Кожная гэтая перамога — бы чарговы талер у скарбонку. Атрымліваюцца акурат “Тры талеры” (памятаеце такую тэлестужку?), толькі па іншым сцэнарыі.
Між тым, за межамі такога залатога зарападу засталіся самыя, бадай, адметныя складнікі спектакля, што і забяспечылі яму пераможны салют. Па-першае, гэта ладна скроеная інсцэніроўка маладога беларускага драматурга Вольгі Прусак. Адна з яе п’ес — “Сіртакі” — пастаўлена (і вельмі паспяхова) у Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча. Шэраг іншых прэзентаваўся на чытках, у тым ліку за межамі краіны.
Пастаўленая ў Віцебску казка “Цім Талер, або Прададзены смех” нямецкага пісьменніка і паэта Джэймса Круса мела калісьці сваё ўвасабленне на “Беларусьфільме”. У кінаверсіі, вядома, шмат чаго змянілася ў параўнанні з літаратурным арыгіналам. Цяперашні спектакль таксама мае крыху іншыя сюжэтныя дэталі. Але ён куды бліжэйшы да кнігі, у ім закрануты даволі важныя моманты эканамічнага лікбезу для дзяцей: скарыстана падрабязна выкладзеная ў кнізе ідэя з вырабам маргарыну, засяроджана ўвага на неабходнасці сачыць не толькі за якасцю прадукцыі, але і за дызайнам, рэкламай і іншымі рэчамі, што дапамагаюць прасоўваць новы тавар.
Дзея разгортваецца імкліва, ні на імгненне не адпускае глядацкую ўвагу. Драматург здолела не проста зрабіць гэткі “сціслы пераказ”, а скіраваць яго ў бок тэатральнасці, пакінуць паветра для ўдыху і выдыху, прастору для рэжысёрскіх прыдумак, не сціснутых “літмантажом”.
Сцэны са спектакля “Лялькі Ціма Талера, або Прададзены смех”.
Па-другое, адзначым яшчэ аднаго незаменнага ўдзельніка пастаноўчага працэсу — Дзмітрыя Гаралевіча, якому ў спектаклі належаць сцэнаграфія, лялькі, касцюмы. Вядома, усё гэта распрацоўвалася разам з рэжысёрам Міхасём Клімчуком, але мастак здолеў стварыць лялькі розных канструкцый і настолькі разнастайныя, што вочы разбягаюцца. Ідэя вялізнай шафы з дзвярыма, палічкамі, акенцамі, ілюмінатарамі дае магчымасць хутка змяняць і герояў, і іх дыслакацыю. Партрэты маці і бацькі Ціма ў спалучэнні з тэатрам ценяў, выкарыстанне планшэтных лялек, масак, своеасаблівая гульня з маштабамі, калі вялікае ўспрымаецца маленькім і наадварот (узгадаем прыгожы, акуратны гарадок, змешчаны ўверсе на шафе), не проста ствараюць відовішча, а стымулююць дзіцячую фантазію. Дый само слова “лялькі” трапляе ў назву спектакля невыпадкова: у фінале Цім набывае тэатр лялек, каб паказваць у ім прадстаўленні — і перад намі разгортваецца адно з іх, звязанае з падзеямі ягонага жыцця.
Рэжысёр робіць усё, каб быццам незаўважна ўцягнуць дзяцей у тэатральную дзею. Артысты спачатку проста размаўляюць з юнымі гледачамі. І не па прынцыпе: “Ці ўсе гатовыя? Дзе вашы ручкі?” і т.п. Рэакцыя залы і неабходная цішыня ўсталёўваюцца самі сабой: дапамагае няхітры прыём “спектакля ў спектаклі”, вырашаны адмыслова. Артысты ціхенька размаўляюць — бы самі з сабой: у іх штосьці не ладзіцца. І ўсё — дзецям ужо цікава, што ж такое здарылася і як дапамагчы. Дый выключыць тэлефоны ім не загадваюць, а прапануюць зрабіць гэта разам з артысткай, якая гаворыць, што сама пра гэта ўвесь час забываецца. Праз гэта адразу знікае мяжа не толькі паміж сцэнай і залай, але і паміж дзецьмі і дарослымі. Яны становяцца роўнымі, гуляюць у адну гульню — і разам спасцігаюць жыццёвыя віры-вадавароты-павароты. Дый цягам усяго спектакля мы бачым адначасова двух Цімаў: дарослага (Аляксей Макарскі) і маленькага (лялька ў ягоных руках). Адмоўныя персанажы намаляваны зусім не ворагамі, якіх трэба знішчыць. Цётка (Вольга Лазебная), Эрвін (Яўген Гусеў) — смешныя. Сімвалічна, што той жа артыст пераўвасабляецца ў станоўчага Крашыміра, само імя якога быццам складзена з міру ды прыгажосці. Галоўнага антаганіста Ціма — Барона Троча (Валерый Зімніцкі) — часам становіцца шкада: ён жа не ўмее смяяцца самастойна! І замест таго, каб усё ж навучыцца гэтаму, вырашае падмануць хлопчыка. Але сам трапляе ў сваю пастку.
Спектакль не проста вучыць дарослых смяяцца, бы дзеці, а дзяцей, як папярэдзілі гледачоў у пачатку, не давяраць незнаёмцам. Ён скіраваны на дыялог пакаленняў. А ў дыялогу, як вядома, нараджаецца ісціна.