Можна дадаць, што наша газета не раз за апошні час “вярталася” ў “Паўночныя Афіны” (гл. “К” 11, 12, 32, 2021). І не толькі ў думках. Можна сказаць, што родным нам стаў там кожны камень, кожнае дрэва. Бо за лёсам аднаўлення, ці ўжо адноўленых знакавых для Беларусі сядзібаў і палацаў, а такой безумоўна з’яўляецца і сядзіба Агінскіх, мы сочым пільна. Таму навіна аб імпрэзе не магла застацца без нашай увагі.
Людміла ГРАДЗІЦКАЯ, дырэктар сядзібы-музея Агінскіх у Залессі:
“Кожны год 25 верасня мы ладзім святочныя імпрэзы. Для нашага музея гэта асаблівы дзень, бо мы адзначаем не толькі Дзень народзінаў Міхала Клеафаса Агінскага, але і Дзень народзінаў нашага музея. У мінулым годзе ў гэты час мы правялі “Літаратурную гасцёўню”, падчас якой была прэзентавана частка мемуараў Міхала Клеафаса Агінскага. А ў гэтым годзе мы вырашылі пазнаёміць гасцей нашай імпрэзы з музычнай творчасццю Агінскага. Бо, вядома ж, яна не абмежоўваецца толькі адным “Паланэзам ля-мінор”. І дзеля гэтага мы запрасілі да ўдзелу Святлену Немагай, музыказнаўцу і аўтара кнігі “ Жыццё і творчасць М.К. Агінскага ў каардынатах яго часу і культурнага асяроддзя” (2007 год), якая таксама выдала ў 2018 годзе кнігу “Лісты пра музыку і Тамару Рэмез, салістку Белдзяржфілармоніі”.
Далей у праграме быў канцэрт ансамбля “Амелія” з Маладзечна. А ў перапынку паміж дзьвума канцэртнымі часткамі адбылося адкрыццё выставы мастака з Вілейкі Эдуарда Мацюшонка. Вельмі важным і цікавым складнікам імпрэзы стала прэзентацыя стыкерпаку “Шляхетная гаворка”, які прэзентавала мастачка Настасся Балыш.
Бралі ўдзел у імпрэзе прадстаўнікі Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, якія падаравалі музею пакет прэзентацый, датычных Агінскіх.
НАВІНЫ АДНАЎЛЕНЧАГА ФРОНТУ
“У гэтым годзе даволі шпарка ідзе праца па аднаўленні будынка стайні, пабудаванай яшчэ ў часы Агінскіх. Гэтым годам будынак павінен быць накрыты дахам. Нашым коням, якіх у нас ужо шасцёра, будучы дом падчас імправізаваных аглядзінаў спадабаўся.
Фінансаванне рэстаўрацыі стайні складаецца з грантаў Банка развіцця, Прэзідэнцкага фонда падтрымцы культуры і мастацтва, у немалой ступені з бюджэта Смаргонскага раённага выканаўчага камітэта, а таксама і з бюджэта музея”.
Паразмаўлялі мы і пра перспектывы развіцця турызму ў Залессі. Але гэта ўжо іншая гісторыя. І спадзяюся, мы яшчэ вернемся да гэтай тэмы бліжэйшым часам.
Святлена НЕМАГАЙ, музыказнаўца:
“Гэта імпрэза, святкаванне народзінаў Міхала Клеафаса Агінскага, праводзіцца неўпершыню і ўжо мае пэўную традыцыю. Яна нібы наследуе добрыя салонныя традыцыі, якія культываваліся ў часы самога Агінскага. Бо мы ведаем, што ён запрашаў гасцей, праўда, яны ў яго гасцілі не адзін вечар, а некалькі тыдняў. Але гэтая традыцыя гасціннага дома, музіцыравання і абмеркавання нейкіх падзей і навінаў адчувалася ў атмасферы вечара. Канцэрт-прэзентацыю “Лісты пра музыку” мы ладзілі разам з салісткай Белдзяржфілармоніі Тамарай Рэмез. Прэзентацыя была зроблена ў тэатралізаваным фармаце, калі я ў вобразе маладога Агінскага чытала ўрыўкі з лістоў Міхала Агінскага, дзе вялося пра музыку.
Было вельмі прыемным капліментам, калі адзін з гледачоў, які лічыў, што ведае пра Агінскага вельмі шмат, сказаў пасля нашага выступу, што аказалася, што ён, можна сказаць, не ведае пра яго анічога.”
МАСТАКІ — АГІНСКАМУ!
“У перапынках паміж канцэртнымі часткамі госці з розных рэгіёнаў Беларусі маглі пазнаёміцца з выставай вілейскага мастака Эдуарда Мацюшонка, які паказвае ў сваіх карцінах гістарычныя аб’екты і асобы ў сімвалічным ключы. Таму прысутнасць самога мастака выклікала вялікую цікаваць гледачоў, бо аўтар ахвотна распавядаў пра кожную карціну.
Творы Вячаслава Аўгустыновіча, ураджэнца Смаргоншчыны, якія таксама можна было ўбачыць у гэты вечар, раскрывалі хараство краявідаў Залесся і наваколля”.
ЛІСТУЙЦЕСЯ ШЛЯХЕТНА!
Важным складнікам імпрэзы сталася прэзентацыя стыкерпаку “Міхал Клеафас Агінскі”. Ствараўся ён цягам 2020-2021 гадоў, а стваральнікамі яго з’яўляюцца — мастачка з Заслаўя Настасся Балыш і музыказнаўца Святлена Немагай. Для 24 стыкераў былі абраны цытаты з рукапісаў Міхала Клеафаса Агінскага, а таксама выразы характэрныя для гаворкі таго часу. На стыкерах можна ўбачыць выявы Агінскага і яго жонкі Марыі дэ Неры, Тадэвуша Касцюшкі, а таксама сядзібы ў Залессі, Фларэнцыю і Стамбул. Такім чынам, той, хто атрымае гэты стыкер, адчуе смак мовы ХІХ стагоддзя і даведаецца пра прыгоды палітыка-музыканта. Стваральнікі стыкераў падкрэсліваюць сваесаблівасць і годнасць беларускай культуры, звяртаюць увагу на зніклыя формы моўнага этыкету, якія пакрысе вяртаюцца ва ўжытак. Дарэчы, стыкеры можна было не толькі ўбачыць на прэзентацыі, але цяпер знайсці і ў вольным доступе ў Сеціве.
ІМША Ў КАПЛІЦЫ
А васямнаццатай гадзіне ў адноўленай капліцы адбылася ўрачыстая імша, у якой згадалі прадстаўнікоў роду Агінскіх і, вядома ж, самаго юбіляра Міхала Клеафаса.
ГІСТАРЫЧНЫЯ ПАГУЛЯНКІ ПА СЯДЗІБНАМУ КОМПЛЕКСУ
У той вечар госці Залесся маглі ўбачыць выставу “Ацалелыя і не ацалелыя сядзібы” ў альтанцы “Амеліі”, а ў “Кітайскай альтанцы” паслухаць пра “чайныя цырымоніі”, якія тут адбываліся пры Агінскіх. І, натуральна, праехацца па алеях ў карэце.
Як засведчыла спадарыня Немагай, у той дзень у Залессі панавала вельмі прыемная атмасфера, яшчэ квітнелі кветкі на падворку, а госці мелі магчымасць у нязмушанай атмасферы весці размовы, прайсціся па сцяжынках парку, пабываць на гістарычнай экскурсіі. Сустрэчы аднадумцаў выклікалі дыскусіі і абмеркаванні планаў на будучыню.
Асаблівы настрой вечару надавала і пэўная тэатралізацыя, бо супрацоўнікі музея былі ў строях часоў Агінскага, у тым ліку і дырэктар музея Людміла Градзіцкая, якая прымала гасцей вечарыны ў вобразе Марыі дэ Неры.
Атрымаўся выдатны вечар у стылі Агінскага!