Хор трох пакаленняў

№ 33 (1524) 14.08.2021 - 20.08.2021 г

Любчанскі край надзвычай багаты на таленты. Сёлета споўнілася 95 год з дня стварэння Дзяляціцкай народнай харавой капэлы, слава аб якой жыве і па сёння. Хачу, каб даведаліся пра яе і ў іншых кутках Беларусі.

/i/content/pi/cult/863/18322/022.jpgДэбют

У асноўным складалася капэла з калгаснікаў. Але спявалі і настаўнікі, і сябры калгаснага праўлення, і спецыялісты калгаса. Спачатку ў гуртку было больш за дваццаць чалавек — моладзь вёскі Дзяляцічы і бліжэйшых хутароў. Першае выступленне хору адбылося ў драўляным свірне. Слухаць песні прыйшлі ўсе жыхары вёскі Дзяляцічы.

У 1939 годзе Дзяляціцкі хор упершыню ўдзельнічаў у раённым і абласным аглядах мастацкай самадзейнасці. Падчас Вялікай Айчыннай вайны калектыў спыніў існаванне. Змоўклі іх песні над Нёманам.

Дапамога Цітовіча

І толькі ў 1948 годзе адбылося выступленне на абласным аглядзе мастацкай самадзейнасці. Вось тады і прыйшоў першы поспех. Удзельнікі хору пазнаёміліся са знакамітым знаўцам народнай песні Генадзем Цітовічам. З таго часу Генадзь Іванавіч дапамагаў хору рыхтаваць складаныя шматгалосыя песні.

У 1951 годзе калектыў хору на рэспубліканскім аглядзе мастацкай самадзейнасці сельскіх калектываў заняў першае месца.

Чаму перастаў існаваць калектыў

У 1954-м кіраўніком хору быў прызначаны Панцеляймон Радаліцкі — выкладчык Гродзенскага музычна-педагагічнага вучылішча.

Народная песня Дзяляціцкага хору гучала не толькі ў сваёй краіне, але і за яе мяжой. Удзельнікі хору выступалі ў Польскай Народнай Рэспубліцы, у Літоўскай ССР.

У 1966 годзе кіраўніком Дзяляціцкай капэлы была прызначана Марыя Дароніна, цягам 20 гадоў нязменна ўзначальвала яе. У 1976-м капэла адсвяткавала 50-годдзе. За актыўны ўдзел і высокае выканаўчае майстэрства Дзяляціцкая харавая капэла і яе кіраўнік М. Дароніна сталі лаўрэатамі першага ўсесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці.

У хуткім часе востра стала праблема з наборам у капэлу новых выканаўцаў. У той перыяд у вёсцы Дзяляцічы працавала толькі 8-гадовая школа, моладзі было мала, і таму папаўняць калектыў было заўсёды складана. У апошнія гады колькасць удзельнікаў капэлы скарацілася амаль удвая.

У 1986 годзе капэла адзначыла 60-гадовы юбілей. Было шмат падзяк, падарункаў ад многіх арганізацый і мастацкіх калектываў вобласці, Міністэрства культуры і абласнога ўпраўлення культуры. Пасля правядзення святочных мерапрыемстваў капэла па аб’ектыўных прычынах перастала існаваць.

Успомніць мінулае

Сёння з былых удзельнікаў капэлы засталіся ў вёсцы ўсяго чатыры жанчыны і апошні кіраўнік калектыву Марыя Дароніна. Але жыве памяць пра дзяляціцкіх спевакоў, якія сваёй творчасцю ўзбагацілі харавую культуру беларускага народа. Сёлета Любчанская інтэграваная гарпасялковая бібліятэка адправілася са сваімі чытачамі ў краязнаўчае падарожжа. Праект называўся “Хор трох пакаленняў”. Бібліятэкары распавялі прысутным пра гісторыю стварэння хору, яго кіраўнікоў і ўдзельнікаў і, канешне ж, пра выдатныя поспехі калектыву. Была падрыхтавана фотавыстава “Хор трох пакаленняў”, якая знаёміла з гісторыяй харавой капэлы. На мерапрыемстве прысутнічала былая ўдзельніца хору Раіса Каўцэвіч, якая згадала адну з упадабаных ёю песень “Ой, Нёман, бацька мой, Нёман”, і ўсе прысутныя дапамаглі ў яе выкананні.

Пры бібліятэцы працуе краязнаўчы клуб “Спадчына”, які займаецца даследчай і выдавецкай дзейнасцю. Сябры клуба сабралі каштоўны матэрыял, і ў 2013 годзе бібліятэкары выпусцілі тэматычны краязнаўчы даведнік “Хор трох пакаленняў”, які ўключае звесткі аб стварэнні ў Дзяляцічах знакамітага хору.

Галіна КОКАШ, загадчык Любчанскай інтэграванай гарпасялковай бібліятэкі. Фота з архіва Любчанскай бібліятэкі.