Прызнацца, гэта адзіная ў маім жыцці кніга, якую ў якасці стыль-рэдактара і карэктара я прачытаў ажно пяць разоў. І ўжо пасля першага знаёмства са зместам рукапісу я быў надзвычай уражаны маштабам і значэннем зробленага аўтарам. У сваёй прадмове да кнігі Вольга цалкам слушна напісала, што за некалькі дзесяцігоддзяў праз Белджяржфілармонію прайшлі і праславілі яе сотні эстрадных артыстаў, што імёны некаторых з іх на слыху, а многія несправядліва забытыя за даўніной гадоў. Не даць усім ім згубіцца ў гісторыі — такую мэту паставіла перад сабой Вольга Брылон больш як тры з паловай гады таму, калі нарадзілася задумка пачаць неймаверна складаны праект.
Сустрэчы са сваякамі тых артыстаў, якія пайшлі з жыцця, многія гадзіны працы ў архівах і бібліятэках, нарэшце, напісанне тэкстаў і ўпарадкаванне напісанага ў чатырох главах. Заўважу, што падобныя праекты звычайна ўвасабляюцца цэлымі калектывамі даследчыкаў. А тут яна працавала адна пры падтрымцы Марыны Мулявінай (адказная за выданне), Сяргея Махава (дызайн і вёрстка).
Такім чынам, чатыры главы кнігі ахопліваюць чатыры дзесяцігоддзі з гісторыі Белдзяржфілармоніі ад 1930-х і па 1980-я гады. Пра пачатак Белдзяржэстрады наогул вядома няшмат, а таму расповед пра 30-ыя асабліва карысны інфармацыйна. Асабліва каштоўныя фота афіш канцэртаў беларускіх артыстаў мінулага і копіі загадаў па філармоніі. Дзе ж яшчэ іх можа пабачыць зацікаўлены ў гісторыі айчыннай эстрады чалавек?! А тут — неверагодна аб’ёмная па інфармацыі і факталогіі, унікальная крыніца! Да таго ж, у кнізе маецца і спіс згаданых на яе старонках асоб, што дазваляе аператыўна арыентавацца ў змесце. Кніга адкрываецца фотаздымкам першага дырэктара Белдзяржэстрады Рыгора Прагіна і заканчваецца артыкулам пра філарманічную рок-групу “Сузор’е”. Цікавы момант: калі рукапіс кнігі быў ужо звярстаны, прыхільнікі гэтага калектыву выдалі на CD запісаны яшчэ ў 1984 годзе магнітаальбом “Рок-терапия”, і гэтая інфармацыя паспела трапіць на старонкі выдання.
Варта адзначыць і выдатнае паліграфічнае выкананне гэтага опуса (выдавецтва “Альтиора Форте”). Трэба згадаць, што гэта ўжо другая манументальная кніга, зробленая дуэтам Брылон — Мулявіна. Першай была выдадзеная ў 2016 годзе ў іх суаўтарстве таксама вялікая па аб’ёму і факталогіі кніга “Владимир Мулявин и Лидия Кармальская. Недосказанное…”. Яе, як і кнігу “Белорусская эстрада…”, падтрымаў Белаграпрамбанк, старшыня праўлення якога Анатоль Лысюк ва ўступным слове адзначыў: “Важнасць і каштоўнасць гэтай маштабнай навуковай працы безумоўныя, бо беларуская эстрада ўяўляе з сябе самабытны, непаўторны пласт нашай культурнай спадчыны, які вядомы не толькі на постсавецкай прасторы, але і далёка за яе межамі”.
У свой час Вольга Брылон, тады яшчэ студэнтка Беларускай кансерваторыі, была ў мяне на рэдактарскай практыцы ў часопісе “Мастацтва”. Ужо тады я для сябе адзначыў яе ўпартасць у адстойванні ўласнай пазіцыі і мэтанакіраванасць на дасягненне пастаўленай задачы. Вось чаму я асабіста вельмі рады таму, што, напэўна, нейкім чынам паспрыяў яе творчаму сталенню як даследчыка гісторыі айчыннай музыкі. А таму з задавальненнем узяўся за валанцёрскую дапамогу для выдання дзвюх напісаных ёю кніг, хоць, прызнацца, падчас чытак кнігі і давялося такі з ёй не аднойчы спрачацца.
Ці будзе працяг яе твораў? Упэўнены: абавязкова! Вольга здольная прыдумаць нешта арыгінальнае, непаўторнае. Тым часам кніга “Белорусская эстрада” яўна можа прэтэндаваць на самую высокую ўзнагароду на выдавецкім рынку за 2021 год.
Дзмітрый ПАДБЯРЭЗСКІ