Гэта быў не звычайны канцэрт у сценах Акадэміі музыкі, а сумесны праект з Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча і Міністэрствам культуры нашай краіны. У імпрэзе бралі ўдзел прадстаўнікі гэтых устаноў.
Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар згаданага пасольства Уладзімір Чушаў павітаў усіх прысутных ад імя Міністэрства замежных спраў і адзначыў, што Беларусь выступіла піянерам у выданні зборніка твораў Гедыміна Радкевіча. Першы намеснік міністра культуры Беларусі Валерый Грамада падкрэсліў, што гэтая акцыя — сведчанне клопату дзяржавы пра нашу нацыянальную спадчыну: “Культура — гэта крыніца духоўнасці нацыі, стабільнасці развіцця дзяржавы. Ні для каго не сакрэт, што па тэрыторыі Беларусі прайшло вельмі многа войнаў, у якіх мы страцілі вялікую долю сваёй культурнай спадчыны. Сённяшняе мерапрыемства — гэта найперш сведчанне таго, як наша дзяржава ставіцца да сваёй культурнай спадчыны. Магчыма, гэта і не шэдэўр музычнага мастацтва, але гэта наш здабытак — наш, беларускі, і мы гэтым ганарымся”.
Кіраўнік Культурнага цэнтра Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча Сяргей Балашчанка падрабязна распавёў біяграфію Гедыміна Праспера Радкевіча, суправаджаючы свой аповед красамоўнымі слайдамі. Нашы сённяшнія веды пра гэтага музыканта і кампазітара — плён працы беларускага даследчыка, кандыдата мастацтвазнаўства Уладзіміра Лябецкага, які працягвае адукацыю ў дактарантуры Хрысціянскай багаслоўскай акадэміі ў Варшаве. Дарэчы, запісы фартэпіянных твораў Гедыміна Радкевіча, што ўвайшлі ў выдадзены кампакт-дыск, былі зроблены ім самім, бо Уладзімір Лябецкі яшчэ і добры піяніст. Ужо некалькі гадоў ён займаецца даследаваннем творчасці кампазітара, кантактуе з яго нашчадкамі, што жывуць у Польшчы, рыхтуе навуковыя працы пра жыццё і дзейнасць гэтага прадстаўніка беларускага музычнага рамантызму.
Дагэтуль імя Радкевіча было практычна невядома нашым сучаснікам. А між тым ён аўтар больш як 70-ці твораў, напісаных выключна для фартэпіяна. Гэта не дзіўна, бо ў ХІХ стагоддзі на нашых тэрыторыях шырока развівалася аматарскае музіцыраванне — і найперш менавіта фартэпіяннае, былі запатрабаваны не надта складаныя творы, прызначаныя для хатняга і салоннага выканання. Менавіта такую музыку — простую і шчырую — ствараў Гедымін Радкевіч. Ён нарадзіўся на Гродзеншчыне і, як многія беларусы таго часу, называў сябе ліцвінам — нашчадкам Вялікага Княства Літоўскага, у склад якога ўваходзілі нашы землі. Музычную адукацыю атрымаў у Парыжскай кансерваторыі, доўгі час жыў у Вільні, меў шасцёра дзяцей: двух сыноў і чацвярых дачок.
У час прэзентацыі творы Гедыміна Праспера Радкевіча выканалі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Завяршылася імпрэза яшчэ адным падарункам: Уладзімір Чушаў перадаў кампакт-дыскі рэктару БДАМ, доктару мастацтвазнаўства, прафесару Кацярыне Дулавай. Гэтыя запісы папоўняць фанатэку навучальнай установы і, урэшце, пашыраць нашы ўяўленні пра беларускую музычную культуры мінуўшчыны.