У горадзе Пінску вось ужо 15 гадоў дзейнічае прафесійны тэатр. Хаця на аматарскім узроўні з 1992 года тут працавала студыя акцёраў “Дыяген”, а яшчэ раней — і да вайны, і пасля яе — тэатр існаваў у тым ліку як абласны, менавіта ў наш час у “сталіцы Палесся” адбываецца росквіт гэтага мастацтва. Паводле слоў дырэктара і мастацкага кіраўніка ўстановы Аляксандра Мікалаевіча Лукашэнкі, мінулы, 15 сезон прайшоў з вялікім поспехам і вялікай колькасцю разнапланавых спектакляў. Цяпер жа ў працы тэатра ёсць свае асаблівасці.
“Сёлета ў чэрвені ў нас па самых розных прычынах з тэатра адбыўся адток кадраў, — кажа Аляксандр Мікалаевіч. — Ніколі тут не было двух акцёрскіх складоў, а таму кожны адыходзячы прафесіянал — гэта адменены спектакль. Так што заяўляю: наш тэатр гатовы прыняць новых акцёраў. Вось са жніўня ў тэатр прыехалі дзве дзяўчыны з віцебскага каледжа культуры і мастацтваў, і ўжо зараз яны актыўна задзейнічаны ў спектаклях і набіраюцца вопыту.
Я працую ў Палескім драматычным тэатры каля 10 гадоў. Да мяне дырэктарам і галоўным рэжысёрам быў Іван Іванавіч Базан. Ён кіраваў народным тэатрам, пасля студыяй “Дыяген”, і дзякуючы яму тэатральны рух на Піншчыне жывы. Таму, хаця мы і далёка знаходзімся ад Мінска, у нас ёсць свае традыцыі, і гледачы, якія бывалі тут, пацвярджаюць наш высокі ўзровень. Нядаўна адзін з працоўных калектываў Салігорска выкупіў усю залу і глядзеў пастаноўку ў сваім вузкім коле. Такая практыка існуе даўно. Так што і мясцовыя тэатралы, і гледачы з іншых гарадоў пра Палескі драматычны тэатр ведаюць.
Каб паказваць сябе, мы рэгулярна ўдзельнічаем у фестывалях. Сёлета — у брэсцкай “Белай вежы”, летась — у “Смаленскім каўчэгу”, адкуль прывезлі дыпломы за лепшы акцёрскі ансамбль і лепшую мужчынскую ролю. Акрамя расійскай публікі, нас ведаюць ва ўсім блізкім замежжы: Украіне, Польшчы, Малдове, Прыбалтыцы. Мы рэгулярна выступаем на мінскіх малых сцэнах, у прыватнасці, у Доме ветэранаў, а таксама ў Тэатры юнага гледача. Супрацоўнічаем з бабруйскай трупай: яны выступаюць на нашай пляцоўцы, мы — на іх.
Пяць гадоў таму тэатр быў намінантам Нацыянальнай тэатральнай прэміі з візітнай карткай “Пінская шляхта”. За яе, у тым ліку, атрымалі спецыяльны прыз ад “Белтэлерадыёкампаніі” як за лепшы спектакль на беларускай мове, і нашу пастаноўку запісаў у відэафармаце рэжысёр Сяргей Кацьер. Ён таксама падказаў прадставіць гэты спектакль на маскоўскім фестывалі “Залаты Віцязь”, адкуль мы прывезлі “залаты дыплом”. Маскоўскаму гледачу спадабалася пастаноўка, хоць выкарыстоўваецца ў ёй сумесь беларускай, рускай і ўкраінскай моў, ды яшчэ і мясцовы дыялект, як першапачаткова задумваў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Увогуле мы сябе паказваем і параўноўваем з працамі іншых. Недзе вучышся і цягнешся да лепшага, а недзе разумееш сваю самадастатковасць.
Мы не забываемся і на дзіцячую аўдыторыю. Казка ў рэпертуары Палескага драмтэатра жыве ўсяго 2-3 месяцы. Дзеці — самая сумленная публіка, іх складаней ашукаць. Калі даросламу будзе нецікава, ён дачакаецца антракту і сыдзе. Дзеці ж пачнуць шумець. Да таго ж сцэна ў нашым тэатры знаходзіцца вельмі блізка да залы, таму акцёру да канца трэба заставацца ў вобразе”.
Пасля нашага знаёмства Аляксандр Мікалаевіч параіў паразмаўляць з маладымі актрысамі, якія сёлета пачалі працу. Дзяўчат клічуць Варвара Марозава і Дар’я Кармілічава. Абедзве яны выпускніцы Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў.
Дар’і 19 гадоў. Да апошняга моманту яна не ведала, куды яе размяркуюць, таму, калі пачула пра тое, што дырэктар Палескага драмтэатра шукае акцёраў, зразумела: гэта яе шанец. Да таго ж дзяўчыне хацелася паглядзець іншыя гарады, набрацца вопыту і майстэрства. Для сябе Дар’я вызначыла, што трэба быць адказным чалавекам у абранай прафесіі, умець працаваць з партнёрам па сцэне, каб і яму было зручна працаваць з табой. Добра, што калектыў у Палескім тэатры сапраўды дружны і прыязны, прызнаецца Дар’я.
Варвары 20 гадоў, яна ўраджэнка расійскага Тамбова, паходзіць з акцёрскай сям’і. Спачатку спрабавала паступіць у маскоўскую студыю Алега Табакова, дзе конкурс дасягае тысячы чалавек на месца. І калі прайсці туды не ўдалося, падала дакументы ў віцебскі каледж. Пасля таксама вырашыла набрацца вопыту ў Палескім тэатры. Варвара кажа, што акцёрская прафесія ў наш час стала больш легкадумнай, бо акцёры ўжо даўно перасталі “служыць” тэатру, як прынята было ў сям’і яе бацькоў.
Яшчэ адзін па-сапраўднаму творчы супрацоўнік Палескага драматычнага тэатра — рэжысёр Павел Анатольевіч Марыніч. Сёлета са спектаклем “Вій” у намінацыі “Лепшы спектакль тэатра драмы для малой сцэны” ён заваяваў Нацыянальную тэатральную прэмію, а таксама дыплом у намінацыі “Лепшая работа мастака ў спектаклі тэатра драмы”. Павел Марыніч у “Віі” выступіў у іпастасях рэжысёра, мастака-пастаноўшчыка і акцёра.
Сам Павел — з гарадскога пасёлка Старобін Салігорскага раёна. Вучыўся ў Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў, а таксама завочна ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Па словах Паўла, ён ніколі не ўяўляў, што будзе займацца акцёрскім рамяством. Усё прыйшло, як кажуць, з крокам “ад нянавісці да любові”. Неяк школьнікам ён разам з класам паехаў у Купалаўскі тэатр, дзе паказвалі сур’ёзную псіхалагічную пастаноўку пра сямейныя адносіны. Паўла не зацікавіла тэма, і на другі акт ён проста не пайшоў. Сваё жыццё хлопец хацеў звязаць з дызайнам, але ў апошні момант падаў дакументы ў Магілёўскі каледж мастацтваў. Паспрыяла яму палюбіць тэатральнае мастацтва выкладчыца Галіна Аляксандраўна Лабанок. З ёй Павел і яго аднакурснікі шмат хадзілі ў Магілёўскі тэатр, а таксама знаёміліся з жыццём за кулісамі. А пастаноўкі рэжысёра Алега Жугжды, які ставіў спектаклі-легенды, канчаткова пераканалі студэнта ў правільнасці свайго выбару.
У 2006 годзе, падчас стварэння прафесійнага Палескага драматычнага тэатра, увесь выпускны курс Паўла — восем чалавек — атрымаў запрашэнне прыехаць у Пінск, што моладзь і зрабіла. Павел Марыніч прапанаваў паставіць на мясцовай сцэне дыпломны спектакль курса, каб пазнаёміцца з гледачом і каб у тагачаснага рэжысёра Івана Базана склалася ўяўленне аб іх здольнасцях. Іван Іванавіч, заўважыўшы арганізацыйны поспех Паўла, пачаў даручаць яму ставіць пастаноўкі. Такім чынам, цяпер у Паўла Марыніча за плячыма 30 спектакляў і, як сам ён сцвярджае, мноства перспектыў.
“У акцёрскім майстэрстве я раўняюся на Яўгенія Леонава, Луі дэ Фюнэса, Марыю Аронаву, Людмілу Гурчанка, а ў рэжысуры — на Марка Захарава, — дзеліцца Павел Анатольевіч. — Мне падабаецца, калі ў спектаклі ёсць іронія, элементы танцаў і музыка. Я імкнуся стварыць пастаноўку, пад якую гледачам было б лёгка адпачыць. Таксама натхняюць зараджаныя на поспех акцёры. Лічу, у ролю трэба паглыбляцца цалкам, бо немагчыма сыграць штосьці на сцэне, не перажыўшы, не адчуўшы гэтага. А, бывае, акцёру трэба сыграць нават смерць… Хочацца, каб у наш тэатр прыходзілі новыя кадры, каб наша праца рабілася больш аплатнай, каб у краіне была створана пляцоўка для абмену вопытам з рознымі тэатрамі”.
Вяртаемся да размовы з дырэктарам тэатра Аляксандрам Мікалаевічам Лукашэнкам. Высвятляецца, што з 1 студзеня наступнага года ў тэатры адбудуцца перамены. Палескаму драматычнаму тэатру нададуць статус абласнога па загадзе губернатара Юрыя Шулейкі. А гэта прынясе з сабой большую стабільнасць. Такія змены — вынік плённай працы ўсіх супрацоўнікаў тэатра. А ў любой справе, калі да яе сумленна ставіцца, па словах Аляксандра Мікалаевіча, заўсёды знойдзецца чым удасканальваць распачатае.
Пакідаючы сцены Палескага драматычнага тэатра, ствараецца ўражанне аб сур’ёзнай рабоце, якую вядуць тут усім калектывам. А значыць, у пінчан і жыхароў раёна заўсёды будзе магчымасць адпачыць душой і добра правесці вольны час.