З 2010 года UNICEF ладзіць фестываль Sanremo Junior, і з кожным годам геаграфія яго ўдзельнікаў пашыраецца. Сёлета ў Сан-Рэма выступіла і прадстаўніца Беларусі Ксенія Галецкая, і адразу з такім вялікім поспехам — стала ўладальніцай Гран-пры! Удзельнічаць у спаборніцтве могуць юныя спевакі з усяго свету ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў, 14-гадовая Ксенія Галецкая трапіла ў самую старэйшую катэгорыю з найбольшай колькасцю канкурсантаў.
А ўвогуле ў конкурсе сёлета прымалі ўдзел 22 юныя спевакі — з Італіі, ЗША, Украіны, Расіі, Германіі, Ізраіля, Славакіі, Балгарыі і г. д. Канкурсанты выступалі ў суправаджэнні вялікага сімфанічнага аркестра, а само шоу адбывалася на славутай сцэне Ariston, на якой у свой час спявалі самыя знакамітыя італьянскія зоркі — ад Адрыяна Чэлентана да Эраса Рамазоцці. Ксенія Галецкая выканала песню Who’s Loving You з рэпертуару групы Jackson 5 і пераўзышла ўсіх, мабыць, не толькі ў вакальным майстэрстве, а і ў тэмпераменце і абаяльнасці.
Выступаць на вялікіх сцэнах Ксенія ўмее даўно — яшчэ ва ўзросце шасці гадоў яна стала фіналісткай тэлевізійнага шоу “Я пою”. Тры гады таму яе сям’я пераехала з Гомеля ў Мінск, і юная артыстка пачала займацца ў студыі мастацтваў прадзюсарскага цэнтра “Спамаш”, які і падрыхтаваў яе да перамогі ў фестывалі “Славянскі базар у Віцебску — 2019”. Тады ж Ксенія стала стыпендыяткай Спецыяльнага фонда Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі.
Па вяртанні юнай артысткі на Радзіму з Італіі ў цэнтры “Спамаш” у Мінску была зладжана цырымонія шанавання пераможцы, дзе Ксенію Галецкую павіншаваў і міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч. Ён адзначыў, што першым пачуццём, калі даведаўся пра Гран-пры Ксеніі, у яго быў гонар за Беларусь і яе таленавітых грамадзян. Таксама міністр падзякаваў усім, хто рыхтаваў гэтую перамогу: “Я выдатна ўяўляю, колькі працы і энергіі было затрачана на дасягненне такога выніку. Упэўненасць, дакладнае выкананне, работа з гледачамі, дакладна падабраны рэпертуар — каманда прафесіяналаў прадзюсарскага цэнтра “Спамаш” сур’ёзна над гэтым папрацавала”.
Таксама Анатолій Маркевіч зачытаў віншавальныя словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі на адрас юнай артысткі, у якіх акрамя іншага было адзначана, што Ксенія “праславіла Беларусь, паказала ўсяму свету, якая ў нас таленавітая і працавітая моладзь, што любіць сваю краіну”.