— Прышчэпка ад каранавіруса — усё яшчэ актуальная праблема, бо вірус здольны забраць жыццё кожнага. У сувязі з гэтым — пытанне: якімі тэмпамі ідзе вакцынацыя сярод работнікаў культуры Рагачоўскага раёна?
Наталля Прус, начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Рагачоўскага райвыканкама:
— Мы пакуль не дасягнулі патрэбнага працэнту сярод прышчэпленых для стварэння калектыўнага імунітэту, але робім для гэтага ўсё магчымае. Супрацоўнікі ўстаноў культуры адносяцца сур’ёзна да праблемы, забабонаў наконт вакцынацыі няма. У раёне ёсць арганізацыі, дзе колькасць вакцынаваных работнікаў культуры перасягнула 50%. Прышчапіцца жыхарам горада можна ў грамадскіх аб’ектах, вяскоўцам — у ФАПах. Я і сама вакцынавалася і адчула, што перанесла хваробу значна лягчэй.
— Як вядзецца вакцынацыя ў раёнах Мінскай вобласці, у прыватнасці на Бярэзіншчыне? Ці надаюць належную ўвагу дадзенаму пытанню работнікі сферы культуры гэтай мясцовасці?
Таццяна Бакун, галоўны спецыяліст аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Бярэзінскага райвыканкама:
— Аддзел ідэалогіі, культуры і па справах моладзі пільна сочыць за вакцынацыяй у галіне. Апошнім часам у сувязі з пікам пандэміі працэс вакцынацыі знізіўся, бо многія перахварэлі і маюць супрацьпаказанні. Тым не менш толькі ў Доме культуры за гэты тыдзень прышчапілася 11 чалавек. У гэтай установе амаль палова супрацоўнікаў цяпер абаронены ад цяжкіх наступстваў каранавіруса. Бадай, нага ў нагу па вакцынацыі з Домам культуры ідуць школа мастацтваў і раённая бібліятэка.
— Палац Пуслоўскіх у Івацэвіцкім раёне паступова рэстаўруецца, але і ў новым годзе работы тут працягнуцца. Тым не менш госці актыўна наведваюць аб’ект, і цікаўнасць да яго расце.
Ірына Семянюк, дырэктар ДУК “Косаўскі палацава-паркавы комплекс”:
— Сапраўды, рэстаўрацыя працягваецца. Летась тут быў скончаны рамонт цокальнага паверха, сёлета — першага паверха і аўтастаянкі з зонай адпачынку, налета запланавана здаць другі (апошні) паверх. Затым пачнецца давядзенне да ладу прысядзібнай тэрыторыі ў спрадвечным англійскім стылі. Вядуцца работы над інфраструктурай для гасцей, якіх і сапраўды шмат.
Падрыхтаваў Павел САЛАЎЁЎ