На першым “Восеньскім салоне” — усяго шэсць год таму — большасць прозвішчаў удзельнікаў былі мне знаёмыя. Здзіўляцца гэтаму не выпадала: не такое ўжо і вялікае наша арт-асяроддзе. Але з кожным разам той адсотак спакваля змяншаўся. Прычына найперш у тым, што ўжо “засвечаныя” мастакі адзін за адным перасягалі 40-гадовы парог — і вццыпадалі з гульні. Таму нарастала інтрыга: хто ж прыйдзе ім на змену? І ці прыйдзе хто? Зразумела, не толькі на салонах, але і ў беларускім мастацтве наогул. Салон тут добры індыкатар: мала хто з маладых аўтараў міма яго праходзіць.
І вось, сёлета больш за 90% імёнаў удзельнікаў (агулам іх ажно 178!) для мяне былі ў навіну. Значыць, можна канстатаваць прыход новага пакалення. Не думаю, што яно так сябе ўсведамляе і самастойна здатнае сфармуляваць нейкае выразнае крэда. У нашым атамізаваным свеце гэта ўсяго толькі сукупнасць аўтараў, якія адзін аднаго, мабыць, нават і не ведаюць. Аднак… факт ёсць факт. Салон дазволіў яму праявіцца.
І пакаленне гэтае маладое мяне шчыра парадавала. Здавалася б, у наш век быць мастаком не надта прэстыжна, ды і асаблівых вонкавых матывацый няма. А тым не меней, на салоне мяне чакалі дзясяткі адкрыццяў, новых цікавых імёнаў!
Думаецца, амаль поўная адсутнасць у нас арт-рынка парадаксальным чынам сыграла ў плане мастацтва добрую службу. Большасць маладых не імкнецца адпавядаць модзе і кан’юнктуры, але робіць тое, што лічыць патрэбным. Калі шукаць ва ўбачаным нейкія агульныя рысы, галоўнай з іх будзе акурат угрунтаванасць у свой уласны экзістэнцыйны і эмацыйны досвед. А гэта заўсёды цікава і важна.
Зразумела, пры жаданні на салоне можна прыкупіць і звыклыя пейзажыкі з бярозкамі. Праўда, сёлета іх куды меней, чым бывала раней. Абсалютную большасць работ банальнымі не назавеш. І ўбачыўшы зусім дэкаратыўную, здавалася б, фігуру анёлка (“Шматасабовасць” Яўгена Юрыса), не варта думаць, што гэта кітч для начнога століка. Бо з патрэсканай галавы ў таго анёлка высоўваюцца чорныя пластыкавыя шчупальцы.
…Што адметна, і цэны сёлета даволі дэмакратычныя. Ці то маладыя мастакі аб’ектыўна ацэньваюць сітуацыю, ці то памкненне зарабіць для іх наогул не прыярытэтнае. Думаю, хутчэй другое. На першым месцы — прычым з велізарным адрывам — карціна Захара Кудзіна. Прычынай таму — трагічная смерць гэтага таленавітага мастака. Што, аднак, натхняе на сумныя высновы.
Антырэкорд усталяваў Вадзім Прыдурка (мяркую, гэта псеўданім): свой забінтаваны аўтапартрэт ён прадаў усяго за 2 рублі. Праца пранізліва шчырая і трохі хваравітая — што наогул характэрна для гэтага аўтара. Ён уваскрашае ў памяці “няўтульныя” творы андэграўндных мастакоў канца 80-ых — ці то Жданава, ці то ранняга Клінава.
Вычварны сюжэт або вынаходлівая тэхніка прасочваецца ў многіх работах. І гэтыя пошукі заўсёды індывідуальныя, не па шаблонах. Вось, напрыклад, яйка, з якога павінен вылупіцца анёл (Ульяна Хрыпко), або дзяўчына, што заехала на сваім ровары на марское дно (Наталля Неўмяржыцкая).
Без сумневу, новае пакаленне у той ці іншай меры засвоіла сусветны мастацкі досвед апошняга паўстагоддзя. Але яго веданнем бравіраваць ужо не прынята. Пэўна, усім зразумела, што здзівіць нейкай выразнай фармальнай навізной сёння не атрымаецца — таму бадай ніхто нават не спрабуе.
У сваёй большасці, удзельнікі салону не імкнуцца заігрываць з публікай, уразіць яе любой цаной — хаця зважаючы на памеры выставы такія прыёмы былі б зразумелыя: трэба ж неяк вылучыцца сярод соцень іншых! Магчыма, уся справа менавіта ў іх інтравертнасці. Складаецца ўражанне, што кожны з аўтараў жыве ў сваім вымярэнні, і яму там утульна.
Эпатаж, вядома, прысутнічае, але інтэлігентны і далікатны. Яго добры ўзор — праца мінімаліста Вячаслава Зайца “Палярнікі”: дзве чорныя кропачкі на зусім белым аркушы. Як выяўляецца, для стварэння цікавага і паўнавартаснага твора такога аўтарскага ўнёску цалкам дастаткова.
Інсталяцый, аб’ектаў, праектаў чамусьці зноў вельмі мала — хаця іх рэдкія прыклады адразу прыцягваюць да сябе ўвагу. Надзея Хмыль прапануе ўсім ахвотным памедытаваць, мацаючы пальцамі гліняныя фігуркі. Мастачка стварае альтэрнатыву візуальнаму ўспрыняццю рэчаіснасці, мяркуючы, што актывізацыя іншых органаў пачуццяў зробіць яе для нас больш разнастайнай. Не менш цікавыя ды прачулыя іншыя праекты гэтай аўтаркі — скажам, архівацыя сваіх валасоў як зрэзу часу, падобнага да ствала дрэва.
Але большасць усё ж абірае звыклыя медыя — скажам, той жа жывапіс. Вельмі трапна ды іранічна гэта адлюстраваў Раман Аксёнаў — ён склаў жывапісную кампазіцыю з рознакаляровых адбіткаў штампа “Жывапіс памёр”.
Так гэта насамрэч альбо не, многія ўдзельнікі, пэўна, асабліва і не задумваюцца. Яны проста выкарыстоўваюць жывапіс у якасці сродку самавыяўлення, часам адаптуючы да ўласных патрэбаў. Удала знаходзяць у моры фарбаў свае адценні — як, напрыклад, Кацярына Пашкевіч. Або і наогул спалучаюць тыя ж фарбы з іржавым жалезам — знойдзенымі прадметамі. У Лізаветы Бутрыс гэта таркі, у Таццяны Савік — цвікі, якія здатныя адначасова і калоць і змацоўваць. А Юлія Дранец далучае ў свае летуценныя калажы засушаныя сцябліны і кветкі.
Адкуль і чаму бярэцца гэтая вынаходлівая, папраўдзе аўтарская тэхніка? Над гэтым можна доўга разважаць, сузіраючы самі творы. Але ясна адно: усё яно не ад галавы, не ад халоднага разліку. Што яшчэ лучыць маладых беларускіх мастакоў, дык гэта іх эмацыйнасць. Нават падкрэслена фармалістычны, здавалася б, геаметрызм Уладзіміра Сакалоўскага пры больш пільным поглядзе здатны выклікаць суперажыванне: аказваецца, за гэтымі схематычнымі выявамі тояцца глыбокія і смутныя пачуцці.
Магчыма, камусьці не хопіць ва ўбачаных работах завершанасці, майстравітасці. Многія і сапраўды выглядаюць як “спроба пяра” — зрэшты, чаго ж яшчэ чакаць ад маладых мастакоў? Але што ў іх не адняць, дык гэта шчырасці і сапраўднасці.
Астатняе, хочацца верыць, дадасца. Персанальныя выставы многіх удзельнікаў салону будзе вельмі цікава наведаць. Галоўнае толькі, каб іх імпэт не згас раней, чым з’явіцца магчымасць іх зладзіць.
фота Сяргея ЖДАНОВІЧА