— Спадар Уладзімір, я заспеў той час, калі кафедрай, якую цяпер узначальваеце вы, кіраваў Гаўрыла Харытонавіч Вашчанка. Для абароны дыплома студэнту кафедры трэба прадаставіць эскіз манументальнай работы і фрагмент, выкананы ў матэрыяле. Гаўрыла Харытонавіч называў гэта “папяровым манументалізмам” і лічыў з’явай ненармальнай. Ён паставіў справу такім чынам, што абараняцца студэнты сталі не прыгожай карцінкай, але аздобаю нейкага сацыяльнага аб’екта. Асабіста я памятаю некалькі цудоўных роспісаў інтэр’ераў школ. Стандартныя будынкі набывалі праз гэта ўнікальнасць. А вось апошнім часам дыпломнікі кафедры абараняюцца аздобаю сваёй alma mater. Гэта таму, што ў магчымых замоўцаў няма зацікаўленасці ў такой форме супрацоўніцтва?
— Я памятаю і гэты час, і Гаўрылу Харытонавіча, бо з пачатку 80-х кіраваў на кафедры вытворчымі практыкамі. Гэта было такое, я б сказаў, татальнае адлюстраванне нашых дыпломных праектаў у архітэктуры. Мала таго, што студэнты-манументалісты працавалі па ўсёй Беларусі, мы праводзілі практыку яшчэ і па-за межамі рэспублікі. Скажам, неверагодна вялікі аб’ект мы рабілі ў Друскеніках, аздаблялі санаторый “Беларусь”. Там было комплекснае рашэнне, вялікая сцяна была. Дзве практыкі ў Друскеніках правялі. Два года запар. Практыкі тады доўжыліся па два месяцы, так што была магчымасць шырока разгарнуцца і рэалізоўваць творчыя ідэі наўпрост на аб’екце. Мы тады студэнтаў кафедры скульптуры да справы далучылі, бо зразумелі, што цікавы можа атрымацца тандэм — манументалісты і скульптары. Гэта была адна з самых грандыёзных нашых практык.
А што датычыць роспісаў у школах, дык мы рабілі ўвогуле велізарную колькасць. Уся гэтая работа праходзіла пад эгідай вытворчай практыкі, а потым ужо лепшае адбіралася на дыпломны праект. Вось такім чынам складвалася сітуацыя, пра якую вы згадваеце. А цяпер ужо на працягу пяці гадоў мы займаемся акадэміяй. Таму што, шчыра кажучы, неяк доўгі час не звярталі асаблівай увагі на тое, у якіх сценах мы працуем і вучымся. Галоўным клопатам была матэрыяльная база навучання, а не эстэтыка інтэр’ераў. Цяпер жа наспела патрэба надаць акадэміі аблічча, адпаведнае статусу творчай ВНУ. Зноў жа, свае сцены — гэта шырокая прастора для творчых эксперыментаў, якія не заўжды магчымыя, калі маеш справу з замоўцам збоку.
Мы ўжо зрабілі ўваходную групу дзвярэй ад першага да пятага паверха, аздобілі інтэр’еры вітражамі. Потым узяліся за другі паверх, дзе працуе адміністрацыя. Ну і на працягу пяці гадоў мы даводзім да ладу неверагодна складаны аб’ект, які называецца “тэатральная зала”. У хуткім часе праца над ім будзе цалкам завершаная.
— Я памятаю тую ж залу ў іншай аздобе…
— Ну так, сапраўды. Тая аздоба страчаная. Калі пачаліся будаўнічыя работы ў галоўным корпусе акадэміі, будаўнікі, не папытаўшыся ні ў адміністрацыі, ні ў рэктарата, узялі і заштукатурылі гэтыя роспісы. А там былі сімвалічныя фігуры, звязаныя з тэатрам, з выяўленчым мастацтвам.
— Наколькі вам блізкая думка, што сёння манументальнае мастацтва страціла ў аб’ёмах, у маштабнасці — цяпер не часта надараецца праца над такімі вялікімі аб’ектамі, — але пры гэтым набыло псіхалагізм, уласцівы станковаму жывапісу?
— Атрымалася так, што, калі знік сацыяльны заказ, а гэта сур’ёзныя грошы, манументальнае мастацтва амаль цалкам сышло ў інтэр’ер. Сёння людзі засяроджаныя на ўласным камфорце, і манументальнае мастацтва праз гэта стала збольшага ўтульным, камерным. Іншыя задачы, іншыя рашэнні. Не памятныя нам з савецкага часу татальнае мастацтва і манументальная прапаганда, скіраваныя на ўмоўную грамаду, на народ ўвогуле, але арыентацыя на канкрэтную асобу альбо невялікую самадастатковую групу, на іх эстэтычныя і духоўныя запыты. Манументальнае мастацтва стала спакайнейшым, але я не лічу, што яно наблізілася да станковага. Бо вызначальнымі застаюцца выяўленчыя сродкі, тэхналогіі, матэрыялы, якія скарыстоўвае манументаліст. Прастора, дзе галоўны эстэтычны чыннік — карціна на сцяне, — гэта зусім не тое, што інтэр’ер, створаны праз вітражы, мастацкі метал, аб’ёмную пластыку, кераміку, мазаікі ці фрэскі. Зрэшты, праз сінтэз, сімбіёз усяго пералічанага.
— Вы сёння, зыходзячы з рэчаіснасці, арыентуеце студэнтаў на працу з камернай прасторай альбо рыхтуеце спецыялістаў, здольных аздобіць і прыватную прастору, і гарадскую плошчу?
— Умець трэба ўсё. Жыццё на месцы не стаіць, і мастак мусіць быць прафесійна падрыхтаваным да розных сітуацый. Тое, што дамінуе сёння ўтульнае інтэр’ернае мастацтва, не азначае, што зусім няма экстэр’ерных работ, прычым вялікага аб’ёму. Вось адзін з прыкладаў. Запланаваная аздоба Кардыялагічнага цэнтра на Розы Люксембург. Экстэр’ер, велізарная сцяна — дзевяць на пяць метраў.
І ведаеце, праца з экстэр’ерным асяродкам матэрыяльна затратная і фізічна напружаная, таму не кожны дыпломнік, не кожны падрыхтаваны спецыяліст, маючы пэўны творчы досвед, пагодзіцца вырашаць гэтыя задачы. Камусьці прасцей знаходзіцца ў нейкім асяродку, дзе камфортна працаваць, дзе менш праблем.
Сацыяльны заказ не цалкам знік, ён сёння мае іншыя формы, чым за савецкім часам. Згадаю нашы роспісы ў Талачынскім манастыры, мазаікі на тарцах храма ў Баркалабава — то-бок яны ёсць у нас і ў экстэр’еры, і ў інтэр’еры. Ёсць прастора для дзейнасці, адпаведна і студэнтаў мы выхоўваем мастакамі, здольнымі вырашаць любыя задачы.
— Я бачыў вас на адкрыцці персанальнай выставы вашай вучаніцы Дарыны Даўгадзілінай. Выступаючы з вітальным словам, вы адзначылі яе талент капііста. І вось мне падумалася: экспазіцыям у нашых замках і палацах не стае гістарычна і эстэтычна каштоўных мастацкіх твораў, страчаных у войнах і іншых нягодах, праз якія прайшла наша краіна. Чаму б гэтыя лакуны не закрыць высакаякаснымі копіямі? Зрэшты, да такой працы могуць далучыцца і вашы студэнты.
— Мы зыходзім з таго, што такія праекты — прэрагатыва музейшчыкаў. Яны лепей ведаюць, што ім трэба, чаго ім не стае. У нас, скажу шчыра, не было пакуль думкі ўсталяваць у межах навучальнага працэсу сур’ёзную капійную вытворчасць. Але, думаю, ідэя слушная. Будзем думаць. Стварыць гэта ў нас, выйсці на супрацоўніцтва з музеямі ў справе запаўнення лакун у экспазіцыях будзе нават цікава.
Я абсалютна згодны: хай бы там, дзе на месцы страчаных карцін вісяць іх фотадрукаваныя рэпрадукцыі, былі б высокага ўзроўню мастацкія копіі. Праўда, аднак, што такіх майстроў, як Дарына, мала. Гэта вельмі і рэдкі, неверагодны талент. Мы ж рыхтуем не капіістаў, а рэстаўратараў. Таму, думаю, найперш мусіць быць прамы кантакт музея і самага аўтара, я маю на ўвазе Дарыну Даўгадзіліну. Гэты быў бы вельмі добры кантракт і вельмі карысная справа. І там ужо, як справа пойдзе, можна будзе і нашай кафедры далучыцца. І пра гэта варта падумаць.
— А чаму рэстаўратараў рыхтуюць на вашай кафедры, а не на станковым жывапісе ?
— Насамрэч зыходна было меркаванне, што рэстаўрацыя бліжэй да станковага жывапісу. А потым мы прыйшлі да высновы, што ў нас гэты род дзейнасці часцей за ўсё звязаны з архітэктурай, з архітэктурным асяродкам. А гэта прэрагатыва манументальнага мастацтва. Акрамя таго, мы тое ж чулі і ад літоўскіх калег, у якіх досвед рэстаўрацыйнай працы большы, чым у нас. Гэта, памятаю, словы прарэктара па міжнародных стасунках іхняй акадэміі. Яна сказала, маўляў, абавязкова стаўце гэтую спецыяльнасць на кафедры манументальнага мастацтва, таму што тут вельмі моцны патэнцыял выканаўчы, навучанне розным тэхналогіям. Так мы, зрэшты, і зрабілі.
— А чым звычайна займаюцца вашы выпускнікі пасля заканчэння акадэміі?
— У краіне вельмі шмат прыватных заказаў. У сувязі з тым, што велізарная колькасць новабудоўляў, многія манументалісты ўдзельнічаюць разам з архітэктарамі ў праектаванні і нават самі ствараюць творчыя майстэрні. Ёсць, у прыватнасці, шмат вітражных майстэрняў. Мастакі, якія працуюць з інтэр’ерамі, нярэдка звязаныя з сур’ёзнымі кампаніямі. Я ўжо казаў, што манументалістыка ў асноўным сышла ў інтэр’ер.
— Адзін з наведвальнікаў персанальнай выставы Дарыны Даўгадзілінай, пра якую мы ўжо згадвалі, сказаў, што правільна Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў калісьці аблаяў мастакоў-авангардыстаў, а сапраўднае мастацтва павінна быць вось такім — прафесійна дасканалым, эстэтычна пераканаўчым. Нагадаю яшчэ, што на нацыянальнага маштабу мастацкіх салонах сімпатыі публікі шмат год запар збірае Алеся Скарабагая, якая таксама працуе ў рэалістычнай стылістыцы і дэманструе высокі прафесіяналізм. Мо ў грамады настальгія па сапраўдным, так бы мовіць, мастацтве? Па добрым у традыцыйным разуменні жывапісе?
— У грамады цяпер велізарная настальгія па сапраўднаму. Не толькі па сапраўдным мастацтве, але па сапраўдных пачуццях, па сапраўдным сумоўі, па сапраўдных эмоцыях. Я на сто адсоткаў разумею тых людзей, якія хочуць бачыць харошы колер, прыгожы мазок, эфектны штрых. І неабавязкова гэта мусіць быць рэалізм. Ёсць рэалістычныя рэчы, якія зместам і формай — суцэльнае трызненне. Я пра сапраўднае, што незалежнае ад стылістыкі, у якім вызначальныя маральны чыннік і эмацыйная форма. Скажам так, вучыць, як падаецца, трэба не сэксу, а выхоўваць пачуцці, да якіх потым прыдасца сэкс. А можна адразу сэкс, а потым будзем разбірацца. І мастацтва — падобная дылема, адно што ахоплівае тая дылема значна большую маральную і эмацыйную прастору. Добра калі “сапраўднае” як крытэрый каштоўнасці супадае з “сапраўдным” — у сэнсе з сённяшнім днём. Сапраўднае супадае з сучасным.
Гутарыў Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
Фота са старонкі Уладзіміра Зінкевіча на www.arthaos.com