Сядзіба роду Слізняў у Бартніках

№ 31 (1522) 31.07.2021 - 06.08.2021 г

Чым вядома невялічкая вёска Бартнікі Баранавіцкага раёна? Тым, што тут захавалася капліца, унікальная для Беларусі. А яшчэ? Яшчэ тым, што 8 ліпеня (27 чэрвеня) 1804 года тут нарадзіўся буйнейшы беларускі скульптар і медальер ХІХ стагоддзя Рафал Слізень. А яшчэ тым, што ў 1844–1845 гадах, тут жыў і працаваў Ян Чачот. Ведаючы гэта, адну з краязнаўчых вандровак па Баранавіцкім раёне з мэтай стварэння турыстычнага маршруту “Шляхам Яна Чачота” мы вырашылі прысвяціць Бартнікам. У выніку чаго была зроблена яшчэ адна важная знаходка, пра якую мы і распавядзём.

/i/content/pi/cult/861/18282/021.jpgПасля дзвюх Сусветных войнаў ХХ стагоддзя мы аказаліся надзейна пазбаўлены цэлага пласта нашай гісторыі, рэпрэзентантамі якога з’яўляліся драўляныя і каменныя сядзібы і палацыкі беларускіх шляхецкіх родаў. Замест ранейшых тысячаў, шчодра раскіданых па ўсёй тэрыторыі краіны, на сёння іх засталося зусім няшмат. А тых, якія ў добрым стане, яшчэ меней. Тое, што патрапіла ў прыватныя рукі або зацікавіла мясцовыя ўлады, атрымала другі шанец. А што будзе з рэштай, адказаць цяжка. Але здараецца і так, што на падмурках зніклых вырастаюць сядзібы-наватворы. Гэтаму спрыяе іх выключная важнасць для нашай гісторыі, а таксама турыстычны патэнцыял падобных аб’ектаў. Прыкладам могуць служыць сядзібы Адама Міцкевіча (Завоссе), Тадэвуша Касцюшкі (Марачоўшчына) і Напалеона Орды (Варацэвічы). Вядома ж, іх новыя сцены не так кранаюць за сэрца, як тыя, якія з’яўляюцца сведкамі часу. Таму выяўленне і захаванне аўтэнтычных сядзібаў, дзе яшчэ жывы той стары дух, павінна стаць для нас усіх мэтай, за якую варта змагацца.

Вось такой чарговай мэтай (пасля выратавання ад сносу сядзібы Цюндзявіцкіх у Галошава) для нашай газеты становіцца сядзіба роду Слізняў у Бартніках! Гэта і ёсць тая анансаваная ў прадмове “знаходка”. Хоць ёй і не пагражае знос, бо яна з’яўляецца прыватнай уласнасцю, але наданне ёй статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці справа неабходная. Ва ўсялякім выпадку ў размове з намі начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Хвір паведаміла, што справе бы гэта не перашкодзіла.

/i/content/pi/cult/861/18282/022.jpgСядзіба з гісторыяй

Вядома ж, не мы былі першыя, хто “знайшоў” сядзібу, і не мы будзем першыя, хто падымае пытанне аб наданні ёй адпаведнага статусу. Яшчэ ў ліпені 2014 года група краязнаўцаў з Баранавічаў, а таксама былы гаспадар сядзібы пісьменнік Міхась Амялішка правялі інвентарызацыю сядзібнага дома і гаспадарчай пабудовы (пуні) і пастанавілі: “Улічваючы старадаўнасць былога дома Слізняў, зробленага з дрэва па тэхналогіях 18 стагоддзя, і гісторыю гэтага месца, трэба надаць яму статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пры выкананні неабходных мерапрыемстваў гэта сядзіба можа быць элементам турыстычнай інфраструктуры Брэсцкай вобласці”.

Вось што на сённяшні дзень вядома пра гэты будынак. Дакладная дата яго пабудовы пакуль не ўстаноўлена. Або сядзіба пабудавана напрыканцы XVIII стагоддзя, або ў 1820-30-х. Згодна з успамінамі Міхася Амялішкі, да 1939 года на сядзібе вісела шыльда, якая сведчыла, што будынак быў “застрыхаваны ў 1828 годзе”. Ігнат Дамейка, брат якога Адам узяў шлюб з Юзэфай Слізень (да 1830 года) у старым сядзібным будынку, у 1884 годзе запісаў у дзённіку, што таго будынка ўжо не было і на яго месцы стаяла “нейкая альтанка”.

Сядзіба належала Слізням да канца 1920-х гадоў, у 1929 яе набыў Васіль Амялішка, бацька пісьменніка. Цікава, што ў часы Першай сусветнай вайны сядзіба аказалася на перадавой і навакол яе былі вырыты акопы. Тым не менш яна перастаяла. Як перастаяла і Другую сусветную вайну, хоць партызаны і спалілі некалькі гаспадарчых пабудоў. У 1940-41 гадах у сядзібе была адкрыта беларуская школа. У 1942-43 гадах быў медпункт, у якім працавала сям’я лекараў-габрэяў. Каб тыя не збеглі ў лес, паліцаі вывезлі сям’ю ў невядомым накірунку, і, магчыма, расстралялі ў лесе пад Вольна. Пасля вайны Амялішкі адбудавалі спаленыя будынкі і да 1973 года з’яўляліся гаспадарамі сядзібы. Пасля чаго прадалі яе сям’і Шараметаў, а самі пераехалі ў Гродна.

След філаматаў

Дык чым жа нам так цікавы Бартнікі і гэты дом? А тым, што пэўны час, напачатку ХІХ стагоддзя, сядзіба адыгрывала ролю цэнтра культурнага жыцця гэтага кутка колішняга Наваградскага ваяводства!

Вышэй я ўжо казаў, што менавіта тут нарадзіўся найбуйнейшы беларускі скульптар ХІХ ст. Рафал Слізень (1804-1881). І Рафал, і яго брат Антон падчас вучобы ў Віленскім універсітэце належалі да славутых філарэтаў. Таму ў Бартніках, як пісаў у сваіх успамінах Эдвард Паўловіч, не раз бывалі Адам Міцкевіч, Тамаш Зан і яго браты Ігнат і Стафан (а таксама іх дзядзька, ксёндз Валянцін-Антон), Ігнат Дамейка, Ян Чачот і многія іншыя. У сястру Рафала Слізня, Зафею, былі закаханы і Зан, і Чачот, і іх сябра Аляксандр Ходзька, будучы вядомы паэт, фалькларыст, славіст, усходазнавец. У гайку на пагорку блізу Бартнікоў, які Паўловіч называе “Клатэчнай”, сваяк Занаў па прозвішчу Сурэвіч, у будучыні вядомы актор Віленскага тэатра, ставіў тэатральныя пастаноўкі. У 1884 годзе на гэту горку, разам са сваім пасівелым сябрам Антонам Слізнем, падняўся Ігнат Дамейка і ўзгадаў, як тут цёпла прымалі Тамаша Зана (ён быў пэўны час гувернёрам братоў Слізняў), як тут спяваліся філарэцкія спевы, як Чачот і Зан дэкламавалі свае і Міцкевічавы вершы.

Калі ў Вільні былі арыштаваны і пасаджаны ў вязніцу сябры філаматы-філарэты, намаганнямі Слізняў у Бартніках для іх быў наладжаны збор грошаў. Нават такі нарыс ужо прымушае паставіць на Бартніках тлусты клічнік. А калі дадаць, што цэлы год, пасля Шчорсаў, тут жыў і працаваў Ян Чачот, рыхтуючы том “Сялянскія песенькі з-над Нёмана і Дзьвіны, некаторыя прыказкі на славяна-крывіцкай мове і яе самабытныя словы, з назіраннямі над гэтай мовай” (Вільня, 1846), тут ліставаўся з кампазітарам Станіславам Манюшкам, які паклаў на музыку 22 спевы Яна Чачота…

Падаецца, што Бартнікі могуць стаць сапраўднай перлінай турыстычнага маршруту не толькі Баранавіцкага рэгіёна, але і Усебеларускага. Бо гэты шлях можа быць злучаны ў адзін ланцуг з Новай Мышшу Чачотаў, Сачыўкамі Анцутаў, Завоссем Міцкевічаў (каля 4 км), Мядзвядкай Дамейкаў, Туганавічамі Верашчакаў і “Камянём філарэтаў”, да якіх не так ужо і далёка ад Бартнікоў. А мы яшчэ не распавялі пра капліцу і іншы маёнтак Слізняў у Вольна, дзе таксама ёсць што паглядзець.

Загадкавая капліца

Калі ісці або ехаць у Бартнікі з Вольна, на бачным здаля пагорку, які будзе з правага боку, можна ўбачыць руіны капліцы. Будынак яе круглы ў плане. Муры прарэзаны скразнымі байніцамі. Унутры заўважны ўмураваныя камяні з надпісамі, якія былі пазней чамусьці затынкаваны. Але самае цікавае знаходзіцца амаль на ўзроўні зямлі. Па перыметры капліцы звонку ў яе падмурак умураваны камяні, на якіх бачны крыжы розных тыпаў і маецца малачытэльны надпіс на лацінскай мове. Тое ж самае і ў такім самым парадку, дублюецца на камянях, што ўнутры капліцы (!). Будавалася капліца, верагодна, у 1830 годзе, аб чым сведчыць камень з датай і надпісам “DOM WIECZNOSCI”. Яшчэ адзін цікавы камень з датай “1839” (год скасавання Уніі) умураваны звонку. Думаецца, што гісторыкам сакральнай архітэктуры варта было б звярнуць на капліцу пільную ўвагу. Але не толькі гісторыкам. Капліца патрабуе неадкладнага клопату, бо над ёй адсутнічае дах, муры моцна пашкоджаны часам, іх залівае вадой, а сама капліца патанае ў хмызняку. Было б цудоўна, каб мясцовыя ўлады выказалі клопат пра гэты ўнікальны помнік архітэктуры. Ён, безумоўна, таго варты.

На завяршэнне

Ведаючы, што імя Яна Чачота на Баранавіцкай зямлі культавае, хочацца верыць, што ўзнятая намі праблема не застанецца без увагі ўладаў раёна. Бо “жывых памятак” пра славутага паэта, фалькларыста, праўдзівага песняра беларускай зямлі ў Беларусі, акрамя сядзібы ў Бартніках, падаецца, і не засталося. Дык давайце ж усе разам парупімся пра тое малое, што цудам ацалела?!

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар