Крочу па цёмных прысадах, дзе сто гадоў таму хадзіў імператар і яго сям’я. Сучасны Магілёў зусім не падобны на той, правінцыйны, якім мог бы падацца пры наведванні яго прадстаўнікамі дынастыі Раманавых, нягледзячы на тое, што ў горадзе была царская Стаўка. Але непаўторны дух месца захаваўся.
У Свята-Нікольскім манастыры ёсць храм, чый іканастас адноўлены найлепшымі майстрамі. У свой час аддзелка там рабілася па загадзе Мікалая ІІ, які шанаваў веру, умацоўваў цэрквы. Напрыклад, у 1903 годзе па яго прамым указанні адбылося шанаванне вялікага старца Серафіма Сароўскага. Імператар сам ішоў паломнікам, нёс труну з мошчамі ўгодніка Божага і прычашчаўся святых Хрыстовых тайн. Мікалаю ІІ было перададзена пісьмо Серафіма Сароўскага. Прачытаўшы яго, імператар заплакаў. Мо ў тым лісце быў наканаваны ягоны лёс?
Ні Першая, ні Другая сусветныя войны, ні рэвалюцыя не знішчылі памяць пра царскую сям’ю. Ідучы магілёўскімі прысадамі, згадваю запісанае Мікалаем ІІ у дзённіку: “Днем сделал очень красивую прогулку по Днепру выше Могилева. Переехал на лодке и смотрел на переправу четырех автомобилей на пароме. Местность очень живописная, природа чудная”. А ў 1916 піша ён так: “6 января. Канун Рождества Господнего. После чая отправился к архиерейской службе в церкви, откуда крестный ход спустился к Днепру с правой стороны моста. Все части гарнизона стояли шпалерами, батарея произвела салют в 101 выстрел, и аэропланы летали над головами”.
Бывала, уся сям’я імператара спускалася па шматпрыступкавай лесвіцы да манастыра ў Магілёве, нікога не апавяшчаючы. Жыхары ж горада віталі манарха. Царыца Аляксандра Фёдараўна даставала з белай сумачкі манеткі і падавала людзям.
— Я быў зусім маленькім і прыслужваў у Свята-Нікольскім храме, — распавёў мне Сямён Антонавіч Халіпаў, якому было за дзевяноста гадоў. Ён жыў непадалёк ад Стаўкі імператара. — Мне таксама падалі пятачок, і я яго дасюль захоўваю. У той час я запальваў свечы ў манастыры і бачыў, як малілася ўся царская сям’я. Цяпер левы клірас, дзе ўсё адбывалася, — прыдзел Царскіх Страстацерпцаў, а ў ім — наш багамольны магілёўскі крыж…
Крыж, выратаваны пакутайКалі я прыехала ў Магілёў, то згадала пра чалавека, які блаславіў мяне на многія шляхі-дарогі. Спачатку ў Спаса-Еўфрасіннеўскай царкве, каля ракі святой Прападобнай Еўфрасінні Полацкай, а затым у бальніцы пасля аперацыі на сэрцы, літаральна за некалькі месяцаў да смерці. Так, Уладыка Максім быў хворы, пакутаваў, але прыняў мяне і хрэснікаў маіх проста ў палаце, размаўляючы каля гадзіны і цярпліва чакаючы, пакуль дзеці самі не падыдуць па блаславенне.
Архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Максім лёсам сваім (так сталася) быў знітаваны з лёсам сям’і апошняга расійскага імператара. Ён і пахаваны ў Свята-Нікольскім манастыры, дзе часта бывала сям’я Мікалая ІІ. Кажуць, акрамя святароў толькі царэвічу Аляксею дазвалялася ўваходзіць у алтарную частку храма.
Дарэчы, там цяпер той самы магілёўскі крыж, зберажоны маці Уладыкі Максіма: жанчына вазіла з сабой гэтую рэліквію ў далёкую табольскую ссылку. Рассеклі сімвал веры, а маці з малымі дзецьмі яго выратавала. А праз шмат гадоў ужо дарослы сын прывёз яго назад у Магілёў і, па блаславенні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, святыню ўнеслі ў прыдзел царскай сям’і. Цяпер перад ім трымаюць споведзь, просяць дапамогі…
Цяперашняя ігумення Свята-Нікольскага манастыра матушка Яўгенія сказала мне: “Мы зараз адкрыем храм, каб вы ўбачылі крыж…” Але спачатку я падышла да магілы архіепіскапа Максіма. Там зноў згадаліся запісы з дзённіка Мікалая ІІ, зробленыя ўжо ў 1917 годзе: “26 февраля. Воскресенье… Написал Алике и поехал по Бобруйскому шоссе к часовне, где погулял”.
Размаўляючы з матушкай Яўгеніяй, высветліла, што яна, аказваецца, таксама была ў ссылцы. І аднойчы, у Табольску, ейнаму бацьку падарыў святое Евангелле з дарчым надпісам Мікалай ІІ. Яна прасіла рады: прывезці і перадаць Евангелле з аўтографам імператара ў Магілёў, у Свята-Нікольскі манастыр, або пакінуць у сям’і брата? Адказваю: “Якія могуць быць сумневы? Евангелле павінна чытацца ў манастыры!”
Магілёўскі партрэт Мікалая ІІТое, што здарылася 14 жніўня 2000 года адначасова ў Маскве і Магілёве, — неверагодна. У маскоўскім храме Хрыста Збавіцеля на Архірэйскімсаборы здзяйсняўся абрад кананізацыі імператарскай сям’і. А ў Магілёве незвычайны выпадак дапамог знайсці парадны партрэт імператара Мікалая ІІ. У старой частцы будынка на вуліцы Піянерскай за некалькі дзён да названай даты скончыў жыццё самагубствам прадпрымальнік. 14 жніўня там вяліся будаўнічыя работы, пад час якіх быў знойдзены тайнік: у нішы стаяў той самы партрэт расійскага імператара ў поўны рост.
Запрасілі маладога святара з Кафедральнага сабора, і той крыху разгубіўся, не ўзяўшы для асвячэння пакоя іконы. Яму вынеслі з гэтай мэтай знойдзены партрэт Мікалая ІІ. Хоць выява не была кананічная, прэсвітэр адслужыў перад ёю малебен. Затым, па просьбе Уладыкі Максіма, цудоўны абраз быў перанесены ў манастыр, дзе знаходзіцца і па гэты час як шанаваная ікона.
Знаходка адбылася 14 жніўня, напярэдадні дня нараджэння царэвіча Аляксея (15 жніўня).
“Любоў пераможа...”У парку над Дняпром, на самай кручы, узводзіцца сёння храм святых Царственных пакутнікаў і ўсіх Новапакутнікаў і Споведнікаў ХХ стагоддзя.
Улюбёнец царскай сям’і Магілёў не пакідае шанаваць яе. Аказваецца, новы храм пачаў будаваць яшчэ Уладыка Максім, але сам пачатку работ не дачакаўся.
А пакутнікаў за мінулы век было нямала. Колькі гадоў таму ў манастыр зайшоў старац, які распавёў сваё дзіцячае ўражанне: расстрэлы проста ў алтарнай частцы гэтага храма. Бачыў стары, як забілі жанчыну з немаўляткам на руках. Уладыка Максім загадаў зрабіць у манастыры асобнае месца пахавання пакутнікаў.
Захацелася яшчэ раз адкрыць на імгненне дзённік Мікалая ІІ, дзе паважным спакоем дыхаюць словы: “Дочери завтракали. Прогулку сделали вчерашнюю. Смотрели на игры 20 мальчиков, знакомых Алексея по городскому саду”.
Дарэчы тут згадаць і словы запавету Мікалая ІІ, перададзеныя вялікай князеўнай Вольгай у лісце з Табольска: “Отец просил передать всем тем, кто ему остался предан, и тем, на кого они могут иметь влияние, чтобы они не мстили за него, так как он всех простил и за всех молился, чтобы не мстили за себя и чтобы помнили, что то зло, которое сейчас в мире, будет еще сильнее, но что не зло победит зло, а только любовь”.
Вольга ЯГОРАВА