“Этот фильм взят в качестве трофея...”

№ 34 (1525) 21.08.2021 - 28.08.2021 г

Цікава, што ўсе, з кім мне даводзілася размаўляць на гэтую тэму, добра памяталі назвы тых кінатэатраў і клубаў, дзе яны, затаіўшы дыханне, глядзелі трафейныя фільмы — каб ужо потым у розных кампаніях (дома, на працы ці ў навучальных установах) падзяліцца ўражаннямі пра іх.

/i/content/pi/cult/864/18327/4.jpgСеансы паваеннага Мінска

Зрэшты, такія чорна-белыя (вельмі рэдка — каляровыя) карціны круцілі літаральна ва ўсіх кіназалах Беларусі: “Першы”, “Цэнтральны”, “Перамога” і “Зорька” ў Мінску, “Спартак” і “Мастацкі” ў Віцебску, “Чырвоная зорка” ў Гродна, імя Калініна ў Гомелі, “Радзіма” ў Брэсце. Асаблівай папулярнасцю карысталіся сталічныя летнія кінатэатры “Летні”, “Вымпел”, “Вясёлка”, “Нёман”, дзе трафейныя карціны ішлі амаль штодня. Здаецца, па два сеансы: у 17 і 19 гадзін. У сярэдзіне 60-ых яшчэ можна было заспець гэтыя мілыя драўляныя будыначкі, узведзеныя вядомымі беларускімі архітэктарамі Аркадзем Брэгманам, Георгіем Сысоевым і Аляксандрам Воінавым.

Мяркуючы па ўспамінах мінчукоў, найбольшай папулярнасцю карыстаўся кінатэатр “Першы”. Гэта быў па-свойму ўнікальны аб’ект: на мяжы 1942-га і 1943-га, у самы разгар Вялікай Айчыннай, немцы ўзвялі ў цэнтры ўжо ладна разбуранага Мінска навюткі будынак, які атрымаў сімвалічную назву. А бадай самым дзіўным быў той факт, што гэты драўляны двухпавярховік — дарэчы, вельмі рэдкі для нашых шырот узор германскай архітэктуры 30-ых гадоў — шчасліва перажыў бамбардзіроўкі падчас вызвалення горада, у адрозненне ад дзясяткаў і сотняў куды больш капітальных будынкаў. То бок, кінатэатр можна лічыць своеасаблівым трафеем, які перайшоў нам ад немцаў.

“Першы” размяшчаўся на Савецкай вуліцы — галоўнай магістралі даваеннага Мінска. Замест яе падчас паваеннай рэканструкцыі беларускай сталіцы пракладаўся новы парадны праспект (Сталіна — Леніна — Скарыны — Незалежнасці). Яго трасіроўка толькі часткова супадала з куды больш сціплым папярэднікам. Гэта асабліва добра відаць акурат на прыкладзе кінатэатра “Першы”. У 1950-ыя, прыблізна за дзесяць гадоў да майго прыезду ў сталіцу, яго знеслі дзеля будаўніцтва гатэлю “Мінск”. Участак, дзе раней стаяў кінатэатр, апынуўся ва ўнутраным двары гатэля. Цяпер там яго паркоўка.

Мастак Май Данцыг, які вярнуўся з эвакуацыі адразу пасля вызвалення Мінска, распавядаў мне, што галоўны фасад “Першага” выходзіў на вуліцу Валадарскага. Аднак праз пэўны час, корпаючыся разам з мастаком Валодзем Шнарэвічам у фондах Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, я ўбачыў паваенны здымак, на якім відаць, што будынак кінатэатра “пазіраў” на Савецкую вуліцу. Справа на здымку, побач з кіёскам “Марозіва”, можна было ўбачыць глухі бакавы фасад ацалелага дарэвалюцыйнага даходнага дома па вуліцы Валадарскага, 12. Дарэчы, колішнюю пустку на пярэднім плане здымка неўзабаве заняў галоўны корпус гасцініцы “Мінск”.

Для Данцыга, як і для большасці яго сакурснікаў па мастацкай вучэльні, гэты кінатэатр быў адным з самых прыцягальных месцаў горада. Нічога дзіўнага: мінчукі, бывала, займалі чаргу па квіткі з ночы, каб паглядзець “Падвойную гульню”, “У старым Чыкага”, “Паляўнічых за каўчукам”, або які іншы трафейны фільм. Праўда, бедныя мастакі-студэнты — у будучыні народныя, заслужаныя і проста выбітныя — часам ухітраліся неяк праходзіць гэтую “памежную зону” па ільготных вучнёўскіх квітках.

Шык ад Лангбарда

Аднакурснік Данцыга па вучэльні Леанід Шчамялёў з настальгіяй успамінаў і іншы кінатэатр: “Здаецца, у 1950-м пасля рэканструкцыі даваеннага будынка, узарванага, як казалі відавочцы, мінскімі падпольшчыкамі, адкрыўся новы кінатэатр “Перамога” па вуліцы Інтэрнацыянальнай. Падчас акупацыі Мінска там знаходзіўся нямецкі салдацкі клуб. А перад вайной — клуб харчавікоў. Дык вось, у ліку першых наведвальнікаў новага кінатэатра былі мы — навучэнцы трэцяга курса мастацкай вучэльні: я, Юра Тышкевіч, Косця Пятроў і Міша Чэпік. Паказвалі прэм’еру дакументальнага фільма пра Кітай і трафейны фільм “Паўстанне ў пустыні”. Светлае фае з плюшавымі канапамі, драўляныя крэслы, абабітыя скурай, столік з шахматамі, буфет, дзе прадавалі цукеркі і віно — на якое грошай у нас, вядома, не было...

/i/content/pi/cult/864/18327/3.jpgГэты трохзальны кінатэатр з дзвюма карынфскімі калонамі і магутным карнізам па перыметры спраектаваў у духу сталінскага ампіру Іосіф Лангбард — аўтар Дома Ураду, Дома Чырвонай Арміі, Опернага тэатра і Акадэміі навук. Калі яшчэ ішла рэканструкцыя “Перамогі”, ён разам з калегам, архітэктарам Бакланавым, аднойчы наведаў сваё стварэнне — Оперны тэатр. Уласнага будынка вучэльня тады яшчэ не мела, і нашы заняткі па спецпрадметах праходзілі ў памяшканнях Опернага. Менавіта там мы, навучэнцы, на чале з нашым педагогам Львом Маркавічам Лейтманам сустрэліся са знакамітым дойлідам і доўга гаварылі “пра жыццё і пра мастацтва”...

Аднакурснік Шчамялёва, таксама былы франтавік Віктар Вярсоцкі, успамінаў, што апошні рубель з мізэрнай стыпендыі траціўся не на ежу, а на квіток на трафейны фільм. Пасля такіх карцін, як “Лёс салдата ў Амерыцы” ці “Трансвааль у агні”, ён, узрушаны, вяртаўся дадому з падвышанай тэмпературай...

Аналагічныя ўспаміны мне даводзілася чуць і ад іншых выхаванцаў вучэльні. Адзіным з іх, хто ніколі не быў заўважаны ў якасці гледача на трафейных карцінах, з’яўляўся Міхаіл Савіцкі. Ён, як успамінаў яго аднагрупнік Віктар Грамыка, праігнараваў нават англійскі фільм “Рэмбрант” з Чарльзам Лоўтэнам у галоўнай ролі, на які хадзілі літаральна ўсе будучыя мастакі. Праўда, мала хто здагадваўся, што гэта менавіта англійскі фільм. Ён ішоў проста як “замежны”, без пазначэння краіны-вытворцы.

Зрэшты, і потым Міхаіл Андрэевіч падчас нашых шматлікіх гутарак “трафейную” тэму наогул абыходзіў бокам. Мабыць, надта глыбока ўнутры яго параненай душы тлела памяць пра тры гады, праведзеныя ў страшных фашысцкіх канцлагерах, і таму трафейныя фільмы выклікалі ў яго нейкае адпрэчванне? Не ведаю...

Інтрыгоўны свет і невядомыя аўтары

Апошнія трафейныя стужкі асабіста я глядзеў ужо ў Гродне ў 1955 — 1956 гадах. У асноўным, з блізкімі сябрамі па школе. Нашы асноўныя “кропкі” — кінатэатры “Чырвоная Зорка”, “Спартак”, кіназалы Дома афіцэраў і клуба чыгуначнікаў. Ішлі галівудскія “Мост Ватэрлоа” з Вівьен Лі і Робертам Тэйларам, “Газавае святло” з Інгрыд Бергман і Шарлем Буае, “Мадам Ікс” з Рутай Чатэртан, “Сёмае неба” з Джэймсанам Сцюартам. Быў таксама нямецкі фільм “Жанчына без мінулага” з Сібілай Шміц і французскі “Сеткі шпіянажу” з Вівіан Раманс.

Гэткім жа кінаманам у тыя часы ў Гродна быў і Валодзя Арлоў — мой блізкі школьны сябра, будучы кінарэжысёр, сцэнарыст, журналіст і пісьменнік. Да гэтага часу мы побач: цёпла сустракаемся, стэлефаноўваемся, разам бываем на імпрэзах, у тэатрах, на кінапрэм’ерах, на выставах, у коле агульных сяброў, абменьваемся аўтарскімі кнігамі — і, вядома, успамінаем мілае Гродна і наша бурлівае кіношнае юнацтва, якое было “бы малітва нядзельная”...

Не памылюся, калі скажу, што яно, гэтае юнацтва, атрымалася б трошкі іншым без трафейнага кіно, якое салодкім накатам прайшло па ўсім маім пакаленні.

І гэта прытым, што пра замежныя стужкі ў сродках масавай інфармацыі практычна не згадвалася. Яно зразумела: надта ж у нявыгадным святле апынуўся б паваенны савецкі кінематограф. Наўрад ці ён мог гэтак жа ўплываць на розум і душы нашых суайчыннікаў, як трафейныя карціны. Прычым мы тады не ведалі ні дакладнага “месца нараджэння” гэтых фільмаў, ні рэжысёра да акцёраў — адпаведныя цітры папросту адсутнічалі.

Хоць асабіста мне і маім паплечнікам да гэтага не было ніякай справы. Напрыклад, імя выканаўцы ролі Тарзана мы даведаліся значна пазней — акцёрам стаў пяціразовы чэмпіён Алімпійскіх гульняў па плаванні Джоні Вайсмюлер. Таксама як і прозвішчы Жана Марэ з фільма “Кармэн” ці Эрала Фліна з “Выспы пакут”. Тады галоўным для нас і маіх аднагодкаў былі захапляльная дзея, інтрыгоўная экзотыка далёкіх краін, той невядомы свет, у якім, скажам, бясстрашны герой-індывідуаліст Хаакіна Мурыэта з фільма “Мсціўца з Эльдарада” або Крысціян Флетчар з мяцежнага карабля “Баўнці” змагаюцца са Злом…

Асабіста для мяне трафейнае кіно, акрамя ўсяго іншага, было і духоўнай крыніцай пазнання шматмернасці жыцця і гісторыі чалавецтва. Пасля такіх фільмаў мне заўсёды карцела паболей даведацца пра тое, што я ўбачыў у кіназале. Тады, як вядома, ніякіх інтэрнэтаў нават блізка не было, і таму ў бібліятэках ды кнігарнях даводзілася гадзінамі пералапачваюць масу тамоў, каб вывудзіць для сябе нешта новае і важнае пра жыццё і дзеяннітых герояў экрана, якія мяне зацікавілі і ўразілі. Гэта была своеасаблівая стыхійная самаадукацыя, якую ў школе або на вуліцы я атрымаць бы не змог.

Напрыклад, менавіта з гэтых фільмаў я ўпершыню даведаўся пра паэта Шылера (“Пакліканне паэта”) і пісьменніка Заля (“Я абвінавачваю”), пра кампазітараў Леанкавала, Моцарта, Штраўса і Вердзі, пра правадыра мексіканскіх пеонаў Панча Вілья (“Капітан арміі Свабоды”), пра адмірала Гарацыа Нэльсана, пра падарожніка Марка Пола (“Прыгоды венецыянца”) і шатланскую каралеву Марыю Сцюарт (“Дарога на эшафот”).

Кінасвет для нас, маладзёнаў, быў настолькі займальным, што пасля праглядаў карцін мы працягвалі жыць у нашых марах і мроях. Акунуўшыся ў гэты фантастычны свет, хлапчукі пачыналі небяспечна скакаць па дрэвах, крычучы, быццам малпа, і ўяўляючы сябе Тарзанам, або фехтаваць на палках па робін-гудаўску. Або пераўвасабляліся ў рабаўнікоў паштовых дыліжансаў, марскіх карсараў і адважных мушкецёраў з даваеннага галівудскага фільма. Дзяўчаты, у сваю чаргу, спрабавалі пераймаць бліскучую танцорку Ла Яну з “Індыйскай грабніцы” або грацыёзную постаць “сястры яго дварэцкага” Дзіны Дурбін, калі яна з ачаравальным акцэнтам спявала рамансы “Эй, ямщик, гони-ка к “Яру”, “Калитка” и “Две гитары”.

Барыс КРЭПАК

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"