Уключыць бібліяфарсаж!

№ 33 (1524) 14.08.2021 - 20.08.2021 г

Не першы раз тэлефануюць мне з роднай Веткі. Напішы, маўляў, што няма дзе моладзі танцаваць. Тым больш у гэтыя летнія цудоўныя вечары, калі сама прысожская прырода прымушае палешука думаць пра ўзнёслае ды летуценнае, згадваць пра любоў і каханне. Прырода на гэта здольная. А мясцовая сфера культуры? Атрымліваецца, летуценне выключана са спісу культурных паслуг? Ці не зашмат пытанняў?! Адназначна адно: моладзь без танцаў занадта хутка старэе. І працэс гэты ў Ветцы значна зацягнуўся. Танцавальная зала ў РДК доўгі час знаходзілася ў аварыйным стане. А летнюю “клетку”, дзе прайшло маё танцавальнае юнацтва, скасавалі па прычыне рэканструкцыі старасвецкага парку на Краснай плошчы. Таямнічы парк ператварыўся ў стандартны сквер. А танцавальную пляцоўку перанеслі з цэнтра на ўскраіну, пад прадзільную фабрыку, у колішнюю панскую дуброву. Ды штосьці і тут не заладзілася. Мо я безнадзейна састарэў і танцы сёння сапраўды страцілі актуальнасць? Не ведаю, толькі ў маё юнацтва ў “клетцы” было не пратаўкнуцца. Я і не пісаў бы пра гэта, бо дыскатэкі апошнім часам перасталі прыносіць важкі даход па вядомай прычыне часовых абмежаванняў для непоўнагадовых. Але любы маркетолаг зазначыць з веданнем справы, што дыскатэчны прыбытак залежыць не столькі ад танцораў, колькі ад дыджэяў ды іх начальнікаў. Вось і прыйшлося карпець над гэтымі радкамі. Зараз паспрабую перадаць тую веткаўскую сітуацыю, пра якую мне вушы пратрубілі.

/i/content/pi/cult/863/18317/017.jpgУвечары на лаўках у скверы супраць райвыканкама моладзь слухае музыку на айфонах, смартфонах, айпадах і міні-калонках. Тусоўка весялее, калі хтосьці пад’язджае на аўто, спыняецца і “ўрубае” больш магутную апаратуру. Але моладзь на колах мае магчымасць наведваць танцавальныя клубы ў Гомелі і збольшага яе выкарыстоўвае. Цікава, як кантралюе сітуацыю мясцовае кіраўніцтва? Няўжо чуткі пра тое, што Веткаўскі раён аб’яднаецца з Добрушскім, а веткаўская культура — з гомельскай, невыпадковыя? Абяцаю вярнуцца да тэмы яшчэ не раз.

Не паспеў закончыць гэтыя радкі, як атрымаў на электронную пошту ліст ад маладой сястры веткаўскага сябра. Прывяду яго асноўны змест: “Так, танцаў няма. Зал сапраўды адрамантавалі. І толку. Там няма нічога. Хіба што ранішнікі ладзяць ці навагоднюю ёлку ставяць. А моладзь збіраецца ўлетку ў скверы, ля фантана. Можна пайсці ў кавярню на аўтастанцыі. Летам ля РДК паказваюць кіно, бывае караоке. Але ўсё гэта не тое, што трэба”. Думаю, сур’ёзная праблема — навідавоку. Пачакаем працягу справы.

Агляд пошты пачну з “гарачых” абвестак. Сёння, 14 жніўня, адбываюцца паралельна дзве цікавыя акцыі. Першая — Свіслацкі кірмаш, другая — “Вечары ў Соф’і Гальшанскай”. Цяпер пра кожнае мерапрыемства — больш падрабязна. Кірмаш будзе доўжыцца два дні. Тэатралізацыя распавядзе пра кірмашовую гісторыю. У канцэртнай зале ДШМ пройдзе навукова-практычная канферэнцыя “Беларусь, Свіслацкі край і Эдвард Вайніловіч (да 750-годдзя Свіслачы)”. Выступяць заслужаны ансамбль танца, музыкі і песні Рэспублікі Беларусь “Белыя росы”, фолк-гурт “Гуляй, Бульбаш”. На свецкі баль запросіць народны ансамбль Беларускага дзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў “Тутэйшая шляхта”. Будуць працаваць фота-рэтра-салон і экспазіцыя “Мода з камода”. Сувеніры прапануюць майстэрні рамёстваў.

Не менш насычаная праграма “Вечароў у Соф’і Гальшанскай” у аграгарадку Гальшаны. Ахвотныя пабачаць спектакль “Чорная панна Нясвіжа”. Выступяць узорны ансамбль “Кантраст”, шоу-балет “Феерыя”. Чакаецца сола катрыншчыка. Ладзіцца містычная экскурсія “Паданні зямлі Гальшанскай” і многае іншае.

З двух прапаноў застаецца выбраць штосьці адзінае. Гарантую, што ў любым з выпадкаў выбар будзе правільным і карысным.

Нечаканы ракурс бібліятэчнай справы. Распавядае Вольга Камякевіч, намеснік дырэктара Зэльвенскай раённай бібліятэкі: “Нашы супрацоўнікі не толькі прапагандуюць і папулярызуюць чытанне і кнігу, але і прышчапляюць маленькім чытачам культуру дарожнага руху. Для гэтага ў Каралінскай інтэграванай бібліятэцы праведзены бібліяфарсаж “Кніжная эстафета сонечнага лета”. Падчас мерапрыемства дзеці ўспомнілі, што такое святлафор, пешаходны пераход і “зебра”, як трэба паводзіць сябе на дарозе”. Мне вельмі спадабалася слова “бібліяфарсаж”. Клубныя работнікі таксама павінны фарсіраваць тэмпы працы. У адваротным выпадку бібліятэкары абгоняць іх неймаверна.

Чарговая бібліятэчная прыдумка. “Сёлета ў бібліятэках Століншчыны, — піша метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Столінскай раённай цэнтральнай бібліятэкі Ірына Грэчка, — рэалізуецца праграма “Чытаю! Гуляю! Ведаю!”. Праграма арыентавана на фармаванне грамадскай думкі на карысць чытання і кнігі. Галоўная мэта мерапрыемстваў месяца — арганізацыя пазнавальнага, цікавага і карыснага вольнага часу дзяцей і падлеткаў праз уключэнне ў разнастайную гульнявую дзейнасць. У гэтым напрамку можна вылучыць работу Манькавіцкай сельскай бібліятэкі. Яе супрацоўнікі Алена Ворах і Алена Савончык стварылі творча-гульнявую прастору “Гульнатэка ў бібліятэцы”. Самі і гульні набылі”. Звярніце ўвагу на апошні сказ. Самыя нізкааплачваемыя работнікі культуры не шкадуюць сваіх грошай для развіцца бібліятэчнай справы. Я ганаруся вамі, шаноўныя бібліятэкары!

Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Навагрудскай раённай бібліятэкі Святлана Чубрык напісала пра творчую сустрэчу з пісьменніцай Аксанай Хвашчэўскай. Гучала тэма малой радзімы, гістарычнага мінулага роднага краю. Асаблівае месца ў творах спадарыні Аксаны займаюць беларуская прырода і вясковае жыццё.

Не магу не згадаць з сумам пра тое, што днямі сышла з жыцця 99-гадовая Алена Васілевіч. Я працаваў у “ЛіМе”, куды аднойчы патэлефанавала Алена Сямёнаўна. Я падняў слухаўку і прадставіўся. Васілевіч пахваліла маю публіцыстыку. А я прызнаўся ёй у даўняй і шчырай любові за тэтралогію пра Ганьку, якая суправаджала мяне ўсё дзяцінства і юнацтва. Я вельмі ўдзячны Алене Сямёнаўне за добрыя словы. Мне іх па тым часе вельмі не ставала…

У Парэччы нават вакзал чытае. Піша галоўны бібліятэкар па арганізацыйна-маркетынгавай дзейнасці Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Карына Ошва: “Бібліятэкары Азёрскай і Парэцкай сельскіх бібліятэк падрыхтавалі Літ-пікнік “Вакзал, які чытае”, што ладзіўся ў аграгарадку Парэчча. У чыгуначным вагончыку дзейнічала фотазона. А для зусім маленькіх чытачоў бібліятэкары падрыхтавалі інтэрактыўны куток “Казкі на траве”.

У Міхайлоўшчыне Ашмянскага раёна адзначылі свята “Радасць сустрэчы пад аховай Святога Ільі”. Распачалі яго званы храма Святога прарока Ільі. Крыжоваму ходу перашкодзіў моцны дождж. Аднак кажуць, што калі на Ілью чалавек трапляе пад дождж, то ўвесь год для яго будзе шчаслівым і без хвароб. Так што вяскоўцам пашанцавала.

І зноў Ашмяншчына. 31 ліпеня мясцовыя клубнікі сабралі вяскоўцаў на рэтра-пасядзелкі “Самаварныя задорынкі”. Дарослыя распавялі сваім дзецям, чым самавар палілі, дзе ваду бралі, які канкрэтна чай запарвалі. Словам, абрад чаяпіцця пастараліся ўзнавіць і тэарэтычна, і практычна.

Што такое патрыятычнае выхаванне? Бібліятэкар Алекшыцкай сельскай бібліятэкі Бераствіцкага раёна Зоя Хлебнікава пераконвае, што дакладна ведае адказ на гэтае пытанне. З ёй цяжка не пагадзіцца. 30 ліпеня ля ўстановы культуры прайшло чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання для дзяцей. Тэма — “Расці патрыётам сваёй Беларусі”. На мерапрыемства запрасілі ваеннаслужачых мясцовай пагранзаставы. Размова атрымалася вельмі цікавай. І не толькі размова. Дзеці разам са старэйшымі таварышамі разбіралі і збіралі аўтамат Калашнікава, усведамлялі ісціну, што выкарыстоўвацца ён павінен толькі для абароны беларускіх грамадзян.

І яшчэ адна навіна ад Зоі Хлебнікавай. У Алекшыцкай сельскай бібліятэцы прэзентавалася кніга Леаніда Калеснікава “Ад Алекшыц да Эйсмантаў: час, прасторы, лёсы”. Аўтар расказаў пра выданне, адказаў на пытанні чытачоў.

Беражыце сябе, шаноўныя чытачы!

Пішыце пра цікавае. Сустрэнемся праз тыдзень.