Заўзятары тэатра добра ведаюць, што любімыя акцёры чакаюць іх і абавязкова адораць цяплом і бадзёрасцю.
Тэатр ператварыўся ў казачны замак. Рэжысёр свята Вольга Маханькова запрасіла дзяцей і дарослых на баль да Папялушкі.
Вясёлыя гульні, сюрпрызы, танцы і песні разам з казачнымі героямі каляровай віхурай захапілі гасцей.
А калі дзеці трохі прытаміліся, то пачалося галоўнае дзейства — спектакль Віктара Клімчука “Папялушка, або Крышталёвыя чаравічкі” па казцы Шарля Перо.
Здаецца, неўтаймаваную энергію маленькіх гарэз не ўдасца спыніць, але ж “Лялька” валодае сакрэтнымі прыёмамі. На “адзін-два-тры” маленькія гарэзы ператвараюцца ва ўважлівых і зацікаўленых гледачоў. І нават “гаршэчнікі” (так ласкава паміж сабой акцёры клічуць гледачоў 3+) шырока расплюшчанымі вочкамі глядзяць на магічнае дзейства.
Так было і гэтым разам. Віктар Ігнатавіч — галоўны лялечны чарадзей, з любой заморскай гісторыі робіць сваю родную казку. І вось французская Сіндэрэла лёгкім росчыркам аўтаручкі ператвараецца ў беларускую Папялушку.
Памятаеце словы Караля з савецкай “Папялушкі” 1947 года: “Ніякія сувязі не дапамогуць зрабіць ножку маленькай, душу вялікай і сэрца справядлівым?” Наконт “душу вялікай” можна і паспрачацца з пастаноўшчыкамі Надзеяй Кашаверавай і Міхаілам Шапірам.
Добры і разумны Тэатр надае высакароднасці, а каханне і пяшчота расхінаюць душу. Поўная зала гледачоў спектакля “Папялушка, або Крышталёвыя чаравічкі”, адназначна, выйшла з тэатра з прасветленым сэрцам.
Пастаноўка скончылася, а свята прадоўжылася цікавостікамі для працаўнікоў тэатра.
Таемным галасаваннем былі выбраны лепшыя артысты мінулага сезона, які атрымалі каштоўныя... (пажаданне, але яно зараз не спрацавала), таму проста прыемныя падарункі.
У намінацыі “Лепшая мужчынская роля” перамог вядучы майстар сцэны Валерый Зімніцкі, роля “Пятрушкі”, у аднайменнай пастаноўцы. Акцёр вызначыўся ювелірным лялькаваджэннем і віртуозным уменнем размаўляць праз пішчык (спецыяльная прылада для пісклявага тэмбру).
Узнагароду за “лепшую жаночую ролю” атрымала Аляксандра Бурдзілоўская, што ў спектаклі “Ох і залатая табакерка” ўвасобіла і ганарыстую прыгажуню Каралеўну, і няўрымслівую Мыш.
А прафсаюзная арганізацыя тэатра адзначыла адмысловымі ўзнагародамі мастака-дэкаратара Кацярыну Герасімовіч і вядучага майстра сцэны Яўгена Гусева. У прэм’еры новага сезону — спектаклі “Пятрушка” ён выканаў адразу 7 роляў — мужчын, жанчын, жывёл і нячысцікаў.
Пасля нядоўгага адпачынку, калі горад пагрузіўся ў змрочную цемру, сафіты тэатра працягвалі палаць цёплым святлом.
Вядомы штамп, што тэатр пачынаецца з вешалкі, у “Ляльцы” не працуе. Гэты тэатр пачынаецца з усмешкі адміністратара. А на свята — з музыкальных і харэаграфічных выступленняў сяброў тэатра. Гэтым разам перад вечаровым паказам бальныя танцы зладзілі дзеці ўзорнага харэаграфічнага ансамбля “Фэст”.
Апафеозам вечара стала сур’ёзная размова з гледачамі. Віктар Клімчук запрасіў нас да разважанняў пра ганарыстасць і незвычайнасць чалавечай асобы.
Пастаноўка “Спакуса” паводле аповесці Чэхава “Чорны Манах” гэта іранічнае перапляценне тонкай іроніі і глыбокай трагедыі чалавека, які ў пагоні за ўласнай геніяльнасцю згубіў падмурак рэчаіснасці.
Міхаіл Клімчук у ролі Андрэя Коўрына блукаў у лабірынтах душы, намагаючыся знайсці баланс паміж звычайным чалавечым шчасцем і ўзнёсласцю сваёй душы.
Вядома, што Чэхава лічаць знаўцам чалавечай душы. Яго “Чорны манах” — гэта дыялог з сабой. Ідэя аповесці прыйшла да пісьменніка ў сне.
Артыст пераканаўча стварыў вобраз галоўнага героя. Дарэчы, Коўрын у выкананні Клімчука атрымаў дыплом “За лепшую акцёрскую працу” — на VII Міжнародным фестывалі тэатраў лялек “Белгародская забава”.
Кранальнай і тонкай атрымалася ў Марыны Марозавай роля Таццяны Пясоцкай — адзінай каханкі Коўрына.
Вобраз Пясоцкага — чалавека ад зямлі, сапраўднага гаспадара ажыццявіў Юрась Франкоў. Дух чорнага манаха перадаваў Валерый Зімніцкі. У Сяргея Талкача была невялікая, але вельмі характэрная роля падзёншчыка. Вяла спектакль Яўгенія Аглушэвіч.
Цікава, што сярод гледачоў сур’ёзнага спектакля прысутнічалі дзеці. Адзін з іх сядзеў побач са мною. Хлопчык гадоў дзевяці па-даросламу ўважліва сачыў за сцэнай. Цікава было даведацца пра яго ўражанні і разуменне гэтай гісторыі. Пра гэта я і запыталася ў яго. Юны глядач разважліва растлумачыў мне, што Коўрыну перашкодзіла быць шчаслівым ганарыстасць. З-за пастаяннага самалюбавання ён губляе блізкіх і прыходзіць да хваробы і смерці.
Словы дзіцяці мяне вельмі ўразілі. Маці хлопчыка растлумачыла, што ён займаецца ў тэатральнай школе. Гэта спрыяе разуменню жыцця.
Мяне ж дзейства навяло на думкі пра звычайнасць і выбітнасць. Здаецца, у XXI стагоддзі лягчэй быць самім сабой. Сучасны Коўрын не бянтэжыўся б ад таго, што перыядычна сустракаецца з манахам у сваёй галаве. Здаецца, для шчасця важна прыняць сябе такім як ёсць, тады знойдзецца і той адзіны, для якога твая асаблівасць стане характэрным шармам. А свет? Ну што ж — кожнаму да спадобы не прыйдзешся. А яшчэ постмадэрнізм XX стагоддзя вылучыў столькі незвычайных асоб, што Коўрына з яго Манахам у галаве ніхто б і не заўважыў.
Вось такі час для разважанняў — унікальнасць і рэдкасць у мітуслівым жыцці шчодра нам дорыць таленавіты Тэатр. Разумнаму жыццёва неабходна як мага часцей прыходзіць сюды, каб быць годным чалавекам, а не “тванню дрыжачай”.
Разважанні мае на гэту тэму скончылася пры выхадзе з тэатра. Віцебская рэчаіснасць сустрэла мяне халодным ліўнем, але настрой і жаданне рабіць добрыя справы для добрых людзей акрэпла.
Тэатр “Лялька” запрашае далучыцца да добрага і вечнага ў кастрычніку.
Жанна ІВАНОВА
Фота з сайта тэатра