Напачатку работы з прывітальным словам да ўдзельнікаў навуковых чытанняў звярнуліся начальнік аддзела ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Давыдзік і дырэктар абласной бібліятэкі Марына Ігнатовіч. У якасці мадэратараў выступілі прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы Эдмунд Ярмусік і загадчык аддзела краязнаўства абласной бібліятэкі Алена Кучынская.
Галоўнай тэмай для абмеркаванняў сталі гістарычныя скарбы і іх галоўныя перліны. Удзельнікі падрыхтавалі даклады па разнастайных навуковых даследаваннях. Напрыклад, Наталля Барсукова пазнаёміла прысутных з інфармацыяй пра збіральнікаў і калекцыянераў Гродзеншчыны ў анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”. Аб’ектам даследавання Ягора Гацко стаў музейны пакой Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства, а менавіта гісторыя яго стварэння і сучасныя экспанаты.
Андрэй Грэсь падзяліўся з прысутнымі асабістымі высновамі пра медалі з каралеўскай серыі часоў Станіслава Аўгуста Панятоўскага, якія з’яўляюцца часткай фондаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. З архівамі іншай дзяржаўнай установы пазнаёміў прысутных Андрэй Ціхаміраў: размова ішла пра друкаваныя выданні на мове ідыш у фондах Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі.
Па словах Марыны Ігнатовіч, у гэтым годзе як ніколі звернута ўвага на працу маладых даследчыкаў, якія толькі пачынаюць свой шлях у навуцы. Так, у Гарадзенскіх навуковых чытаннях прымалі ўдзел не толькі дасведчаныя краязнаўцы, але і студэнты і аспіранты вышэйшых навучальных установаў. Мікіта Каспер з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы абраў тэмай выступлення гісторыю фарміравання астэалагічнай калекцыі сваёй установы адукацыі, а пра вынікі археалагічных прац 2021 года ў мікрараёне Кульбакі Гродзенскага раёна распавялі Аляксандр Гаршкоў і Павел Жабінскі.
Пра керамічныя скарбонкі і манеты распавядаў Віктар Какарэка, а хатнюю біблятэку як катэгорыю калекцыяніравання разглядаў Аляксей Пяткевіч. Размова ішла таксама пра мастацкую калекцыю і бібліятэку Аляксандра Гінтаўта, правененцыі на кнігах з бібліятэкі Масалянскай Ардынацыі і гісторыка-археалагічнай часткі краязнаўчай экспазіцыі Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства.
Пасля кожнага выступу навукоўцы, краязнаўцы, даследчыкі гістарычнай спадчыны Гродзеншчыны, калекцыянеры і моладзь актыўна ўдзельнічалі ў дыскусіях.
— Налета абласная бібліятэка плануе павялічыць колькасць навуковых мерапрыемстваў, таму што мы бачым рост зацікаўленасці моладзі да даследаванняў свайго краю, — адзначыла загадчык аддзела краязнаўства абласной бібліятэкі Алена Кучынская.
Падчас мерапрыемства прысутныя падкрэслілі вялікую навуковую дзейнасць Гродзенскай абласной бібліятэкі і акрэслілі тэму для абмеркаванняў на XVIІ Гарадзенскіх навуковых чытаннях.
Таццяна БАБКО, бібліятэкар сектара маркетынгу і сувязяў з грамадскасцю Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага