Бягучыя пытанні і новыя справы

№ 31 (1522) 31.07.2021 - 06.08.2021 г

27 ліпеня адбылася чарговая апаратная нарада міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў міністэрства. З дапамогай сродкаў відэасувязі удзел у нарадзе прынялі таксама начальнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў.

/i/content/pi/cult/861/18265/01.jpgАдно з пытанняў, якое прапанаваў да абмеркавання міністр — выкананне рамонтных работ у Будслаўскім касцёле. На аб’ект ужо выдана дакументацыя, чакаюцца пэўныя экспертызы. У жніўні, як праінфармавалі Анатолія Маркевіча, павінны пачацца работы па аднаўленні касцёла пасля пажару, у прыватнасці, яго даху. Міністр акцэнтаваў увагу на тым, што калі падрыхтоўка да прац зацягнецца, восенню можна атрымаць сур’ёзныя праблемы з падтапленнем храма. Але ж Анатолія Маркевіча запэўнілі, што часовы дах гэтага не дапусціць. Праектна-каштарысная дакументацыя будзе складацца па ўсяму касцёлу, каб весці рэстаўрацыю будынка агульна.

Абмяркоўвалася тэма і распрацоўкі праектаў зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей, па якой у чэрвені праводзілася адмысловая калегія. Вынікамі працы над праблемай стане ўнясенне гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны на віртуальную карту.

Па рамонце Нацыянальнага мастацкага музея міністра запэўнілі, што будынак хуткім часам павінен атрымаць неабходную дакументацыю энерга- і дзяржбуднадзора і быць здадзены ў канцы жніўня. Па Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага сабраны пэўны шэраг даведак, ліквідуюцца апошнія недаробкі, усталёўваецца агароджа. Увод аб’екта запланаваны на 28 ліпеня. Анатолій Маркевіч засяродзіў увагу, што 3 жніўня трупа выходзіць з адпачынку, пачынаецца новы мастацкі сезон, і на адзін са спектакляў праз некаторы час плануецца візіт Кіраўніка дзяржавы.

Таксама міністр выслухаў даклад пра падрыхтоўку навучальных устаноў, падведамственных міністэрству культуры, да новага навучальнага года. Зараз вядзецца фарміраванне кантынгенту навучэнцаў, ідзе ўступная кампанія. Конкурс у ВНУ культуры складае ад 1,5 да 1,7 чалавека на бюджэт. Міністр падкрэсліў важнасць мэтавага накіравання як кропкавай падрыхтоўкі супрацоўнікаў на працоўныя месцы па ўсёй краіне.

Абмяркоўваўся рамонт у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, у тым ліку праблемы, звязаныя з уводам новага харчблока, раней закупленае абсталяванне для якога даволі працяглы час прастойвае.

Уздымалася пытанне па прэміраванні будучых лаўрэатаў міжнароднага конкурсу піяністаў, які мае адбыцца ў снежні. Пакуль на конкурс заяўлена не так многа майстроў, як хацелася б. Арганізатары конкурсу хочуць звярнуцца ў Шанхайскую кансерваторыю з нагоды запрасіць журы і канкурсантаў малодшага ўзросту.

На нарадзе гаварылася і пра падрыхтоўку “Дзён беларускай культуры” ў Казахстане ў выкананне даручэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Яны пройдуць з 30 верасня па 4 кастрычніка і ўключаць у сябе гала-канцэрт, дні беларускага кіно, выставы, сустрэчы з беларускай дыяспарай. Гэтым годам таксама запланаваны “Дні беларускай культуры” ў Расіі: у Маскве і Казані. Наша краіна сёлета ў сваю чаргу прыме “Дні культуры Таджыкістана”.

Зноў уздымалася пытанне па стварэнні музейных комплексаў у Бярозе і ўсталяванні памятнага знака. Да 2 жніўня плануецца завяршыць і здаць на разгляд камісіі Міністэрства культуры і Бярозаўскага райвыканкама творчы эскіз мемарыялаў.

Абмяркоўвалася стварэнне мемарыяльнай дошкі ва ўшанаванне памяці мітрапаліта Філарэта ў Мінску. А Беларуская Праваслаўная Царква за свой кошт створыць яму мемарыялы ў Жыровічах і ў Слуцку.

Адным з апошніх пытанняў нарады стала планаванне канцэрта на адкрыцці маста праз раку Нёман у Гародні. Мерапрыемства пройдзе 6 жніўня, і, як далажылі міністру, на вышэйшым узроўні.