Кніганошы XXI стагоддзя, або З кнігай можна і на пляж

№ 33 (1524) 14.08.2021 - 20.08.2021 г

Агляд працы раённых бібліятэк: новыя паслугі і выезды да чытачоў
Айчынныя бібліятэкі апынуліся сёння ў даволі няпростых умовах, калі трэба і ўтрымліваць увагу чытачоў, спешчаных інтэрнэтам, і змагацца з наступствамі неспрыяльнага эпідэміялагічнага становішча, выкліканага кавідам. Разам з тым падобныя “баявыя” ўмовы па-свойму спрыяюць бібліятэкарам у развіцці крэатыўных ідэй і знаходак, даюць шанс для палёту фантазіі і робяць калісьці шараговыя мерапрыемствы “для галачкі” вясёлымі, адметнымі і незабыўнымі як для чытачоў, так і для саміх супрацоўнікаў айчынных кніжніц.

/i/content/pi/cult/863/18320/020.jpgПраца ў фармаце анлайн

Новыя паслугі і новыя крэатыўныя знаходкі ёсць у многіх раённых бібліятэках. Напрыклад, Жабінкаўская РЦБС сёння змагаецца за чытачоў усімі магчымымі сродкамі. Як кажа дырэктар бібліятэчнай сеткі Ірына Ганчар, падчас неспрыяльнага эпідэміялагічнага становішча бібліятэкарамі былі ўведзены дадатковы паслугі.

— Так, цяпер мы бясплатна дастаўляем кнігі сваім чытачам, якія замаўляюць патрэбныя выданні па тэлефоне, — кажа Ірына Ганчар. — Бібліятэкары ператвараюцца фактычна ў кніганошаў, даносяць кнігі да дома таго ці іншага чытача, прычым як у самой Жабінцы, так і ў раёне.

У Жабінкаўскай ЦБС уведзены план па прафілактыцы кавіду, чытачоў без масак бібліятэкары не абслугоўваюць, ды і самі супрацоўнікі пастаянна працуюць у масках, карыстаюцца антысептыкамі і захоўваюць сацыяльную дыстанцыю. Як кажа Ірына Ганчар, наведвальнікаў цяпер прыкладна столькі, колькі і было да эпідэміі кавіду. Некаторыя нават спецыяльна прыходзяць па кнігі, бо, па іх словах, “дома, у чатырох сценах, нудна і рабіць няма чаго, дык хоць пачытаю”. Так што эпідэмія стварае попыт на кнігу, які бібліятэкары падтрымліваюць усімі сіламі, робячы новыя выставы і прэзентацыі.

Разам з тым названыя змены штурхаюць бібліятэкараў у віртуальны свет. Так, з 1 мая па 31 жніўня ў Жабінкаўскай цэнтральнай бібліятэцы праводзіцца конкурс відэаработ “Букт’юбер-чытач. Прачытаў! Раю!”. Букт’юбер — гэта кніжны аглядальнік, які робіць агляд той ці іншай упадабанай кнігі і выкладае ролік пра гэта на відэахостынгу YouTube. Такім чынам, кожны чытач можа запісаць свой відэаагляд пра нейкія кніжныя навінкі беларускай ці замежнай літаратуры, якія ён прачытаў апошнім часам, і даслаць на адрас бібліятэкі. Лепшыя букт’юбы бібліятэкары абяцаюць размясціць у YouTube, а пераможцы ў конкурсе атрымаюць прызы.

Але і яшчэ да пачатку названага конкурсу супрацоўнікі Жабінкаўскай РЦБС актыўна пазіцыянавалі сябе на відэахостынгу. Напрыклад, запісвалі для чытачоў віншаванні з Днём усіх закаханых, размяшчалі відэаагляды некаторых кніг (напрыклад, дакументальнай і мемуарнай літаратуры пра Вялікую Айчынную вайну) ці выкладалі ролік з віртуальнай экскурсіяй па Жабінцы. А таксама зладзілі акцыю “Букт’юбер-бібліятэкар. Мы прачыталі, а вы?”, дзе ў відэароліках супрацоўнікі бібліятэкі расказвалі пра тыя кнігі, якія былі прачытаныя апошнім часам, дзяліліся сваімі ўражаннямі ад прачытанага, прычым як адмоўнага, так і пазітыўнага планаў. І па словах Ірыны Ганчар, гэтыя відэаролікі карысталіся значным попытам у чытачоў, актывізавалі іх да прачытання згаданай бібліятэкарамі на канале ў YouTube літаратуры.

Пакажы свой “Букфейс”!

Да слова, пра тое, што спаду чытачоў у бібліятэках не назіраецца, нягледзячы на неспрыяльнае эпідэміялагічнае становішча, мне казалі многія кіраўнікі айчынных кніжніц. Напрыклад, па словах дырэктара Клецкай раённай цэнтральнай бібліятэкі Мінскай вобласці Сяргея Казлоўскага, чытачоў у РЦБ меней не прыходзіць, хоць цяпер бібліятэкары і ладзяць менш мерапрыемстваў, чым раней, да эпідэміі. А ў саміх мясцовых бібліятэкараў праца ідзе наладжаным чынам: так, яны інтэнсіўна займаюцца выдавецкай дзейнасцю ў розных серыях, накшталт “Нашы землякі”, “Творчая скарбонка”, “Памяць Клеччыны”, выдаючы буклеты “Л. Галубовічу — 80 год”, “Летапіс памятных падзей Клеччыны”, “Крыніц жыватворных вытокі” ды іншыя.

Актыўна ідзе чытач і ў бібліятэкі Крупскага раёна Міншчыны. Як адзначыла “К” даўняя знаёмая, дырэктар Крупскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Наталля Купрыянава, цяпер у бібліятэцы — у чытальным зале і на абанеменце — усталяваны ахоўныя экраны, каб засцерагчы наведвальнікаў і супрацоўнікаў ад распаўсюджвання інфекцыйных захворванняў, усе носяць маскі і пальчаткі. Абнаўляецца сайт установы культуры, праходзяць усе запланаваныя мерапрыемствы, праўда, з меншай колькасцю ўдзельнікаў і з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі.

Пачалі актыўна працаваць бібліятэкары ў інтэрнэце ў Петрыкаве, што на Гомельшчыне. Так, мясцовыя бібліятэкары пастаянна ладзяць віртуальныя выставы новых паступленняў, віртуальныя агляды кніг, ствараюць ролікі-прэзентацыі па патрыятычным выхаванні, вакцынацыі і многа чаго яшчэ. Як патлумачылі “К” ва ўстанове культуры, бібліятэкары за часы кавіду значна ўзняліся ў прафесійным плане і здымкі відэаролікаў ці выраб калажу для дэманстрацыі фотааглядаў у інтэрнэце для іх сёння ўжо не праблема.

Што да Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці, то там мясцовыя бібліятэкары таксама маюць свае цікавыя знаходкі. Так, па словах намесніка дырэктара сеткі бібліятэк Кіраўскага раёна Алены Бяляўскай, супрацоўнікі актыўна пазіцыянуюць сваю дзейнасць у розных сацыяльных сетках і актыўна здымаюць відэаролікі, якія размяшчаюцца на YouTube-канале ўстановы культуры. Напрыклад, там можна паглядзець невялікія відэа пра Івана Шамякіна, Ядвігіна Ш., Еўфрасінню Полацкую.

Дарэчы, у чэрвені мясцовыя бібліятэкары зладзілі незвычайны конкурс “Букфейс” — своеасаблівы чэлендж для тых, хто кнігі не проста чытае, але і адзначае іх каштоўнасць і прыгажосць. Для ўдзелу ў конкурсе ахвотным неабходна было знайсці кнігу, суаднесці малюнак на яе вокладцы са сваім тварам або часткай цела — і сфатаграфаваць атрыманы вынік, выклаўшы яго на сваёй старонцы ў сацсетцы або на старонцы Сеткі бібліятэк Кіраўскага раёна. У ліпені прайшло ўзнагароджанне пераможцаў у намінацыях “Выбар журы”, “Прыз глядацкіх сімпатый” і “Самае арыгінальнае фота”.

А яшчэ раней Сетка бібліятэк Кіраўскага раёна правяла анлайн-акцыю #МОВАгучыць. Для ўдзелу ў анлайн-акцыі неабходна было падрыхтаваць відэавыступ з запісам вершаў ці празаічных урыўкаў на беларускай мове з абавязковым хэштэгам #МОВАгучыць. Кампетэнтнае журы ацэньвала выступы ўдзельнікаў, улічваючы, сярод іншага, выразнасць дыкцыі, артыстызм, дакладнасць разумення тэксту. Пераможцы конкурсу атрымалі дыпломы, каштоўныя прызы і імянныя сертыфікаты на некаторыя бібліятэчныя паслугі.

Дастаўка па замове

Неспрыяльнае эпідэміялагічнае становішча ўнесла карэктывы і ў працу бібліятэк у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці. Так, аддзел абслугоўвання Глыбоцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі, бібліятэкі сістэмы пачалі дадаткова аказваць бясплатную паслугу — падбор літаратуры да вызначанага часу, каб людзі менш затрымліваліся ў бібліятэцы, выбіраючы патрэбную літаратуру. Таксама чытачам прапануюць узяць як мага больш кніг, каб максімальна адкласці наступны візіт або падоўжыць тэрмін карыстання кнігай па тэлефоне. Тым, хто знаходзіцца на самаізаляцыі, бібліятэкары дастаўляюць заказаныя імі па тэлефоне выданні на дом.

У Глыбоцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме актыўнічаюць і ў інтэрнэце. Па словах дырэктара мясцовай ЦБС Валянціны Спасібёнак, бібліятэкары сёння робяць разнастайныя анлайн-праекты, у прыватнасці віртуальны агляд творчасці беларускага Песняра “Гучыць праз стагоддзе Купалава слова”.

— Таксама ў сувязі з неспрыяльным эпідэміялагічным становішчам мы пачалі ладзіць многія нашы мерапрыемствы на адкрытым паветры, — адзначыла Валянціна Спасібёнак. — Напрыклад, менавіта ў такім фармаце 3 ліпеня ў рамках святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у Парку Паэзіі адбылася паэтычная арт-сустрэча “Свой родны край у вершах славім”, якую зладзілі супрацоўнікі Глыбоцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Дарэчы, гэта не адзіны прыклад. Так, у Зэльве, што на Гродзеншчыне, таксама актыўна карыстаюцца цёплым надвор’ем і выходзяць з кнігамі і часопісамі, што называецца, “у народ”. Як расказала “К” дырэктар Зэльвенскай раённай бібліятэкі Святлана Жамойціна, у спякотныя летнія дні бібліятэкары выязджалі нават на пляж каля мясцовага вадасховішча, каб прапанаваць там усім ахвотным кнігі, часопісы і газеты. Прычым кнігі бібліятэкары выбіралі на любы густ — і цікавыя дэтэктывы, і раманы пра каханне, і дзіцячыя аповесці ды апавяданні. Не трэба і казаць, што на пляжы падобныя выданні разляталіся, бы гарачыя піражкі. Што і казаць, бібліятэчны агрэсіўны маркетынг у дзеянні — гэта менавіта пра працу зэльвенскіх бібліятэкараў.

Яшчэ на свежым паветры ладзіліся віктарыны, конкурсы і інтэлектуальна-забаўляльныя гульні ў рамках раённага праекта “Лета — пара маладых”. А да Дня Незалежнасці бібліятэкары Зэльвенскай РЦБ арганізавалі пад адкрытым небам выставу-панараму “Беларусь — жыцця майго крыніца!”, дзе можна было ўбачыць шматлікія выданні, прысвечаныя станаўленню беларускай дзяржаўнасці, кнігі пра Вялікую Айчынную вайну, прыроду, культуру і архітэктуру рэгіёнаў Гродзенскай вобласці і, натуральна, Зэльвенскага раёна.

Але ж шчыруюць бібліятэкары Зэльвеншчыны і ў інтэрнэце, куды пастаянна выкладваюць самую розную інфармацыю пра праведзеныя ці запланаваныя мерапрыемствы. Цяпер жа мясцовыя бібліятэкары рыхтуюцца да Ганненскага кірмашу, які пройдзе ў Зэльве 21-22 жніўня. Па словах кіраўніцтва бібліятэкі, усіх наведвальнікаў чакае шмат цікавостак, бо супрацоўнікі — задзейнічаны нават прыбіральшчык! — ладзяць для гасцей кірмашу і выставу, і “круглы стол”, і свой падворак. Так што сумна на свяце дакладна не будзе, а “К” абавязкова раскажа пра Ганненскі кірмаш на сваіх старонках, бо крэатыўнымі знаходкамі бібліятэкараў Зэльвы можна зацікавіць не толькі гасцей свята, але і прафесіяналаў з усіх куткоў Беларусі.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"