Каб не забывалі…

№ 33 (1524) 14.08.2021 - 20.08.2021 г

Музей бітвы за Днепр (Лоеў) сумесна з Дзяржаўным архівам грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці прэзентуе навукова-даследчы і экспазіцыйна-выставачны фота-дакументальны праект “ПАРТЫЗАНЫ. ЭПІЗОДЫ”.

/i/content/pi/cult/863/18310/06.jpgВыставачны праект прымеркаваны да 80-й гадавіны стварэння лоеўскага партызанскага атрада “За Радзіму” і будзе экспанавацца з 20 жніўня па 3 кастрычніка бягучага года.

Другая сусветная вайна, навала якой паглынала Еўропу з 1939-га, у 1941-м — у самым канцы жніўня месяца, — дакацілася і да невялікага гарадскога пасёлка ў Гомельскай вобласці: 26 жніўня 1941-га Лоеў быў акупаваны войскамі Трэцяга рэйха, тут была ўсталяваная акупацыйная ўлада.

Згодна з паведамленнем Музея бітвы за Днепр, сёлета адзначаецца вайскова-гістарычны юбілей — 80-ыя ўгодкі, як у Лоеве ў першыя ж ваенныя дні быў створаны партызанскі атрад “За Радзіму”, на базе якога ў далейшым была ўтвораная і аднайменная лоеўская партызанская брыгада.

/i/content/pi/cult/863/18310/07.jpgЗаўжды ваенная навала ішла на тле лёсаў і жыццяў простых людзей. Шмат хто актыўна браўся і за зброю, а хтосьці спрабаваў проста жыць, адысці “ў бок” ад вайны — але вайна ўсё роўна не адпускала…

Не маючы за мэту стварыць усеагульны “летапіс” партызанскага жыцця — гэта проста немагчыма, — у сваіх выставах Музей мае спрабаваць на базе навуковых даследаванняў, архіўных пошукаў, палявой работы зрабіць замалёўкі асобных момантаў партызанскага жыцця, распавесці пра нейкія эпізоды — кароткія фрагменты жыцця, побыту, змагання, — складзеныя разам, яны змогуць паказаць велічныя падзеі сапраўднага жыцця простых людзей падчас той вайны.

Для дасягнення вызначанай мэты былі пастаўленыя задачы прадэманстраваць канкрэтныя эпізоды партызанскага жыцця праз мікрагістарычныя сведчанні — пэўныя кейсы, якія знайшлі адбітак у дакументах таго часу, у фотадакументах, якія захоўваюцца ў архіўным і музейным фондах Музея бітвы за Днепр і архіўным фондзе Дзяржаўнага архіва грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці.

Дадзеныя задачы маюць вырашацца не толькі праз экспанаванне дакументаў, фотадакументаў (як арыгіналаў, так і копій, рэплік), а таксама праз гукавое суправаджэнне выставачнага праекта — гукавы шэраг мае прадэманстраваць гісторыі дзяцей вайны, сведак, запісаныя супрацоўнікамі Музея падчас палявых этнаграфічных экспедыцый 2019-2021 гадоў.