Рафал Слізень, скульптар з Наваградчыны

№ 33 (1524) 14.08.2021 - 20.08.2021 г

У пазамінулым нумары (гл. № 31, 2021) “К” апублікавала кароткі “нарыс жыцця” сядзібы роду Слізняў у Бартніках (Баранавіцкі раён), вядомай калісьці ўсёй Наваградчыне і нават далёка за яе межамі. Сёння прыйшоў час распавесці пра самых славутых прадстаўнікоў старога беларускага шляхецкага роду Слізняў, сярод якіх першае месца па праве належыць скульптару-аматару і архітэктару Рафалу Слізню.

/i/content/pi/cult/863/18323/023.jpgЧастка І
Карані

Згодна з сямейным паданнем, першапродак Слізняў “прывандраваў” у ВКЛ з Семіграддзя (Венгрыі). Пусціць карані на Смаленшчыне Слізням перашкодзілі бясконцыя войны, якія вяла Маскоўскае вялікае княства супраць Вялікага Княства Літоўскага. Таму ў выніку захопу ў XVI стагоддзі Смаленскага ваяводства Маскоўскай дзяржавай Слізні перабіраюцца на Ашмяншчыну. Род даволі хутка акліматызаваўся на новым месцы жыхарства, заняў трывалыя пазіцыі сярод мясцовай шляхты, дасягнуў немалых поспехаў у прасоўванні па кар’ерных прыступках і, натуральна, разгалінаваўся. Галіна, на вяршыні якой стаў герой нашага апавядання Рафал, выглядае так: Андрэй Ратша — Іван — стольнік ашмянскі Аляксандр — стольнік ашмянскі Аляксандр — ашмянскі чашнік Андрэй — смаленскі мастаўнічы Міхал — смаленскі мастаўнічы Юзаф — і, нарэшце, бацька — харунжы наваградскага павета Ян (1776—1866). За 400-гадовую гісторыю роду, якую мы ведаем дзякуючы адмысловай літаратуры, Слізні парадніліся, можна жартуючы сказаць, з усімі беларускімі шляхецкімі родамі, нават княскімі і графскімі. Адзін з вядомых сваякоў Рафала Слізня — Станіслаў Багушэвіч-Мінькоўскі, славуты пасол Менскага ваяводства ВКЛ на сумнай памяці Варшаўскім сойме 1773—1775 гадоў, мэтай якога было юрыдычнае замацаванне Першага падзелу Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. Разам з наваградскімі пасламі — Тадэвушам Рэйтанам і Самуэлем Корсакам — ён пакрыў сваё імя вечнай славай як непахісны змагар за Незалежнасць Бацькаўшчыны (гл. “К” №36, 2014).

Продкі і сваякі Рафала Слізня бралі чынны ўдзел у грамадскім і палітычным жыцці сваёй новай радзімы, аб чым захавалася нямала гістарычных сведчанняў. Вядома ж, у часы патрэбы яны ставалі і ў шыхты ваяроў. Жылі Слізні герба “Слізень” (часам яго называюць “Свет”) на Ашмяншчыне (дзе пэўны час валодалі нават Крэўскім замкам, на замчышчы якога ў 1789 г. стаяў толькі адзін жылы драўляны дамок), сённяшняй Баранавіччыне, Слонімшчыне, Меншчыне і г.д.

Бацькі — Ян і Анэля

Асобнага артыкула ў гісторыкаў бацька Рафала, Ян Слізень, на вялікі жаль, не заслужыў. Вядома пра яго не так ужо і шмат. Спярша быў харунжым, пазней, у ХІХ стагоддзі, стаў суддзёй наваградскага павета. Уваходзіў у склад наваградскай масонскай ложы “Саюз Адзінства” (1820—1821). Ажаніўся Ян з Анэляй (Ангеляй), дачкой старадубскага стражніка Юзафа Мацкевіча і Марцыяны Букоўскай. У 1852 годзе, калі бацькі Рафала святкавалі залатое вяселле, сын Рафала Ян напісаў да гэтай падзеі п’есу, якую на сцэне ставіла ўся шматлікая сям’я. Як сцвярджаюць знаўцы пытання, “у тэксце п’есы знайшлі адлюстраванне каштоўнасці, якіх трымалася сям’я Слізняў: гонар за сям’ю, Радзіму, Літву, сяброўства…”, “Уся далейшая гісторыя роду паказвае, што гэты род быў сапраўдным прадстаўніком Вялікага Княства Літоўскага, захоўваючым каштоўнасці гэтай дзяржавы нават у той час, калі гэта дзяржава даўно знікла”.

Чытаючы нават гэтыя радкі, можна сабе лёгка ўявіць, у якой атмасферы выхоўваліся сыны і дочкі Яна і Анэлі. Таму не дзіва, што пасля таго, як іх старэйшыя сыны Рафал і Атон паступілі ў Віленскі ўніверсітэт і ўвайшлі ў таварыства філарэтаў, падворкі Бартнікоў і Вольна, а таксама ваколіцы (перш-наперш Туганавічы, якія належалі Верашчакам) пераўтварыліся ў месца, дзе некалькі год запар літаральна віравала культурнае жыццё.

Першанец Рафал

Ажаніўшыся з Анэляй Мацкевіч, Ян Слізень у 1802 годзе ўзяў у шасцігадовую арэнду ў сваякоў фальваркі Бартнікі і Вольна з прылеглымі вёскамі, палямі і гаямі. Цэнтральнай іх сядзібай сталі Бартнікі, дзе да гэтага часу стаіць старая драўляная сядзібка, цудам ацалелая ў віхурах падзей ХІХ, ХХ і нават ХХІ стагоддзяў. І сядзібу гэтую, якая з’яўляецца жывым сведкам “філамацка-філарэцкага жыцця”, варта наведаць і варта захаваць!

Да сённяшняга моманту ў “слізнеўскай” бібліяграфіі гуляюць дзве даты нараджэння Рафала Слізня — 27 чэрвеня 1803 г. і 27 чэрвеня 1804 г. Адпаведна, і святкаванні ладзяцца з улікам выбару даты. Надышоў час унесці карэктывы, як і ў выпадку з датай нараджэння Яна Чачота (які нарадзіўся 17 ліпеня 1796 года), сябра Рафала.

Згодна са знойдзенай у паперах Слізняў метрыкі хросту (завераны пячаткамі “выпіс з метрычных кніг касцёла ў Паланечцы”), 1804 года 9 ліпеня (па старым стылі — 27 чэрвеня) быў ахрышчаны Канстанцін Рафал Уладзіслаў, сын шляхетных Яна і Ангелы з Мацкевічаў Слізняў. Кумамі Рафала сталі Ануфрый Рымша, суддзя наваградскага павета, і Марыяна Мацкевіч, асіставалі ж Юзаф Мацкевіч і Ганна Рымша. Згаданыя Мацкевічы — дзед і бабуля Рафала.

Арыгінальны запіс у метрычных кнігах касцёла не знойдзены, таму не вядома дакладна, ці ў Бартніках нарадзіўся Рафал (як сцвярджаюць некаторыя даследчыкі), ці ў іншым маёнтку. Дарэчы, такая самая праблема і з датаваннем месца і часу нараджэння слыннага брата Рафала — Атона (сцвярджаецца, што нараджэнне адбылося 24 чэрвеня 1806 года ў Вольне, але метрыка ў касцельных кнігах адсутнічае).

Сям’я

Увогуле амаль усе дзеці Яна Слізня, згодна з арыгінальнымі метрыкамі, нарадзіліся ў Бартніках. Марыя Зафея Ганна (1805—1878), у якую былі закаханыя ледзь не ўсе філарэты (асабліва Тамаш Зан і Ян Чачот), жонка наваградскага падкаморыя Міхала Корбута (уласнік Дамашэвічаў).

Вінгельміна Юзэфа (1810, якая мела брата блізнюка — Вінгельма Юльяна) стала жонкай Адама Дамейкі (1799-1836, родны брат філамата-геолага і Нацыянальнага героя Чылі Ігната), уласніка Медзьвядкі. Юзэфа паўторна пайшла замуж за Антона Вярбоўскага (1796-1893), гаспадара Далматаўшчыны. У іх, пасля вяртання з выгнання, у асобным дамку ў садзе пэўны час жылі і Тамаш Зан і Ян Чачот. Лічыцца, што прататыпам Асэсара ў паэме Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш” быў менавіта Антон Вярбоўскі.

А Тэафілія Антаніна Ядвіга (1818) стала жонкай Ігната Кукевіча, уласніка Крычына, на Барысаўшчыне.

Марыянна Леакадзія Антаніна, народжаная ў Бартніках у 1811, пражыла толькі адзінаццаць месяцаў. Пахавалі яе ў Вольне, у базыльянаў. Памерлі малымі і два браты Рафала — Юзаф Баляслаў Тэафіл (нар. 1814) і Адам Станіслаў Браніслаў (нар.1816).

Колькі слоў варта сказаць і пра братоў Рафала. Адольф Мечыслаў (1809-1877), суддзя менскага дэпартамента і аматар музыкі Станіслава Манюшкі (і яго заступнік у нейкіх судовых справах), ажаніўся з Янінай Беркман (Baerkmann), сястрой вядомага валожынскага мастака, публіцыста, паўстанца і аўтара мемуараў Юзафа Беркмана. Суддзя Мечыслаў, дарэчы, зладзіў аднойчы з Янам Чачотам вершаваную пікіроўку, называючы яго дармаедам (славуты паэт і фалькларыст у той час жыў у Слізняў). На што біты воўк Ян Чачот паблажліва, у вершаванай форме даў адпаведны адпор прадстаўніку маладзейшага пакалення.

Вільгельм Юльян (Луцыян, нар.1810) і Антон Уладзіслаў Францішак (1815-1888), як і былы філарэт, мемуарыст, паўстанец 1831 года, Атон Ян (1806-1887) аддалі службе ў расійскай арміі нямала гадоў — адпаведна, інжынерны корпус, флот і артылерыя.

Зразумела, за гэтымі лічбамі-імёнамі хаваецца нямала важных і цікавых для нас гісторый, але аб’ект нашай цікавасці на сёння — Рафал Слізень, юрыст, філарэт, мастак, скульптар, архітэктар, былы супрацоўнік міністэрства замежных спраў Расійскай імперыі. Чалавек, аб смерці якога шкадавала “ўся Літва”.