Дарога “Культуры” на “Славянскі...”

№ 29 (1520) 17.07.2021 - 23.07.2021 г

Рэдакцыя нашай газеты праклала свой уласны, сапраўдны эксклюзіўны інфармацыйны шлях на знакаміты міжнародны форум. Кожны ліпень для журналістаў “К” быў на працягу гэтых трох дзесяцігоддзяў як самы напружана-няўрымслівы месяц, гарачы на эмоцыі ды, зразумела, на пошук таго самага эксклюзіва ў віры ўсімі чаканай падзеі. Але ж пачынаўся для нас фестывальны марафон як мінімум напрыканцы мая ці самым пачатку чэрвеня, калі ішла перапіска праз Сеціва з арганізатарамі фэсту, а таксама заяўленымі на “Славянскі базар у Віцебску” канкурсантамі з многіх і многіх краін свету. А потым нашы карэспандэнты сустракаліся з імі ў Мінску на генеральных рэпетыцыях, пасля якіх шлях канкурсантаў палягаў у Валошкавы горад над Заходняй Дзвіной... Ну і, вядома, нараджэнне святочнага нумара “К”. Літаральна са станкоў цэха Дома друку — калі ўначы, калі а шостай раніцы — мы здымалі тысячу экземпляраў газеты і куляй ляцелі на машыне ў Міжнародны прэс-цэнтр, каб паспець пакласці шыкоўна аформлены нашым дызайнерам Наталляй Овад спецвыпуск “Культуры” на сталы для калег перад адкрыццём першай прэс-канферэнцыі. І так адбывалася штогод. Словам, усе дарогі ў ліпені вялі нас у Віцебск!

/i/content/pi/cult/859/18238/13.jpgНашы рэпарцёры, асабліва ўсюдыісная Надзя Бунцэвіч, якая зазвычай паспявала ў ліпеньскім Віцебску набраць матэрыялаў, як кажуць, на год наперад, у тыя фестывальныя дні бадай і не марылі паспаць. Гэта каштавала, зразумела, сапраўднай самаахвярнасці дзеля падачы чытачам паўнацэннага кантэкста, які прыадчыняў бы дзверы ў розныя куточкі зорнай фестывальнай “кухні”. Узгадаю хіба толькі пару эпізодаў, што ўвайшлі ў гістарычны летапіс газеты, якой, дарэчы, сёлета спаўняецца таксама трыццаць гадоў і якая прысвяціла форуму ў сярэднім паўтысячы сваіх палос.

Як авіятары дапамаглі фотакару

...На той час фотакарэспандэнт “К”, знакаміты майстар Юрый Іваноў, які ўвайшоў у сотню лепшых фатографаў свету за свой легендарны здымак “Лятучка”, зрабіў нам на адным са “Славянскіх...” крэатыўны сюрпрыз. Такога наўрад ці можна было чакаць! Перад вячэрнім канцэртам у Амфітэатры мы на некалькі хвілін забеглі ў гасцініцу пераапрануцца. Раптам на мабільным прагучаў званок. Голас Юры: “Выйдзі на балкон, зірні на неба...” Літаральна над дахам гатэля “Ветразь” завіс верталёт, а з ягонага праёма бачна рука з фотаапаратам. Аказалася, што Юрый Сяргеевіч вырашыў паздымаць для першай паласы “Культуры” панараму святочнага Віцебска з вышыні “птушынага палёту”, і, пралятаючы міма “нашага квадрата”, паведаміў пра гэта. Урэшце, апусціўшыся з нябёсаў на зямлю, ён кінуў рэпліку пра тое, як яму ўдалося ажыццявіць неверагоднае. Дык як? “Вельмі проста: дзякуючы любові беларускіх авіятараў да ўнікальнага фестывалю і павагі да работы фотарэпарцёра...”

Гэта і ёсць той самы сапраўдны эксклюзіў “К”, за які змагаліся мае нераўнадушныя калегі.

Аздаравіць Здраўнёва!

Другі яскравы эпізод, які доўжыўся ў прамым сэнсе цэлую пяцігодку, па вялікім рахунку, “эпізодам” назваць нельга. “Славянскі базар у Віцебску” ведае шмат гісторый, калі сфера ўплыву ягоных гасцей і ўдзельнікаў распаўсюдзілася далёка за межы Летняга амфітэатра. Так было і са шматгадовай акцыяй нашай “Культуры”.

...А пачыналася ўсё напрыканцы 1995-га. Тады ў нашу рэдакцыю прыйшоў ліст, які ў большай ступені нагадваў сігнал SOS. Да нас звярнуліся супрацоўнікі Дома-музея Іллі Рэпіна з просьбай надрукаваць зварот аб тэрміновай дапамозе. Справа ў тым, што дача славутага мастака ў Здраўнёве напаткала бяда: з-за няспраўнай электраправодкі дом, які Ілля Рэпін прыдбаў у гэтых мясцінах пасля продажу знакамітай карціны “Запарожцы пішуць пісьмо турэцкаму султану”, згарэў дашчэнту. А мясціны гэтыя на беразе хуткаплыннай Заходняй Дзвіны сапраўды незвычайнай прыгажосці. Тут вялікі жывапісец напісаў свае лепшыя творы апошняга дзесяцігоддзя XIX стагоддзя, якія сёння знаходзяцца ў нашым Нацыянальным мастацкім музеі: “Квітнеючыя яблыні”, “Беларус”, “Месяцовая ноч”, “Восеньскі букет”, “Селянін” ды іншыя.

Гэты райскі куток за сямнаццаць кіламетраў ад Віцебска стаў нам не проста родным па духу. Мы расцэньвалі свой удзел у лёсе гэтых беларускіх пенат як справу прафесійнага гонару. Летам 1996-га, у час правядзення чарговага “Славянскага базару...”, выязная рэдакцыя газеты “Культура” ўпершыню раскінула свой палатачны карпункт на тэрыторыі рэпінскай сядзібы, ад якой застаўся практычна хіба што падмурак. Побач з домам адзінока стаяла некранутая разбурэннем аўтэнтычная лядоўня, збудаваная для гаспадарчых патрэбаў сям’і геніяльнага творцы. Словам, карціна непрыглядная, і мала хто верыў, што гэтая сядзіба можа быць калісьці адноўлена. Але мы, “культураўцы”, не проста верылі. На старонках газеты з’явіўся шэраг праблемных матэрыялаў пра гэты выпадак, які быў закліканы прыцягнуць увагу грамадскасці да сітуацыі.

Падтрымка Прэзідэнта

Праз год мы зноў прыехалі ў Здраўнёва. Толькі цяпер вырашылі правесці шэраг імправізаваных “круглых кастроў” па аналогіі з “круглымі сталамі”, на якія меркавалі запрасіць Міжнародны прэс-цэнтр “Славянскага базару...”, высокае начальства, ад якога непасрэдна залежала адраджэнне сядзібы, мясцовых жыхароў, каб яны маглі адчуваць сябе далучанымі да гэтай гістарычна значнай акцыі.

Перадыху ў нашага дэсанта не было і ў наступныя гады. Хтосьці з журналістаў працаваў на фестывальных пляцоўках і вакол іх. Але большасць толькі і паспявала мяняць у дыктафонах касеты — “цыфравых” яшчэ не было. Сустрэч ля “круглых кастроў” у Здраўнёва адбывалася мноства. Не буду распавядаць пра тое, як нас пачыналі жэрці камары, ад якіх не было адбою напрацягу сутак. Як бралі інтэрв’ю ва ўсіх турыстаў і дэлегацый, што завітвалі ў рэпінскія мясціны, зноў жа, каб потым “агучваць” іх думкі, прапановы і меркаванні на палосах газеты.

І, нарэшце, справа зрушыла з месца. Акрэдытаваныя журналісты з Міжнароднага прэс-цэнтра “Славянскага базару ў Віцебску” на старонках сваіх выданняў і ў радыёперадачах распавядалі пра лёс рэпінскай сядзібы. Потым яны дасылалі ў “Культуру” свае публікацыі. У фестывальныя дні ў Здраўнёва на экскурсіі “прэсцэнтраўцы”прывозілі знакамітых артыстаў і нават цэлыя калектывы. Прыязджаў Уладзімір Мулявін — у архівах рэдакцыі захаваўся яго “пленерны” фотаздымак каля здраўнёўскай сажалкі, які зрабіў фотакарэспандэнт “К” Генадзь Жынкоў. У наваколлі былі чутны раскацістыя спевы артыстаў Расійскага ансамбля казачай песні... Ды, урэшце, каго там толькі мы не сустракалі на нашых “круглых кастрах”, з кім толькі не размаўлялі. Тут, у Здраўнёве, адбылася ў ліпеньскія дні канца 1990-х знамянальная сустрэча міністраў культуры трох славянскіх дзяржаў — Беларусі, Расіі і Украіны. Памятаю, як у адной з альтанак на алеі, якая была пасаджана пры Рэпіне, на тэрыторыі яшчэ не адроджанага Дома-музея мне давялося браць у тых высокіх гасцей інтэрв’ю, зноў жа з мэтай прыцягнуць увагу да спадчыны мастака, які меў непасрэднае дачыненне праз свой жыццёвы і творчы лёс да ўсіх трох названых вышэй краін. Заўважу: амаль дзесяць плённых гадоў Рэпін аддаў Беларусі.

Калі мне было даручана працаваць над фотаальбомам, прысвечаным пятнаццацігадоваму юбілею “Славянскага базару ў Віцебску” па заказе Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, у тэкставым матэрыяле я распавяла пра тое, як усё ж Здраўнёва паўстала з попелу. Дзякуючы акрэдытаваным на форуме журналістам, з падачы “культураўцаў”, быў ініцыяваны зварот знакамітых дзеячаў культуры і мастацтва, якія прыехалі на фестываль у Віцебск, да Прэзідэнтаў трох дзяржаў з просьбай дапамагчы адраджэнню Музею-сядзібе Іллі Рэпіна ў Здраўнёве. Прынамсі свае подпісы тады паставілі такія сусветна вядомыя зоркі, як Людміла Зыкіна, Уладзімір Мулявін, Іосіф Кабзон, знакамітыя кінематаграфісты, кампазітары, мастакі, пісьменнікі, журналісты  — здаецца, аўтографаў было за сотню.

...І вось у рэдакцыю зноў прыйшоў ліст са Здраўнёва ад загадчыка Дома-музея Аляксея Сухарукава: “Сядзіба пачала ажываць...” Ішоў 1999-ты год. На першай паласе “Культуры” з’явіўся фотаздымак Гены Жынкова, які зафіксаваў, як клалі першы новы вянец на падмурак сядзібы.

...Міленіум. 2000 год. Ліпень. У першы фестывальны дзень Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ўрачыста адкрыў адроджаны літаральна з попелу казачны Музей-сядзібу ў Здраўнёве, на ўзнаўленне якога наша дзяржава выдаткавала грошы. Помнік ужо дваццаць гадоў жыве і дыхае мастацкімі пленерамі, шматлікімі экскурсіямі, канцэртамі, сустрэчамі. А мы ганарымся тым, што колішняя пяцігадовая акцыя “Культуры” была недарэмнай. Пра гэта нагадвае таксама “Залатое пяро”, уручанае аўтару гэтых радкоў на “Славянскім базары ў Віцебску”, якое сёння знаходзіцца ў часовай экспазіцыі Музея беларускай дзяржаўнасці.