Арт-партрэт, фота, жывапіс, Віцебск — DASHA ART

№ 33 (1524) 14.08.2021 - 20.08.2021 г

Паўтара года таму Федэрацыя еўрапейскіх фатографаў прызнала “Найлепшым прафесійным фатографам Еўропы — 2020” не заслужанага мэтра, а маладую дзяўчыну з Віцебска Дар’ю ЕРАМЕЕВУ, вядомую ў мастацкім свеце як DASHA ART. Акрамя ўсяго, Дар’я стала першым прадстаўніком Усходняй Еўропы і першай жанчынай, хто атрымаў гэтае званне. Нягледзячы на маладосць, пра выпадковасць поспеху казаць нельга — работы Дар’і ўжо не адзін год прыцягвалі ўвагу, атрымлівалі ўзнагароды. Яе фота сталі пэўным чынам нават папулярнымі — бо яны яскравыя, крэатыўныя, своеасаблівыя. Цяпер у Мінску ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ідзе выстава, дзе можна пабачыць многія з іх. Што прынесла такое пачэснае званне, якія планы і ідэі ў віцебскага фотамастака зараз? Забягаючы наперад — менавіта фатаграфіі DASHA ART стануць мастацкай часткай беларускага павільёна на Сусветнай выставе Expo-2021, якая ў кастрычніку адкрыецца ў Дубаі.

/i/content/pi/cult/863/18311/09_pthrf_172_0.jpg— Перамога ў конкурсе FEP — Федэрацыі еўрапейскіх фатографаў — значнае дасягненне. Як яно паўплывала на ваша жыццё, што дало?

— Прэміі і медалі ў міжнародных конкурсах у мяне былі і да таго, але толькі ў асобных катэгорыях — “Партрэты”, “Канцэптуальная фатаграфія”… Таму перамога над усімі катэгорыямі ў такім прэстыжным конкурсе стала для мяне адной з самых важных у жыцці. Яшчэ і таму, што спаборнічалі менавіта прафесійныя фатографы, якія многа гадоў робяць здымкі стабільна высокай якасці, людзі з імем і аўтарытэтам, а не, напрыклад, аўтары аднаго выпадковага ўдалага здымка. Званне “найлепшага прафесійнага фатографа Еўропы” я ўспрыняла як доказ таго, што мастацтвам фатаграфіі займаюся недарэмна. І сапраўды, за ўсю гісторыю конкурсу — а Федэрацыя еўрапейскіх фатографаў заснаваная яшчэ ў 1992 годзе — гэтае званне да мяне не атрымлівала ніводная жанчына.

На многае, што яно магло б прынесці, паўплывала пандэмія. Напрыклад, не адбылася цырымонія ўзнагароджання, якая павінна была прайсці ў Рыме ў фармаце вялікага шыкоўнага свята, — і пра гэта я моцна шкадую. Як пераможца я была б там у цэнтры ўвагі і магла б пазнаёміцца з мноствам цікавых людзей, завязаць кантакты, уключыцца ў новыя праекты па ўсім свеце! Але паўтара года таму з-за каранавірусу жыццё практычна спынілася. Што ў Беларусі — пра мяне напісалі ў прэсе, у Віцебску мяне павіншаваў мэр, мяне ўзнагародзілі званнем “Віцябчанін года”. Але ж памерамі не тое што аднаго горада, але нават і адной краіны я не думаю. Бо калі я буду так сябе абмяжоўваць, выніку не дасягну ніколі.

/i/content/pi/cult/863/18311/08.jpg— З якімі работамі вы ўдзельнічалі ў конкурсе FEP?

— Гэта былі фатаграфіі з серыі “Акцэнты і форма”, якая і раней ужо выйграла мноства розных конкурсаў, я ведала, што яна ўдалая, запамінальная, падабаецца нават недасведчаным у фотамастацтве людзям. Зараз гэтыя работы вісяць на выстаўцы ў Мінску ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, і гледачы найперш фатаграфуюцца менавіта з імі. Увогуле прыязджаеш у любую краіну, паказваеш гэтыя фота і чуеш: “О, а я іх ведаю!” У сэнсе, у свеце яны праславіліся, спецыялісты з гэтай сферы іх бачылі і памятаюць.

— Прыкладна як хіт у музыцы, які ведаюць усе…

— Так, і ніхто не можа пралічыць, які менавіта твор стане хітом. Бо ёсць у мяне здымкі, можа, і больш складаныя — тэхнічна і ідэйна, але такіх гарачых эмоцый у гледачоў яны не выклікаюць. У серыі “Акцэнты і форма” тры партрэты. Кожнаму партрэту ўвогуле адпавядае яшчэ і нацюрморт, але ў конкурсе FEP я ўдзельнічала без нацюрмортаў. У аснове кожнага партрэта — геаметрычная фігура: круг, квадрат, трохкутнік, і гэтай фігуры падпарадкоўваюцца ўсе дэталі карціны. Ідэя дастаткова простая, але ж эфектная. Дарэчы, на выставе ў галерэі Савіцкага, якая будзе доўжыцца да 29 жніўня, акрамя “Акцэнты і форма” можна ўбачыць і іншыя мае работы з ліку тых, што ўжо павандравалі па ўсім свеце і атрымалі нямала прэмій.

— Вы пачыналі як fashion-фатограф — з модай працуюць даволі многія. А наколькі распаўсюджаная з’ява тое, чым вы займаецеся зараз? Напрыклад, у нас у Беларусі? Ці, хутчэй, трэба казаць пра яе ўнікальнасць?

— Fashion-фатаграфіяй я ўжо практычна не займаюся. Так было на самым пачатку, калі мае работы пачалі размяшчаць на вокладках глянцавых часопісаў, — тады я вельмі многа здымала беларускіх дызайнераў. Але ў нейкі момант я пайшла далей — у мастацкія вобразы, у творчасць. Цяпер мае работы ў асноўным трапляюць пад вызначэнне “арт-партрэт”, “канцэптуальнае мастацтва”. У падобным кірунку не толькі ў Беларусі, а і ў свеце працуюць вельмі нямногія. Бо гэта досыць складаны, працаёмкі, затратны ў тым ліку і з фінансавага пункту гледжання занятак. У мяне ёсць канал на YouTube, і там я паказваю, як ствараецца вобраз, — толькі на грым ідзе ад чатырох да шасці гадзін, не кажучы пра ўсё астатняе: касцюм, аксэсуары, падбор мадэлі, святло, інтэр’ер і г. д. У беларускіх фатографаў ухіл ідзе ўсё ж больш у камерцыйны бок — яны робяць тое, за што ім адразу заплацяць, чым можна зарабіць. А я ад самага пачатку развівалася крыху ў іншым кірунку, не ўсведамляючы каштоўнасць фотаздымка імгненнымі грашыма за выкананы заказ, а ствараючы эксклюзіўныя лімітаваныя прынты — нешта кшталту карцін у абмежаваным тыражы. Вось, напрыклад, у мяне ёсць фота, і яно мае толькі пяць адбіткаў — і ўсё. Кожны адбітак падпісаны мною ўласнаручна. Чым больш расце мой аўтарытэт у свеце мастацкай фатаграфіі, чым больш я перамагаю ў прэстыжных еўрапейскіх і сусветных конкурсах, тым больш цэняцца мае арыгінальныя прынты. І я працую на перспектыву — з цягам часу мае фота будуць станавіцца ўсё больш і больш каштоўнымі, як добрыя карціны. Так, гэта не “хуткія грошы” за здымкі вяселля ці нечага падобнага, але такі мой выбар.

— Для Беларусі, мабыць, гучыць дзіўна, што фота можа каштаваць вялікіх грошай, як і славутая жывапісная карціна. Цяпер жа са смартфонамі ўсе “фатографы”.

— У нас абсалютна не развітае калекцыянаванне мастацкай фатаграфіі, у нашых музеях практычна няма для яе фондаў. Адпаведна, няма культуры і разумення гэтага мастацтва масавым гледачом. У іншых краінах жа існуюць асобныя галерэі, музеі фатаграфіі, калекцыянеры набываюць фота за дзясяткі тысяч долараў, і г. д.

— Фатаграфіяй вы пачалі займацца падчас навучання на мастацка-графічным факультэце Віцебскага ўніверсітэта. Усё ж ад самага пачатку вы збіраліся быць мастаком, а не фатографам?

— Так, калі паступала на “худграф”, займацца фатаграфіяй і не думала. А недзе на трэцім курсе пачала задумвацца над тым, што я хачу развівацца і мне патрэбна нешта яшчэ — больш сучаснае і актуальнае: моладзь жа ўсё больш сыходзіла ў digital-art. Акрамя ўсяго, прадаць фатаграфію ўсё ж прасцей, чым карціну. У сваіх фота я быццам сумясціла і digital, і працу пэндзлем — маляванне карцін. Часта кажу, што людзей я выкарыстоўваю як палатно, на якім малююць, — я малюю на чалавеку. Пры гэтым фатаграфіі мяне ніхто не вучыў, усё сама — нешта з інтэрнэту, нешта з кніг, а ў асноўным — метадам проб і памылак. Аднак што тычыцца нейкіх мастацкіх уменняў — ведання кампазіцыі і шмат чаго яшчэ, — то трэба ўлічваць, што я ўсё жыццё вучуся мастацтву. Яшчэ нават да мастацкай школы я наведвала розныя гурткі — і па маляванні, і па фларыстыцы. А людзям без мастацкай адукацыі, канешне, пачаць займацца фота і навучыцца ўсяму самім будзе няпроста. Дыпломны праект ва ўніверсітэце я рабіла ўжо з фатаграфіямі.

/i/content/pi/cult/863/18311/010.jpg

— Гэта ж даволі дзіўна — што мастак абараняе дыплом як фатограф. Ці лёгка вам удалося пераканаць педагогаў?

— Сапраўды, давялося тлумачыць і нават дэманстраваць, у чым тут праца, у чым тут творчасць, — бо гэта не звыклая карціна ці скульптура. Я зрабіла вельмі цікавы праект “Маскі ХХ стагоддзя”, які не сорамна паказваць людзям і зараз. Праект быў прысвечаны мастакам-абстракцыяністам ХХ стагоддзя — знакамітыя карціны часткова пераносіліся на твары мадэляў, а прастора навокал працягвала карціны. У такой ідэі вялікі патэнцыял, з іншымі героямі і з’явамі. Пасля я рабіла “Маскі” і ў беларускім стылі, з арнаментамі.

— Вы неяк абсалютна свядома падыходзіце да неабходнасці маркетынгавых крокаў у такой справе, як мастацтва. А многія ж творцы думаюць, што талент абавязкова заўважаць, што “самі прыйдуць і ўсё дадуць”, што ацэняць…

— Я проста ведаю, што не ацэняць. (смех) Аднаго таленту недастаткова. На жаль, многія нашы аўтары вераць у адваротнае. А калі нават і не вераць, то прадаюць свае творы за такія капейкі, што ў будучым іх карціны ўжо ніхто не купіць за прыстойныя грошы. Я пайшла па іншым шляху — лепей я сёння ўвогуле нічога не прадам, чым прадам за дзве капейкі. Бо занадта шмат сіл, часу і нават сродкаў я ўкладаю ў свае работы. А яшчэ я з тых аўтараў, якім шкада, што фота — вынік цяжкай працы — будзе проста ляжаць у камп’ютары і яго ніхто не ўбачыць. Таму трэба нешта рабіць самой. Мае выставы — прычым не толькі фота, але і традыцыйных жывапісных работ — праходзяць і ў Лондане, і ў Італіі, Кітаі і шмат дзе яшчэ. Галерысты па ўсім свеце шукаюць цікавых аўтараў, і любы можа прапанаваць свае карціны. Я свае прапаную, яны падабаюцца, іх выстаўляюць. А многія чагосьці чакаюць, думаючы, што нехта прыйдзе і за іх ўсё вырашыць. Я не чакаю, я раблю.

Вось днямі маю кандыдатуру адобрылі ў якасці капітана зборнай Беларусі на World photographic cup 2022 — Кубку свету па фатаграфіі. І гэта я сама праявіла ініцыятыву, сама адправіла заяўку, каб Беларусь на будучы год упершыню паўдзельнічала ў гэтым Кубку. Сёлета, напрыклад, у ім прымалі ўдзел зборныя фатографаў з 38 краін свету, а перамагла зборная Аўстраліі. Цяпер цягам месяца я павінна сабраць каманду для спаборніцтваў у шасці намінацыях, бо тэрмін падачы дакументаў на Кубак — да 1 кастрычніка. І задача ў мяне няпростая, бо ў нас не так шмат аўтараў, якія працуюць з фатаграфіяй як з мастацтвам і якія бачаць для сябе перспектыву ва ўдзеле ў падобным конкурсе — у сэнсе, хто не пашкадуе патраціць пэўную колькасць сродкаў, каб паўдзельнічаць. Спонсараў у мяне няма, так што мы ўсё павінны зрабіць самі.

— А гэта першая ваша справа, якую вы стараецеся зрабіць не толькі для сябе, але і для мастацкай, фатаграфічнай супольнасці?

— І раней былі спробы, але не сказаць каб удалыя. У Віцебску я хацела стварыць для мастакоў такую абсалютна сучасную асацыяцыю, якая б аказвала ім падтрымку у прасоўванні на міжнароднай арэне. Але, куды ні прыходзіла, ідэю нідзе не падтрымалі. Ці ладзіла я свае выступленні і запрашала мастакоў прыйсці мяне паслухаць — абсалютна бясплатна, каб даведацца, як фатографу пачаць удзельнічаць у міжнародных конкурсах, па якіх крытэрыях адбіраць фота, як афармляць заяўку і таму падобнае. Але зацікавіліся рэдкія людзі. А вось у Кітаі, напрыклад, на маёй выставе з паўтара сотнямі фатаграфій была процьма наведнікаў, людзі шлі і шлі, выстава мела вялікі рэзананс. Перад самым пачаткам пандэміі я павінна была ляцець у Кітай, і білеты былі ўжо набытыя, каб павышаць кваліфікацыю дызайнераў і чытаць ім лекцыі па сучасным мастацтве і па развіцці крэатыўнага мыслення ў мастацтве фатаграфіі. Кітайскім дызайнерам цікава.

— З найбліжэйшых падзей у вашым творчым жыцці — пачатак працы 1 кастрычніка Сусветнай выставы Ехро-2021 у Дубаі, дзе арт-зона беларускага павільёна — гэта менавіта вашыя фота. Што вы прадставіце ў Дубаі?

— Зараз для мяне гэта праект нумар адзін. Павільён ужо пабудаваны, выстава гатовая. І яна вельмі цікавая: гэта 13 фатаграфій, аб’яднаных беларускай тэмай — арнаменты, культура, знакамітыя асобы ў гісторыі. І гэта менавіта арт-фота, у маім стылі. Калі ўлічыць колькасць гледачоў, якія пройдуць праз беларускі павільён, то выставу можна назваць самай маштабнай пакуль што сярод усіх маіх выстаў. А яшчэ ў галерэі “Артэль” у Мінску 20 жніўня адкрыецца выстава майго жывапісу. З пачаткам пандэміі, калі давялося скараціць колькасць здымак і фотапраектаў стала менш, я зноў вярнулася да малявання і цяпер займаюся і тым, і другім.