“Пёс Белага вострава” на сучаснай сцэне…

№ 34 (1525) 21.08.2021 - 28.08.2021 г

Апошняй з прэм’ер 90-га юбілейнага сезона ў коласаўскім тэатры стала камедыя вядомага беларускага драматурга Аляксея Дударава “Пёс Белага вострава”. Твор у многім спрэчны, вакол яго перад пастаноўкай ішлі спрэчкі, у тым ліку і ў самім тэатры. Здаецца, што і сам глядач падзяліўся на дзве паловы: адны яўна не прынялі спектакль (перш за ўсё яго першую палову), другія нават былі ў захапленні. Аўтар тут, як быццам упершыню, звяртаецца да тэмы сцэнічнага і найперш закуліснага жыцця, якое і сам добра ведае, бо ў юнацтве працаваў акцёрам. І погляд яго, калі судзіць па п’есе, досыць крытычны.

/i/content/pi/cult/864/18335/15.jpgМяркуйце самі. Галоўны персанаж — спіты акцёр, у мінулым тэатральная “зорка”, былы ўлюбёнец публікі. Ягоны шлях звузіўся ад Гамлета да эпізадычных казачных персанажаў (хоць як кажуць, няма маленькіх роляў, тым не менш падзенне навідавоку). Пэўная дэградацыя адбывалася з ім і ў асабістым жыцці. Маючы мноства сяброў і, пэўна ж, адпаведны поспех у жанчын, ён, Вілен, аказаўся ў 40 гадоў поўнасцю незапатрабаваным. Прычына такіх метамарфозаў вельмі банальная і даволі пашыраная ў творчым асяродку — гэта злоўжыванне алкаголем. У п’есе аўтар спрабуе разабрацца ў прычынах такога чалавечага і творчага падзення героя. Мастацкі час падзей тут даволі пашыраны, і мінулае (так званы застой) таксама прысутнічае, а хутчэй за ўсё і ўплывае на чалавечыя лёсы герояў. Хоць і аўтар, а тым больш рэжысёр спектакля Святлана Навуменка не вельмі акцэнтуюць увагу на сацыяльным чынніку, тым не менш ён прасочваецца ў тканіну твора і без яго немагчыма зразумець матывацыю ўчынкаў герояў. Пра гэта гучна не гаворыцца, але гэтак жа, як і ў вядомай п’есе Вампілава “Паляванне на качак”, паралелі з якой тут яўна напрошваюцца, цынізм і абыякавасць да жыцця, жорсткасць да блізкіх людзей (і шырэй — да блізкіх істот, калі мець на ўвазе сабаку — другога па значэнні персанажа спектакля), здрадніцтва ўзнікаюць у выніку тых правілаў гульні, што пануюць у грамадстве. Спектакль умоўна можна падзяліць на тры часткі — Пекла, Чысцец і Рай. Натуральна, у алегарычным, а не ў фігуральным сэнсе. І размова тут ідзе пра духоўны шлях, пра адраджэнне душы.

У першай з частак (увесь першы акт) герой быццам бы звыкся з такім сваім становішчам, яно яго поўнасцю задавальняе. Хтосьці з атачэння спрабуе дапамагчы яму, хтосьці топіць яго яшчэ больш. Але наступае той момант ісціны, калі герой раптам губляе сваё ўнутранае апірышча і пачынае пераасэнсоўваць сваё жыццё, спрабуе неяк сябе перайначыць. Магчыма, гэтаму спрыяе і новая роля, якую ўсё ж яму даручаюць — манах Ларэнца з вядомага шэкспіраўскага шэдэўра. Трыяда “тэатр — жыццё — тэатр” тут знаходзіць сваё ўвасабленне. Ачышчэнне душы прыводзіць яго да думкі адправіцца на Белы востраў —напаўрэальны, напаўмістычны. Туды ж кіруюцца і там сустракаюцца ўсе іншыя персанажы. Можа, нават іх душы. Менавіта так, у сімвалісцкай манеры рэжысёр вырашае фінал спектакля, які па сваёй глыбіні, мастацкай ёмістасці ўздымаецца над усёй астатняй часткай спектакля.

У цэнтральнай ролі Вілена глядач убачыў вядучага майстра сцэны Яўгена Бераснева. Гэта артыст шырокага дыяпазону, можа бліскуча працаваць і ў камедыі, і ў псіхалагічнай драме. Магчыма, па тыпажу ён і не абсалютна адпавядае герою, тым не менш з работай артыст справіўся выдатна. Па-майстэрску паказана супярэчлівасць персанажа, яго раздвоістасць. Ён можа быць і жорсткім, і цынічным, і душэўна ўразлівым. Крыху складаней яму апраўдаць паводзіны героя ў першым, крыху аднастайным акце, дзе ён фактычна не мяняецца, хутчэй, гуляе ў жыццё, больш пераканаўчы і глыбокі ў другой палове спектакля, калі наступае пакутніцкае пакаянне.

/i/content/pi/cult/864/18335/16.jpgУсе астатнія ролі іграюць па два выканаўцы. Кожны з іх прыўносіць у вобраз, створаны драматургам, свае асаблівасці, абумоўленыя і індывідуальнай манерай выканання, і сваёй асобай. Паралельна асноўнай дзейнай лініі, звязанай з галоўным героем, у спектаклі існуе персанаж, які з’яўляецца свайго роду яго анёлам-ахоўнікам. Пёс нябачна для Вілена суправаджае яго паўсюль і каментуе яго паводзіны. Ён жа выконвае ў спектаклі філасофскія песні-зонгі. Такім чынам, яго можна лічыць і аўтарскім alter ego. Гэты вобраз стварылі маладыя артысты Дзмітрый Каваленка і Аляксандр Казлоў. Калі першы больш стаічны, унутраны сабраны, выглядае нейкім ценем, прывідам-абвінаваўцам Вілена, то другі вельмі дынамічны як звонку, так і знутры, яго прысутнасць адчуваецца ў кожным эпізодзе, у кожнае імгненне. Артыст вельмі жывы, шчыры, чуллівы, у фінале ён дасягнуў таго, чаго нам так сёння не хапае ў тэатры — сапраўднага пражывання, той самай праўды пачуццяў. Усё нараджалася тут і зараз. І гэта вельмі моцна перадавалася гледачу.

З іншых выканаўцаў закранула работа Ніны Обухавай (у ролі актрысы Еўдакіі). Артыстка стварае вобраз вельмі чулай, спагаднай жанчыны, у якой раптам, у фінале, у той водпаведзі, якую яна ўчыняе памрэжу Лілі Канстанцінаўне, нараджаецца нейкая ўнутраная сіла. Жалобная чорная сукенка ў другой дзеі, падобна, самацытата з другога, даўняга спектакля коласаўцаў “Чайка”, дзе актрыса іграла ролю Машы. А можа быць, проста такое супадзенне, ці плён сумеснай работы з рэжысёрам над вобразам. Другая выканаўца ролі Наталля Саламаха-Конанава больш стрыманая, але ў фінале дасягае дакладнасці. Уменне, здольнасць ускрываць падтэкст, які закладзены аўтарам ці рэжысёрам — вялікае ўменне. Калі яна казала пра 30 гадоў жыцця ў “руцінным тэатры”, цішыня ў зале стаяла незвычайная. Значыць, патрапіла ў “яблычак”.

І яшчэ пра два жаночыя вобразы — буфетчыцу Жанэтт (Ульяна Ацясава, Вікторыя Шамардзіна) і ўжо згаданую Лілю Канстанцінаўну (Святлана Жукоўская, засл. арт. РБ Таццяна Ліхачова). У іх закладзена аўтарам нейкае знешняе падабенства, абедзьве, як кажуць, з народа. Але першай надае тонкасць і інтэлігентнасць яе імкненне да цудоўнага, здольнасць успрымаць прыгажосць, мастацтва, адсюль, магчыма, і ўзнікае яе закаханасць у Вілена. У другой жа праставатасць сваёй у дошку “старой дзеўкі” ўскрывае яе хамства, двурушніцтва, помслівасць, хворае самалюбства. Абедзве выканаўцы па-майстэрску ствараюць вельмі цікавы вобраз.

У Святланы Жукоўскай ён здаецца наогул спісаным з натуры, амаль дакументальным, жыццёва пазнавальным. У Таццяны Ліхачовай, якая працуе на пераадоленне, узнікае пэўны кантраст паміж асобай, тыпажом самой актрысы і гераіняй. І таму асабліва цікава назіраць за яе ігрой.

Дастаткова няпросты ў п’есе і спектаклі атрымаўся вобраз Фэда (Арцём Блахін, Уладзіслаў Жураўлёў), адзінага сябра Вілена, так бы мовіць, з яго прыхільнікаў. Глядач, па-мойму, так і не атрымлівае поўнага адказу на пытанне, чаму ён прысутнічае ў творы, якое там яго месца, значэнне, роля. Як мне здаецца, гэты ніякаваты, адзінокі чалавек, таксама, як і Вілен, не знаходзіць свайго месца ў жыцці, якое занадта грубае і жорсткае для яго. І на востраве ён, урэшце, атрымае сваё шчасце ў асобе Жанэт, якую Вілен некалі безразважна адштурхнуў.

Пастаноўка па сваіх выяўленчых сродках, рэжысёрскай манеры ўвасаблення даволі эклектычная. Скажам, першы акт абсалютна непадобны да другога — гэта як два розныя спектаклі, хоць у гэтым маецца і свая логіка, якую дыктуе пераўтварэнне галоўнага персанажа, ягоны шлях да пакаяння. Жанр заяўлены як “інтэрактыўная камедыя”, хоць гумар тут хутчэй горкі. Банальныя жарцікі, пошлыя анекдоты, п’яныя выбрыкі Вілена, недарэчныя паводзіны памрэжа, што дэманструе “майстар-клас”, уяўляючы сябе ў ролі Джульеты, — вось, бадай, і ўсё. Але ёсць тут і звароты ў глядзельную залу, адкрыты кантакт з публікай, напрыклад, той жа парад-але, які ўзнікае ў першай дзеі (хочацца параіць рэжысёру перанесці яго ў самы пралог) і якім, быццам закальцоўваючы, завяршаецца спектакль. А яшчэ — філасофска-пранізлівыя песні-зонгі (на тэксты Максіма Дубоўскага) і нават раманс Еўдакіі.

Высокай ацэнкі заслугоўвае і работа мастака-пастаноўшчыка. У гэтай “ролі” выступіў Юрый Саламонаў. У першай дзеі тэатральны фон з прыспушчанымі сафітамі знаходзяць працяг у паліцах з нумарамі (для жывёл у медустанове, куды здаў Вілен свайго сябра). У фінальнай сцэне на востраве ачышчальна-белае адзенне сцэны знаходзіць працяг у такіх жа халатах герояў, патрапіўшых на Белы востраў. Такі ж прыём абыгрываецца і крыху раней, у сцэне з Еўдакіяй. Спектакль “Пёс Белага вострава” звернуты, як і многія папярэднія пастаноўкі коласаўскага тэатра мінулага сезона да тонкага, разумнага гледача, ён шчымліва закранае светлыя, добрыя пачуцці. Але разам з тым і ставіць пытанні, закранаючы наша сумленне, нашы душы.

Юрый Іваноўскі

Фота Наталлі Лавіцкай-Ярмолавай