтай дыялогавай пляцоўкі стала начальнік аддзела бухгалтарскага ўліку і справаздачы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ала Гурыновіч. Яна падкрэсліла, што любыя прапановы ад грамадзян адносна зменаў у Канстытуцыю былі прынятыя да ўвагі — бо ад пачатку ставілася задача максімальна ўлічыць інтарэсы ўсіх сацыяльных слаёў. Аднак зразумела, што абсалютна ўсе прапановы ў адным праекце не могуць быць рэалізаваныя — тым болей часам яны ўзамавыключныя.
— Лічу, прыйсці і прагаласаваць на рэферэндуме — гэта абавязак кожнага грамадзяніна, незалежна ад яго пазіцыі, — падсумавала Наталля Карчэўская. — Мы жывём у гэтай краіне, і каму, як не нам, вызначаць яе будучыню!