Адданы музыцы і свайму аркестру

№ 31 (1522) 31.07.2021 - 06.08.2021 г

Ведаеце, чаму аркестр імя Жыновіча застаецца вядомым і папулярным на працягу больш як 90 гадоў? Таму што тут працуюць такія ўнікальныя людзі, як Аляксандр Крамко. Аляксандр Яўгенавіч, дырыжор і саліст аркестра, па сумяшчальніцтве прафесар Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, па ўласным прызнанні, не можа сядзець без працы. Нават падчас адпачынку яго дні звязаны з музыкай. Калі не робіць аранжыроўкі, дык сам практыкуе на шматлікіх інструментах або проста слухае ўлюбёную музыку самых разнастайных стыляў.

/i/content/pi/cult/861/18283/023.jpg“Практыкавацца і вучыцца музыцы патрэбна ўсё жыццё, хаця ад прыроды, лічу, мне і дадзены ідэальны слых. Гавару так, бо з 2 гадоў, па словах бацькоў, мяне немагчыма было адарваць ад радыёлы. Бачачы маю цягу да музыкі, бабуля з дзядулем ужо ў 4 гады купілі мне маленькі акардэончык, на якім у першы ж дзень я падабраў мелодыю. Потым была музычная школа, дзе я пачаў практыкавацца і на іншых інструментах. Ну а далей Мінскі інстытут культуры, дзе працягваў развівацца як мультымузыкант. Проста мне сумна было б граць на адным інструменце.

А мець ідэальны слух, скажу я вам, не так проста. У свеце існуе многа музыкі, а ідэальнага выканання хаця б аднаго твора я яшчэ не чуў — проста я адчуваю, што музыкант “ламае” мелодыю пад сябе, так, як ён сам лепей чуе”.

Мы ведаем, што ў аркестры імя Жыновіча вы паказваеце тэхніку валодання беларускімі народнымі духавымі інструментамі. Чаму менавіта так атрымалася?

— Яшчэ калі я вучыўся ў Мінскім інстытуце культуры, у мяне было шмат прапаноў па ўступленні ў рознага кшталту музычныя калектывы. І да арміі я не задумваўся, дзе працаваць. Вучыўся, у вольны час па запрашэнні граў на святах. Для адной такой “шабашкі” за чатыры дні асвоіў з нуля саксафон. У арміі ж граў у духавым аркестры на валторне. Зразумела, што валодаў я і беларускімі народнымі духавымі інструментамі. І нейкім чынам пра мяне даведаўся Міхась Казінец, кіраўнік аркестра імя Жыновіча. Яму якраз патрэбны быў музыка — народны духавік. Праз знаёмых запрасіў мяне зайсці да яго. Так я і застаўся тут працаваць. А пра развіццё народных духавых… Неяк я збянтэжыў Міхася Антонавіча, сказаў, вы столькі гадоў кіруеце аркестрам, а ў вас акрамя дудкі няма ні жалейкі, ні дуды, ні акарыны. Міхась Казінец адказаў: ну, калі ты прапанаваў, ты і развівай гэты накірунак. Прыйшлося ўзяцца. Потым паўстала пытанне пра рэпертуар, падбіраў творы пад народныя духавыя, сам пісаў творы і апрацоўкі. Да мяне ж гэтыя інструменты ўключаліся эпізадычна ў аркестры, кампазітары нават не ведалі ўсіх магчымасцяў інструментаў.

Вы ўладальнік Ордэна Францыска Скарыны і Ордэна Пашаны, заслужаны артыст. Адчуваеце адказнасць?

— На сцэне, калі ў руках дырыжорская палачка — так. Там мы разам з аркестрам павінны паказаць клас для публікі. А ў жыцці? Няхай пра мінулыя заслугі расказваюць фотаздымкі. Гэтаму і студэнтаў вучу. Паказвайце, што напрацавалі, чаму навучыліся. А калі нават у саліста не ўключыўся мікрафон — нічога страшнага. Мы не на страшным судзілішчы. Нашыя гледачы такія самыя людзі, яны даруюць.

/i/content/pi/cult/861/18283/024.jpgАдчуваеце асалоду ад працы са студэнтамі, або для вас гэта залішні клопат?

— Выкладаю я на палову стаўкі, таму, канечне, мне не дужа цяжка. У выкладанні я практык. Трэба па-чалавечы перадаваць студэнтам свой досвед, атрыманы на сцэне. А ў індывідуальнай рабоце з некаторымі студэнтамі так, атрымліваеш асалоду. Ты можаш не сустракацца з вучнем рэгулярна, але толькі трошкі карэктыраваць яго напрацоўкі. І галоўнае не перашкаджаць! Калі студэнт невыпадкова ў музыцы, ён сам дойдзе да такога, што ніякім чынам настаўнік не перадасць словамі. Так было з маім вучнем Аляксандрам Рыцікавым, выпускніком першага набору “Народныя духавыя інструменты” БДУКМ. Так і з Марыяй Шарый, членам гурта “Стары Ольса”, якая ўвайшла ў сутнасць беларускіх народных духавых інструментаў такім чынам, што на экзаменах ставіла камісію ў ступар. Так было і з Аляксандрам Калядой, які займаўся са мной і многім авалодаў, але пасля жыццё прымусіла яго зарабляць камп’ютарнымі тэхналогіямі. Але і цяпер ён у працоўных перапынках не забывае пайграць на дудачцы.

На якім узроўні музычная адукацыя ў Беларусі?

— Гэта вельмі балючае пытанне. Асабіста я лічу, што наша музычная адукацыя не дасканала асвячае ўсе напрамкі музыкі. Растлумачу. Выпускнікі музычных устаноў граюць класіку, але кантры ці самбу яны не могуць сыграць. Я ўжо не кажу пра джаз ці беларускую польку. А класіку слухае толькі адзін адсотак людзей як у нашай краіне, так і па ўсім свеце. І прыходзіцца нашым выпускнікам, калі яны хочуць працягваць граць штосьці для людзей, вучыцца наноў. Вось і ў наш аркестр можна было б узяць гітарыста. Але выпускнікі акадэміі музыкі нам не падыходзяць. У іх няма пачуцця імправізацыі, ведання гармоніі… А за мяжой, напрыклад, студэнты ведаюць, у якія калектывы хочуць патрапіць пасля заканчэння вучобы. Таму і трэніруюць суадносныя навыкі.

Дарэчы, ці рэальна таленавітаму музыку патрапіць у аркестр імя Жыновіча?

— Падбіраем мы ў аркестр праз мастацкі савет, таму ніякага блата не бывае. Ды і патрабаванні, як вы зразумелі, высокія. Але ўсё магчыма, калі чалавеку ёсць што паказаць. Вось уявіце, з намі працуе саліст, які спачатку нават нот не ведаў. Гэта Андрэй Коласаў. Ён скончыў вучэльню на повара, але перамог як вакаліст на “Славянскім базары”. Яго голас наш савет сапраўды ўразіў. Таксама у нас працуюць маладыя таленавітыя баяністы Дзяніс Чорны, цымбалісты Марта Галубко, Аксана Хахол, Алена Касціцына, Юлія Высоцкая і салісты-вакалісты Наталья Браслоўская, Ігар Задарожны, Анастасія Рачыцкая. Адзначу, што музыкант павінен адчуваць сябе ў адной сям’і з калектывам, бо без гэтага, як правіла, не затрымліваюцца. Ды і калі паспрабаваць пасадзіць на заднія рады музыканта-віртуоза, наабяцаўшы нават вялікія грошы, яму не камфортна будзе працаваць, бо яго прызванне — саліст.

Якія планы ў аркестра імя Жыновіча, якому летась споўнілася 90 гадоў?

— Сапраўды, планаў шмат. Але перш за ўсё хочацца выказаць падзяку Міністэрству культуры, якое на леташні юбілей прадаставіла нам магчымасць абнавіць нашы інструменты. Закупілі столькі ўсяго патрэбнага, колькі і за апошнія пяць гадоў не набывалі! Дваццаць сёмага кастрычніка аркестр імя Жыновіча адыграе вечар, прысвечаны 95-гадоваму юбілею кампазітара Аляксандра Зацэпіна, які напісаў музыку да больш чым 300 фільмаў, у тым ліку папулярных фільмаў Гайдая. Сямнаццатага лістапада дамо канцэрт лепшых прадстаўнікоў беларускай эстрады. Трэцяга снежня за намі канцэрт на песні Аляксандры Пахмутавай. Адзначым і 130-годдзе Багдановіча і дзень народзінаў Уладзіміра Мулявіна. І на наступны год планы таксама ёсць. Сямнаццатага снежня мне спаўняецца 60 гадоў. У дзень нараджэння — мой выступ са святочнай праграмай. Можа скласціся, што мне давядзецца дырыжыраваць канцэрт да юбілеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Я ж нарадзіўся на Стаўбцоўшчыне, акурат на малой радзіме Коласа.